Выклікі часу і новая роля бацькоў

- 11:50Школа - для бацькоў

Што азначаюць выклікі часу і як мы на іх павінны адказваць? Ці можна сёння адукацыі заставацца ранейшай? Канечне, не. Адукацыя — асаблівы сацыяльны інстытут, які павінен дзейнічаць ва ўмовах сучаснасці, улічваць мінулае і фарміраваць будучыню. Педагогам неабходна адказваць на выклікі часу ў штодзённай практыцы жыцця і работы разам з бацькамі як самымі зацікаўленымі людзьмі і першымі заказчыкамі сучаснай, паспяховай адукацыі. Бацькі — галоўныя людзі ў жыцці дзіцяці. Усе перадавыя псіхалагічныя даследаванні гавораць пра важнасць гарманічнай сям’і і важнасць дзіцячага выхавання ў паўнацэннай сям’і, якое немагчыма замяніць нічым. Сям’я і школа — два выхаваўчыя феномены, кожны з якіх па-свойму дае дзіцяці сацыяльны вопыт, але толькі ў спалучэнні яны ствараюць аптымальныя ўмовы для паспяховага ўваходжання маленькага чалавека ў вялікі свет.

Важнасць сямейнага выхавання неаспрэчная. Бацькі з’яўляюцца творцамі асобы дзіцяці.

Усю першасную інфармацыю пра навакольны свет дзіця пазнае ў сям’і. Роля бацькоў у развіцці задаткаў і здольнасцей, у інтэлектуальным і маральным развіцці дзіцяці выключная. А адносіны паміж бацькамі і дзецьмі — вырашальны момант сацыялізацыі.

Сям’і належыць асноўная роля ў фарміраванні маральных каштоўнасцей і жыццёвых прынцыпаў дзіцяці. Развіццё інтэлекту і творчых здольнасцей, першаснага вопыту працоўнай дзейнасці, мастацкае і эстэтычнае развіццё, эмацыянальная культура і фізічнае здароўе дзяцей, іх шчасце — усё гэта залежыць ад сям’і, ад бацькоў, усё гэта складае задачы сямейнага выхавання. Сям’я рыхтуе дзіця да жыцця, з’яўляецца яго першай і самай глыбокай крыніцай сацыяльных ідэалаў, закладвае асновы грамадзянскіх паводзін. Сям’я адыгрывае першарадную ролю ў фарміраванні ў дзіцяці ведаў і ўяўленняў пра навакольны свет, у фарміраванні вучэбных і сацыяльных уменняў, у фізічным выхаванні, спрыяе ўсебаковаму развіццю дзіцяці.

Выхаваць сапраўднага чалавека — няпростая справа. Яна вымагае і часу, і сіл, і ведаў, і пэўных навыкаў, і высокай патрабавальнасці бацькі і маці да сябе. Сям’я — гэта школа адносін з людзьмі. Нават самая добрая дашкольная ўстанова (а потым і школа) не можа даць дзіцяці тую гаму пачуццяў і шырокае кола паняццяў пра жыццё, якое дае сям’я. Менавіта ў ёй складваюцца ўяўленні дзіцяці пра дабро і зло, пра прыстойнасць, пра паважлівыя адносіны да матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. З блізкімі людзьмі ў сям’і яно перажывае пачуцці любові, сяброўства, абавязку, адказнасці, справядлівасці. Адносіны бацькоў паміж сабой, іх адносіны да дзяцей, унутрысямейная атмасфера — усё гэта ўжо само па сабе выхоўвае асобу. Дзеці пераносяць стыль сямейных адносін у сферу зносін з сябрамі, у школу, у двор, а потым, пасталеўшы, і ў працоўныя калектывы.

На думку В.І.Андрэева, сярод розных варыянтаў міжасобасных узаемаадносін паміж бацькамі і дзецьмі можна вылучыць сем стыляў: сутворчасць, супрацоўніцтва, парытэтныя, канкурэнтныя, незалежныя, канфліктныя, аўтарытарныя. Найбольш удалы варыянт адносін бацькоў з дзецьмі, калі яны адчуваюць устойлівую патрэбу ва ўзаемных зносінах, праяўляюць адкрытасць, давер адно да аднаго, роўнасць ва ўзаемаадносінах, калі бацькі ўмеюць зразумець свет дзіцяці, яго ўзроставыя патрэбы. Менш загадаў, каманд, пагроз, чытання маралі, а больш умення слухаць адно аднаго, імкненне да пошуку сумесных рашэнняў — вось залог эфектыўнага сямейнага выхавання.

Вызначальная роля сям’і абумоўлена яе глыбокім уплывам на ўвесь комплекс фізічнага і духоўнага жыцця чалавека, які ў ёй расце. Да таго ж сям’я для дзіцяці з’яўляецца адначасова і асяроддзем жыхарства, і выхаваўчым асяроддзем. Зыходзячы з гэтага можна меркаваць, што сям’я і дзіця — люстраны адбітак адно аднаго. У выніку менавіта ў сям’і фарміруюцца тыя якасці, якія больш нідзе не могуць быць сфарміраваны. Акрамя таго, сям’я ажыццяўляе сацыялізацыю (прыстасаванне да навакольнай суполкі людзей — соцыуму) асобы. Адсюль вынікае, што вельмі важнай сацыяльнай функцыяй сям’і з’яўляецца выхаванне грамадзяніна, патрыёта, будучага сем’яніна, законапаслухмянага члена грамадства. Ад умоў выхавання ў сям’і залежаць адэкватныя і неадэкватныя паводзіны дзіцяці. Ад таго, як будуюцца адносіны ў сям’і, якія каштоўнасці, інтарэсы выстаўляюцца ў яе старэйшых прадстаўнікоў на першы план, залежыць, якімі вырастуць дзеці. Сямейнаму выхаванню ўласцівы свае метады, а дакладней, прыярытэтнае выкарыстанне некаторых з іх. Гэта асабісты прыклад, абмеркаванне, давер, паказ, любоў, суперажыванне, узвышэнне асобы, кантроль, гумар, даручэнне, традыцыі, пахвала, спагада і г.д.

Кожны з бацькоў хоча даць свайму дзіцяці самае лепшае. Хтосьці наймае для яго супертрэнера па фехтаванні, хтосьці адпраўляе вучыцца ў лепшыя школы свету. Аднак не ўсе сем’і ў поўнай меры рэалізоўваюць сваю бацькоўскую місію. Прычыны розныя: адны не хочуць выхоўваць дзіця, другія не ўмеюць, у трэцяй сям’і не разумеюць, навошта гэта трэба. Некаторыя бацькі, не валодаючы ў дастатковай ступені веданнем узроставых і індывідуальных асаблівасцей развіцця дзіцяці, часам выхоўваюць усляпую, інтуітыўна ці пускаюць усё самацёкам. І гэта, безумоўна, не дае пазітыўных вынікаў.

Педагогі ўстаноў адукацыі, якія працягваюць інавацыйную дзейнасць па павышэнні ўзроўню псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў, вучэбныя заняткі па запытах бацькоў пачынаюць з кароткай 7-хвіліннай міні-лекцыі пра асаблівасці развіцця навучэнцаў гэтага ўзросту, звязаныя з тэмай заняткаў (асаблівасці памяці ці мыслення, інтарэсаў ці пераваг і г.д.). Трэнінг ці дыскусія, практыкум ці гульня будуюцца з апорай на гэтыя веды, на асэнсаванне бацькамі канкрэтных праблемных сітуацый і калектыўны пошук аптымальных рашэнняў. Актыўнасць бацькоў у гэтых установах адукацыі і ў фармуляванні запытаў, і ў абмеркаванні асобных сітуацый сямейнага выхавання значна ўзрасла. Некаторыя бацькі прапануюць свае паслугі па арганізацыі і правядзенні вучэбных заняткаў з татамі і мамамі, а ў некаторых выпадках — з бацькамі і з дзецьмі разам (у гімназіі Стоўбцаў, сярэдняй школе № 1 Салігорска і інш.).

У сярэдняй школе № 2 Новалукомля пасля заняткаў для бацькоў “Як развіваць творчыя здольнасці дзяцей у сям’і” і прагляду выставы дзіцяча-бацькоўскіх работ “Творчасць з вядра для смецця” з’явілася новая форма такіх заняткаў — адна сям’я вучыць іншую сям’ю майстэрству вырабу карысных рэчаў з непрыдатных матэрыялаў. Пры гэтым узрастае матывацыя бацькоў да асваення сакрэтаў паспяховага выхавання дзяцей у сям’і па розных кірунках. Аднак не ўсе магчымасці вычарпаны для мэтанакіраванага вывучэння сваіх дзяцей. Бацькам прапануюцца спецыяльныя праграмы педагагічных назіранняў за дзецьмі, арганізоўваюцца абмеркаванні атрыманых вынікаў, індывідуальныя ці ў групе бацькоў. Педагогі знаходзяцца ў пошуку новых магчымасцей актывізаваць навучанне бацькоў, з улікам іх запытаў і жаданняў навучыцца самім вырашаць свае сямейныя праблемы.

Чаму могуць навучыць сваіх дзяцей толькі бацькі? Быць самастойнымі, адказнымі, паважаць іншых, умець любіць і клапаціцца, дапамагаць і дараваць, кіраваць сваімі эмоцыямі і ствараць, мець сваё меркаванне і ўмець абараняць яго, рабіць выбар, знаходзіць патрэбную інфармацыю і правільна яе выкарыстоўваць, да ўсяго ставіцца творча, клапаціцца пра здароўе, перажываць няўдачы і спакойна ўспрымаць памылкі, любіць чытаць. Канечне, усё гэта складана. Але не варта чакаць, што хтосьці выхавае ваша дзіця. Не варта чакаць, што яно само навучыцца правільна жыць. Усё самае важнае дзіця павінна даведацца ад сваіх бацькоў, і тады яго будучыня будзе шчаслівай і напоўненай поспехамі. Менавіта ў гэтым галоўная місія мам і татаў нашага часу! А школа, грунтуючыся на выніках сямейнага выхавання, працягне гэтую работу на больш высокім -узроўні, канечне ж, разам з бацькамі.

Выхаванне і адукацыя дзяцей — гэта надзвычай складаны працэс, таму што трэба ўвесь час выхоўваць не столькі дзяцей, колькі сябе, каб быць прыкладам для сыноў і дачок. Трэба бачыць патрэбы чалавека, яго асаблівасці, асноўвацца на лепшым; вывучаць дзіця, разумець і прымаць, бачыць яго магчымасці, дапамагаць яму сталець, развівацца, станавіцца лепшым, дапамагаць знайсці сябе, ажыццяўляць мары. Каб развіццё дзіцяці было гарманічным, каб з яго вырас шчаслівы, упэўнены ў сабе чалавек, павінна быць выканана адна ўмова — Гэта безумоўная разумная любоў бацькоў да яго, таму што дзіця мае патрэбу ў любові, як расліна ў пастаянным паліве. Акрамя таго, кожнаму з бацькоў неабходна самому вучыцца, у тым ліку вучыцца выхоўваць сваіх дзяцей адпаведна іх прыродным асаблівасцям і асобасным перавагам. Сёння ў гэтым дапамагаюць настаўнікі — праз сістэму кансультацый, індывідуальных гутарак, вучэбных заняткаў, арганізаваных па запытах бацькоў. Таксама педагогі дапамагаюць скласці праграмы разнастайных назіранняў за дзіцем. Сярод чаканых вынікаў такой работы — матывацыя бацькоў да бесперапыннай адукацыі і самаадукацыі (псіхалагічная, усвядомленая патрэба ў новых ведах) і практычная гатоўнасць да яе.

Прадукцыйнасць вырашэння праблем, звязаных з навучаннем і адукацыяй дзіцяці, сёння ва ўмовах выклікаў часу і ўсё большых патрабаванняў да чалавека залежыць не толькі ад намаганняў педагогаў, іх майстэрства, але і ад педагагічнай дасведчанасці бацькоў, іх гатоўнасці ствараць спрыяльныя ўмовы для творчага самаўдасканалення дзіцяці. Роля бацькоў у адукацыйным працэсе ўзрастае. Канечне, ім неабходна дапамога ў самаадукацыі, каб яны мелі пастаянны дастатковы ўзровень кампетэнтнасці ў выхаванні і развіцці дзяцей. Гэта можна аднесці да найбольш значных праблем у галіне сучнаснай педагогікі і псіхалогіі, што асабліва важна, калі ў сям’і расце адоранае дзіця, дзіця з іншымі асаблівасцямі, дзіця з праблемамі паводзін, таму што эфектыўнасць рэалізацыі заложанага ў дзіцяці патэнцыялу звязана менавіта з фарміраваннем развіццёвага адукацыйнага асяроддзя, з неабходнасцю пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі.

Спецыфіка самаадукацыі бацькоў заключаецца ў тым, што яе мэтай і адначасова вынікам з’яўляецца не толькі развіццё асобы аднаго з бацькоў, але і набыццё ім патрэбы і магчымасці садзейнічання інтэлектуальнаму асобаснаму развіццю свайго дзіцяці. Умовамі самаадукацыі з’яўляюцца, па-першае, яе сістэматычнасць, па-другое, адбор зместу на аснове аксіялагічнага падыходу, уключэнне ў змест самаадукацыі ведаў і ўменняў, якія забяспечваюць авалоданне навуковай арганізацыяй працы і рацыянальнымі прыёмамі інтэлектуальнай дзейнасці, нацэленасць самаадукацыі бацькоў на асваенне форм развіццёвага ўзаемадзеяння з дзіцем.

Заканамернасці самаадукацыі бацькоў падпарадкоўваюцца агульным заканамернасцям адукацыі дарослых. Пры арганізацыі самаадукацыі бацькоў неабходна адпаведнае суправаджэнне і метадычная дапамога педагогаў. Наладжваючы партнёрскія адносіны з бацькамі, павышаючы іх педагагічную кампетэнтнасць, педагогі выкарыстоўваюць розныя віды работы: індывідуальна-дыферэнцыраваныя кансультацыі, інтэрактыўныя формы правядзення бацькоўскіх сходаў, бацькоўскія чытанні, бацькоўскія трэнінгі, канферэнцыі, дні адкрытых дзвярэй для бацькоў і іншыя.

Такім чынам, праблема самаадукацыі бацькоў з’яўляецца надзвычайна своечасовай. Менавіта актывізацыя такой дзейнасці можа дапамагчы бацькам больш прадукцыйна вырашаць праблемы, звязаныя з выхаваннем і развіццём дзіцяці, а таксама з фарміраваннем і ў яго такіх неабходных у ХХІ стагоддзі самаадукацыйных уменняў, фарміраваннем ключавых кампетэнцый.

Цяпер аказваецца мэтанакіраваная псіхолага-педагагічная дапамога сям’і з боку дзяржавы, аднак настаўнікі сутыкаюцца з такой праблемай, як педагагічная некампетэнтнасць бацькоў. Часта назіраецца абыякавае стаўленне да поспехаў і няўдач дзіцяці, жыцця і традыцый школы.

Неаспрэчная ісціна, што ніхто не ведае дзіця лепш за бацькоў. Але і бацькам часта неабходна дапамога, бо адсутнасць ведаў па псіхалогіі і педагогіцы вядзе да памылак, неразумення, як вынік — да безвыніковасці выхавання. Такім чынам, псіхолага-педагагічная самаадукацыя бацькоў — важны фактар павышэння іх педагагічнай кампетэнцыі.

Зараз у дзяцей канікулы, многія бацькі ў адпачынках. Гэта цудоўная магчымаць карысна правесці час: схадзіць у паход, на рыбалку, папрацаваць разам на дачы, навучыць дзяцей вырошчваць кветкі або агародніну, навучыць даследаваць вадаём; пагуляць у шахматы ці ў футбол, пачытаць і абмеркаваць цікавыя кнігі, напісаць разам вершы ці апавяданні, вечарам паназіраць за зоркамі, нагаварыцца ўволю ля кастра, памаўчаць, памарыць. Усё гэта застанецца для дзіцяці цудоўным успамінам на ўсё жыццё.

Гэта выдатная магчымасць напоўніць кожны момант зносін з дзецьмі сэнсам.

Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ,
кіраўнік праекта, метадыст АПА.