Бацькі адстойваюць правы дзяцей на інтэграванае навучанне

- 13:04Спецыяльная адукацыя
Больш як 68 працэнтаў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў нашай краіне вучацца ва ўмовах інтэграцыі. У масавых школах адкрываюцца спецыяльныя класы і класы інтэграванага навучання і выхавання, ствараюцца ўмовы для сумеснага навучання розных катэгорый дзяцей. У сярэдняй школе № 91 Мінска імя Хасэ Марці класы інтэграванага навучання з’явіліся адзінаццаць гадоў назад. Падрабязней аб вопыце работы ўстановы ў кірунку інтэграцыі і аб праблемах, з якімі даводзіцца сустракацца на гэтым шляху, расказала дырэктар Таццяна Іванаўна Мадудзіна і педагогі школы.

 

 “Усе запыты мы задаволіць не можам”

“Спецыяльныя класы для дзяцей з парушэннем слыху ў нашай школе былі адкрыты яшчэ ў 1980 годзе, — узгадвае Таццяна Іванаўна. — У 2002 годзе з’явіліся класы інтэграванага навучання, у якіх пачалі займацца навучэнцы з парушэннем маўлення, з інтэлектуальнай недастатковасцю і з цяжкасцямі ў навучанні. У той час гэта была адзіная ў краіне школа інтэграванага навучання і выхавання, у якой за 33 гады функцыянавання спецыяльных класаў паступова склалася пэўная сістэма работы з навучэнцамі з АПФР.
Вельмі многія бацькі жадаюць уладкаваць сваіх асаблівых дзяцей да нас, яны актыўна адстойваюць сваё права вучыць іх разам са звычайнымі школьнікамі. Для іх важна, што ў масавай школе іх дзіця будзе мець неабходнае асяроддзе для зносін з аднагодкамі, што на занятках у інтэграваным класе яно атрымае больш ведаў, што ў яго будзе больш магчымасцей для самарэалізацыі, чым у спецыяльнай школе. Накіроўваюць у нашу школу спецыялісты ЦКРНіР. Але, на жаль, сёння ўсе запыты мы задаволіць не можам. У школе на цяперашні момант займаецца 45 працэнтаў навучэнцаў з асаблівасцямі ў развіцці. Да нас прывозяць дзяцей з розных раёнаў Мінска і нават з Мінскай вобласці.
Зараз, з улікам набору першых класаў, агульная колькасць навучэнцаў школы — 321, з іх з парушэннем слыху — 116, з іншымі асаблівасцямі — 16, і 30 навучэнцаў — выхаванцы сталічнага дзіцячага дома № 4. Для дзяцей з парушэннем слыху ва ўстанове створана 14 спецыяльных класаў, а таксама 4 класы інтэграванага навучання для вучняў з іншымі асаблівасцямі. Дарэчы, сёлета ў школу ў 3 клас прыйшоў вучыцца хлопчык з аўтызмам. Гэта будзе наш першы вопыт навучання дзіцяці з такім дыягназам. Пакуль педагогі займаюцца з ім дома, бо ў класе побач з іншымі дзецьмі яму яшчэ цяжка знаходзіцца. Але мы плануем далучыць яго да актыўнага школьнага жыцця. Разам з мамай ён пачаў навед­ваць заняткі настаўніка-дэфектолага. Плануем запрасіць яго на некаторыя ўрокі ў клас, напрыклад, на ўрокі фізкультуры, працоўнага навучання, на гадзіны здароўя і спорту”.

Інтэграцыя павінна быць поўнай

Інтэграваныя класы бываюць поўнай і няпоўнай напаўняльнасці. Калі ў класе займаюцца тры і больш навучэнцаў з АПФР, то інтэграцыю прынята лічыць поўнай. Калі ж асаблівых вучняў адзін-два ў класе, то інтэграцыя — няпоўная. Для таго каб педагог мог паўнацэнна займацца з асаблівым вучнем па праграме, якая яму рэкамендавана, пажадана ствараць класы поўнай інтэграцыі. У такіх класах настаўнік-дэфектолаг можа право­дзіць больш індывідуальных карэкцыйных заняткаў з дзецьмі і такім чынам рэалізоўваць усю вучэбную праграму. Пры поўнай інтэграцыі асаблівыя дзеці ўсе асноўныя прадметы вывучаюць не на ўроках з усім класам, а асобна з настаўнікам-дэфектолагам.
“У 91-й школе працуюць два класы поўнай інтэграцыі і два класы няпоўнай інтэграцыі, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Наталля Міхайлаўна Каралевіч. — Калі няма магчымасці наб­раць клас поўнай інтэграцыі, мы шукаем магчымасць, каб належным чынам арганізаваць навучанне дзяцей з АПФР. Вопыт паказвае, што асабліва складана пры няпоўнай інтэграцыі дзецям з інтэлектуальнай недастатковасцю, таму што гадзін для карэкцыйных заняткаў настаўніка-дэфектолага з вучнямі ў такіх класах выдзяляецца няшмат. На ўроках яны знаходзяцца разам з усімі дзецьмі, здараецца, парушаюць дысцыпліну, не слухаюць настаўніка. Адзін са шляхоў вырашэння праблемы — аб’ядноўваць асаблівых дзяцей з розных класаў у групы для правя­дзення сумесных заняткаў і такім чынам павялічваць коль­касць гадзін для работы з імі. Напрыклад, мы стварылі вучэбна-вытворчую групу з вучнямі розных класаў для заняткаў працоўным навучаннем. Спрабуем аб’ядноўваць дзяцей з розных класаў і па астатніх прадметах. Зразумела, што кожны вучань у групе займаецца па сваёй праграме”.
Педагогі адзначаюць, што ў асаблівых дзяцей моц­на развіта матывацыя да дзейнасці, яны імкнуцца прымаць удзел у спаборніцтвах, школьных святах, у алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях. Педагогі падтрымліваюць усе іх памкненні і не зніжаюць пры гэтым планку патрабаванняў. Наадварот, іх, як і звычайных дзяцей, далучаюць да ўсіх школьных мерапрыемстваў, ствараюць умовы для заняткаў у танцавальным, харавым, спартыўным і іншых гуртках. Школьнікі, якія слаба чуюць, разам са звычайнымі дзецьмі ўваходзяць у склад танцавальных калектываў, спартыўных каманд (баскетбольнай, футбольнай, па карф­боле). І гэтыя каманды выйграюць спаборніцтвы ў каманд з іншых школ, у складзе якіх звычайныя вучні.
У гэтым навучальным годзе на базе ўстановы пачаў працаваць філіял школы мастацтваў. Цяпер усе школьнікі пасля ўрокаў змогуць вывучаць музычную грамату, ладзіць тэатральныя паказы, займацца лепкай, маляваннем, наведваць заняткі па харэаграфіі. А на днях пры падтрымцы спонсараў на тэрыторыі школы была ўрачыста адкрыта сучасная спартыўная пляцоўка, якая, зразумела, ніколі не будзе пуставаць.

Новы кірунак — работа з дзецьмі з кахлеарнымі імплантамі

“Найбольш складана інтэгруюцца ў асяроддзе масавай школы дзеці з парушэннем слыху, таму ім пажадана вучыцца ў спецыяльных класах, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ў спецыяльных класах Галіна Аляксандраўна Лушчанкова. — Вельмі важна пры навучанні дзіцяці з парушэннем слыху ў першыя школьныя гады закласці асно­ву для паспяховага навучання ў будучым. Нашы педагогі-пачаткоўцы, якія працуюць у спецкласах, старанна рыхтуюць дзяцей, каб яны змаглі без цяжкасцей асвойваць вучэбны матэрыял у 5 класе, каб маглі па губах успры­маць гаворку і добра чытаць”.
Педагогі, якія працуюць у спецкласах, разам з сурдапедагогамі распрацоўваюць рабочыя планы, у якіх інтэгруецца вучэбны матэрыял агульнаадукацыйных і карэкцыйных праграм так, каб на ўроку вучні з розным узроў­нем маўленчага і слыхавога развіцця вывучалі блізкую па змесце тэму, але на тым узроўні, які даступны для кожнага з іх. Да таго ж сурдапедагогі праводзяць індывідуальныя заняткі з вучнямі па развіцці вымаўленчых навыкаў, слыхавога ўспрымання, па развіцці слыха-маўленчай памяці, фразавага і звязнага маўлення, па фарміраванні лексіка-граматычнага ладу, камунікатыўных паводзін. Настаўнікі-дэфектолагі (сурдапедагогі) у асноўным самастойна распрацоўваюць матэрыялы для карэкцыйных заняткаў. Але яны выказваюць пажаданне аб выданні карэкцыйных праграм для дзяцей з парушэннем слыху (1 аддзяленне) па развіцці вуснага маўлення і слыхавога ўспрымання, а таксама адпаведных метадычных распрацовак.
Сёлета ў спецыяльныя класы школы было набрана 14 першакласнікаў, пяцёра з іх прыйшлі пасля аперацыі па кахлеарнай імплантацыі (КІ). Усяго ў школе вучыцца 15 дзяцей з КІ, прычым найбольшая колькасць такіх вучняў паступіла ў апошнія гады. Работа з імі — новы кірунак для педагогаў. Гэтыя дзеці атрымалі магчымасць чуць, але ж трэба разабрацца, што яны чуюц­ь? Як яны разумеюць пачутае? Ці праводзілася з імі пасля аперацыі належная медыцын­ская і педагагічная рэабілітацыя? Ёсць станоўчыя прыклады, калі дзіцяці з парушэннем слыху робяць імплантацыю ў раннім узросце (напрыклад, у год) і да школы яго паспяхова рэабілі­туюць пры ўдзеле самых розных спецыялістаў (сурдапедагога, аўдыёлага, лагапедаў і г.д.). У школе гэтыя дзеці ўжо нічым не адрозніваюцца ад звычайных. Але, на жаль, такая рэабілітацыя дзяцей з КІ не заўсёды праводзіцца своечасова і ў поўным аб’ёме.
Што тычыцца фарміравання ў навучэнцаў з КІ маўлення, то ў цэлым гэты працэс падобны да фарміравання маўлення ў навучэнцаў, якія слаба чуюць і эфектыўна выкарыстоўваюць слыхавыя апараты, а таксама на фарміраванне маўлення ў дзяцей, якія нармальна чуюць.

Праблемы медыцынскія, педагагічныя і сацыяльныя

Самая галоўная праблема, якая ўзнікае ў школах пры арганізацыі работы ва ўмовах інтэграцыі, — кадравая.  У 91-й школе пра­цуюць 70 педагогаў, з іх дэфекталагічную адукацыю маюць 30 чалавек. Штогод на базе ўстановы праходзяць практыку студэнты 5 курса — будучыя сурдапедагогі, якія пасля ўладкоўваюцца на работу ў школу. Ва ўстанове працуе вучэбна-метадычнае аб’яднанне “Дэфектолаг”, у якое ўваходзіць 6 настаўнікаў пачатковых класаў і 4 настаўнікі-дэфектолагі (сурдапедагогі). У школе арганізоўваецца ўзаеманаведванне ўрокаў сярод настаўнікаў пачатковых класаў і настаўнікаў-дэфектолагаў, праводзяцца адкрытыя ўрокі. Настаўнікі-дэфектолагі павышаюць сваю кваліфікацыю ў сценах БДПУ імя Максіма Танка, а таксама прымаюць удзел у мера­прыемствах, якія праводзяцца на базе РНПЦ оталарынгалогіі, Рэспубліканскага цэнтра рэабілітацыі дзяцей дашкольнага ўзросту з парушэннем слыху. Ёсць і пэўныя вынікі такой зацікаўленай работы: настаўніца пачатковых класаў установы Л.П.Бардзіян разам з выкладчыкам кафедры сурдапедагогікі БДПУ імя Максіма Танка Л.У.Міхайлоўскай склалі “Буквар” для дзяцей з парушэннем слыху, па якім дзеці і займаюцца.
Педагогі школы спрабуюць свае сілы ў гарадскім конкурсе “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” (у намінацыі “Педагог спецыяльнай адукацыі”). У 2013 годзе настаўніца пачатковых класаў А.В.Касцюкевіч выйшла ў фінал конкурсу. Настаўнікі ўстановы распрацоўваюць праекты па тэмах спецыяльнай адукацыі. Адна з папулярных тэм праектаў — выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій пры правядзенні карэкцыйнай работы з навучэнцамі.
“Побач з дасягненнямі ў нас існуюць і праблемы , — адзначыла намеснік дырэктара школы Наталля Міхайлаўна Каралевіч. — Больш за ўсё непакоіць, што настаўнікі-прадметнікі не заўсёды гатовы ў належнай ступені да работы ў інтэграваных класах. Ім іншы раз неабходна больш грунтоўная інфармацыя аб дзецях з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, ім важна ведаць, як з імі весці дыялог, як вучыць таму ці іншаму прадмету, як правільна рэагаваць, калі дзіця пачынае паводзіць сябе на ўроку неадэкватна. Гэта тычыцца ў першую чаргу настаўнікаў, якія ўпершыню сутыкаюцца з дзецьмі з АПФР. Пры ўзнікненні няштатнай сітуацыі з асаблівымі дзецьмі педагогі-навічкі губляюцца, не ведаюць, што рабіць. Зразумела, ім неабходна павышаць кваліфікацыю па гэтых пытаннях. Трое нашых настаўнікаў-прадметнікаў, якія выкладаюць у старшых класах, самастойна па ўласнай ініцыятыве прайшлі курсы перападрыхтоўкі, пазнаёміліся са спецыфікай работы з дзецьмі з парушэннем слыху. Ёсць у нас і прыклады, калі настаўнікі-сурдапедагогі атрымлівалі дадаткова адукацыю па прадметах”.
Калі гаворка ідзе аб дзецях з АПФР, вельмі важна цеснае супрацоўніцтва медыкаў, педагогаў і сацыяльных работнікаў. У школах, дзе ёсць інтэграваныя класы, медыцынскі работнік павінен праца­ваць на поўную стаўку. Спецыялістам гэтых ведамстваў неабходна разам прымаць удзел у курсах павышэння кваліфікацыі, абменьвацца вопытам падчас круглых сталоў, семінараў і канферэнцый.

Знайсці сваё месца ў жыцці

Першы выпуск навучэнцаў спе­цыяльных класаў у 91-й школе адбыўся ў 1990 годзе. Увогуле за ўсе гады функцыянавання спецыяльных класаў агульную сярэднюю адукацыю атрымалі 238 навучэнцаў з парушэннем слыху, з іх двое закончылі школу з залатым медалём, чатыры — з сярэбраным. У 2009 го­дзе адбыўся першы выпуск навучэнцаў, якія займаюцца ў класах інтэграванага навучання і выхавання па праграме для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні і праграме дапаможнай школы (1 аддзяленне). Як правіла, усе выпускнікі школы з АПФР вызначаюцца з далейшым жыццёвым маршрутам. Дзеці з інтэлектуальнымі недахопамі асвойваюць будаўнічыя прафесіі (муляра, тынкоўшчыка або работніка зелянбуда). Дзеці з маўленчымі праблемамі часцей за ўсё “выходзяць на норму” і пасля заканчэння школы паступаюць, як і звычайныя выпускнікі. Дзеці з парушэннем слыху ідуць вучыцца ў Мінскі дзяржаўны прафесійны каледж электронікі, у кулінарны і медыцынскі каледжы, у Мін­скі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 2 лёгкай прамысловасці (пераважна дзяўчаты) на спецыяльнасць “Швачка”, а таксама ўладкоўваюцца на работу на прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Віток”.
Выпускнікі 91-й школы не толькі заканчваюць прэстыжныя ВНУ, але і вучацца ў аспірантуры, працуюць юрыстамі, бухгалтарамі. Ёсць сярод выпускнікоў і свае зорачкі. Сярэбраная медалістка Марына Фурс закончыла біялагічны факультэт БДУ. Вера Захар’ёнак, напрыклад, атрымала дыплом ІІІ ступені на гарадской алімпіядзе па рускай мове, прымала ўдзел у рэспубліканскай алімпіядзе. У мінулым го­дзе яна паступіла ў лінгвістычны ўніверсітэт.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.