Бацькоўскія прэтэнзіі і настаўніцкі інтэрактыў

- 11:55Школа - для бацькоў

Я была прыемна азадачана, калі педагог-псіхолаг прапанавала мне прыняць удзел у вучэбным дзіцяча-бацькоўскім квесце “Адпачываем разам. Як арганізаваць вольны час дзіцяці на канікулах”. Пытанне аказалася не такім простым, як здавалася спачатку: работа з групамі зменнага складу, строгае абмежаванне ў часе, захаванне лёгкай і нязмушанай атмасферы. А ўсяго гэтага творчы працэс не прымае! Я прапанавала ўвазе настаўнікаў інтэрактыўны творчы майстар-клас. Асабліва здзівіла, што на занятках прысутнічала 60% татаў. Выніковасць работы вымярала колькасцю здзіўленых і збянтэжаных бацькоўскіх вачэй, а таксама фатаграфаваннем ідэй і творчых праектаў, якія спадабаліся.

Прадстаўляю вытрымкі з дзённікаў і кароткія водгукі па выніках вучэбных заняткаў для бацькоў навучэнцаў сярэдняй школы № 2 Новалукомля.

Наталля Алегаўна ТАЎПІНЕЦ, класны кіраўнік:

— На мой погляд, самае цяжкае ў рабоце з бацькамі — гэта арганізаваць навучанне такім чынам, каб актуальная праблема, якая разглядаецца, стала асобаснай задачай для кожнага з бацькоў. Матываваць мам і татаў да дзейнасці можна толькі праз інтэрактыўныя прыёмы і метады, якімі валодаеш сам. Велізарную дапамогу ў гэтым аказвае навучанне педагогаў. Метадычныя распрацоўкі, што прадастаўляюцца класнаму кіраўніку, настаўніку-прадметніку, уяляюць сабой прадуманы лагічны працэс і атрыманне -канкрэтнага чаканага выніку. Да таго ж ёсць магчымасць укараняць свае прыёмы, свой матэрыял, вар’іраваць яго ў залежнасці ад узросту навучэнцаў.

Аксана Мікалаеўна ВАСІЛЕЎСКАЯ, кіраўнік групы “Дзеці і здароўе”:

— Здзівіла, што многія бацькі, якія прывыклі быць патэнцыяльнымі слухачамі, лёгка станавіліся добрымі суразмоўцамі. Работа ў групах была жывой, ніхто не навязваў сваё меркаванне іншаму, стараліся пачуць усіх.

Падрыхтаваць практыкум “Што мы чакаем ад сваіх дзяцей” і правесці навучанне бацькоў складаней, чым падаць матэрыял лекцыйна. Але ёсць многа станоўчых момантаў: фарміруецца давер бацькоў да настаўніка, а ён, у сваю чаргу, лепш разумее праблемы бацькоў; ёсць магчымасць убачыць праблемы з розных пунктаў гледжання, а інтэрактыў заўсёды збліжае і робіць зносіны насычанымі і прадукцыйнымі.

Вольга Міхайлаўна ШМАЎГАНЕЦ, класны кіраўнік 7 класа:

— На вучэбных занятках “Першыя крокі на шляху самавызначэння” ў 7 класе бацькі актыўна працавалі ў групах: разглядалі прапанаваныя сітуацыі, давалі сваю ацэнку, шукалі памылкі, абмяркоўвалі магчымыя шляхі прадухілення непажаданых вынікаў. Здзівіла, што некаторыя бацькі прапанавалі для абмеркавання сітуацыі са свайго жыцця. Заняткі прайшлі на ўздыме, ніхто не сумаваў. Адзіная праблема — на заняткі звычайна прыходзяць маці. Хацелася б часцей бачыць татаў.

Вольга Пятроўна КОЦІКАВА, кіраўнік групы “Дзеці і сям’я”:

— На вучэбных занятках-практыкуме “Бацькоўскія прэтэнзіі” ў 9 класе прапанавала бацькам “змяніць рамку без змены зместу” і паспрабаваць паглядзець на сваё дзіця з другога боку, знайсці 10 станоўчых момантаў у сваім дзіцяці, за якія яго можна было б пахваліць. Бацькі з цікавасцю ўзяліся за выкананне задання, але многія знайшлі толькі 3—4 якасці для пахвалы. Самі былі разгублены: “Якое яно — маё дзіця?” Ёсць над чым задумацца і над чым працаваць.

Алена Пятроўна ГАРБАЧЭЎСКАЯ, класны кіраўнік 10 класа:

— У якасці класнага кіраўніка 10 класа працую першы год. Бацькоў ведаю мала, шмат пытанняў. Да вучэбных заняткаў “Развіццё стрэсаўстойлівасці ў дзяцей” рыхтавалася доўгі час, прадумала ўсё да дробязей, але ўсё роўна перад пачаткам заняткаў адчувала хваляванне. Заняткі праляцелі як адно імгненне (так мне здалося). Мамы і таты — малайцы, падтрымалі мяне, актыўна ўключыліся ў работу. Было відаць, што праблема для іх цікавая і актуальная. Задавалі многа пытанняў. Лепшы вынік — словы ўдзячнасці ад бацькоў маіх вучняў пасля заняткаў.

Марына ДЗІРКО,
каардынатар інавацыйнага праекта, настаўніца выяўленчага мастацтва,
намеснік дырэктара сярэдняй школы № 2 Новалукомля.