БДСГА: летапіс студатрадаўскага руху

- 11:49Навіны рэгіёнаў

Летапіс студатрадаўскага руху Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках налічвае ўжо больш як 60 гадоў. З ліку студэнтаў найбуйнейшай у Беларусі шматпрофільнай вышэйшай навучальнай установы адукацыі аграпрамысловай накіраванасці штогод фарміруюцца дзясяткі працоўных брыгад — сельскагаспадарчых, будаўнічых, жывёлагадоўчых, сэрвісных, валанцёрскіх, экалагічных.

Па словах метадыста ўпраўлення па выхаваўчай рабоце з моладдзю БДСГА Алены Леанідаўны Белавусавай, гэтая традыцыя бярэ пачатак яшчэ з сярэдзіны пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, калі камсамол стаў накіроўваць студэнтаў акадэміі ў Казахстан на ўборку ўраджаю і правядзенне будаўнічых работ. Паездкі доўжыліся каля двух-трох месяцаў. За гэты час папрацаваць за некалькі тысяч кіламетраў ад роднага дому паспявалі да 500 маладых людзей.

— Варта адзначыць, што яшчэ ў XIX стагоддзі ў часы існавання на месцы сельскагаспадарчай акадэміі Горы-Горацкай земляробчай школы яе навучэнцы добраўпарадкоўвалі тэрыторыю сваёй навучальнай установы: высаджвалі дэкаратыўныя дрэвы і кусты, пракладвалі тратуары, працавалі на будоўлі, дапамагалі ў пасяўных і ўборачных работах, рамантавалі тэхніку, прыводзілі ў парадак інтэрнаты, — расказала Алена Леанідаўна. — У 70—80-х гадах ХХ стагоддзя студатрадаўскі рух атрымаў новы віток: сталі папулярныя атрады бясплатнай працы. Выхаванцы акадэміі працавалі ў асноўным на будоўлях. Заробленыя грошы аддавалі ў школы-інтэрнаты для дзяцей-сірот і дамы састарэлых.

У пачатку 2000-х у акадэміі сталі мэтанакіравана стварацца сельскагаспадарчыя, у тым ліку механізаваныя і жывёлагадоўчыя, атрады, а таксама будаўнічыя, экалагічныя і сэрвісныя працоўныя дэсанты. У абавязковым парадку кожнаму студэнцкаму атраду да сённяшняга часу прысвойваюць імёны знакамітых вучоных, ганаровых выпускнікоў установы адукацыі, Герояў Сацыялістычнай Працы і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны — працаўнікоў акадэміі.

Гэты год таксама не стаў выключэннем: у складзе розных атрадаў свае веды на практыцы прымяняла каля 240 чалавек. Сярод іх студэнты факультэта біятэхналогіі і аквакультуры, механізацыі сельскай гаспадаркі, меліярацыйна-будаўнічага, агранамічнага і аграэкалагічнага факультэтаў. Большасць студэнтаў працавала ў самы няпросты для сельскай гаспадаркі час — перыяд уборачнай кампаніі.

Так, сельскагаспадарчы атрад імя Стралкова агранамічнага факультэта БДСГА ў складзе дзевятнаццаці чалавек працаваў на ўборцы лёну ў ААТ “Горкілён”. Дарэчы, з гэтым адкрытым акцыянерным таварыствам акадэмія супрацоўнічае ўжо каля дзесяці гадоў.

Штогод на прадпрыемства адпраўляецца некалькі студэнцкіх атрадаў. Сёлета з канца ліпеня да канца жніўня сюды было накіравана каля 30 чалавек у складзе двух студэнцкіх атрадаў. Яны працавалі трактарыстамі-машыністамі на абгортвальніках стужак ільну, а таксама ў якасці памочнікаў камбайнераў ільноўборачных камбайнаў.

Многія ведаюць: нават калі не першы раз трапляеш у час уборачнай кампаніі на льняное поле, уражвае прыгажосць і маштабы таго, што адбываецца. Бязмежныя прасторы гэтай расліны, распасцёртыя на некалькі гектараў, спыняе на лініі гарызонту толькі нябесная сінь. Усю гэтую прастору разразаюць чоўнавым ходам дзясяткі льноўборачных камбайнаў, якія рассцілаюць на гарачай зямлі доўгія стужкі вычышчаных ад насення зеленаватых сцяблінак.

Акінуўшы позіркам увесь тэхналагічны працэс, іншы назіральнік, напэўна, скажа: незвычайная прыгажосць. Аднак той, хто ўключаны ў гэтую штодзённую бесперапынную працу, абавязкова дадасць: не толькі прыгажосць, але і цяжкая фізічная праца. Аб тым, як няпроста шчыраваць на ўборцы лёну, не па чутках ведае камандзір студатрада імя Стралкова пяцікурснік агранамічнага факультэта БДСГА Данііл Трошын. Трэці год запар падчас летніх канікул ён працаваў памочнікам механізатара на льнокамбайне.

Дарэчы, праца памочніка нялёгкая, патрабуе сур’ёзных фізічных намаганняў. Нават у спякоту такі работнік цалкам экіпіраваны. У яго арсенале спецвопратка, пальчаткі, галаўны ўбор, спецыяльныя акуляры і рэспіратар, каб абараніць сябе ад пылу, які ляціць з усіх бакоў. Працоўнае месца памочніка механізатара — прычэп ільнокамбайна. Памочнік увесь дзень на нагах і ўвесь час у руху. У абавязкі такога работніка ўваходзіць разраўноўванне льнавораху, які неабходна пастаянна адкідваць віламі ад пярэдняга да задняга борта, каб прычэп напаўняўся раўнамерна. Акрамя таго, памочнік сочыць за работай тэхнікі — дапамагае ў яе ачыстцы і рамонце, сігналам рукі спыняе ход уборачнай машыны, калі нешта пайшло не так.

Калі няма паломак і праца ідзе без істотных збояў, за дзень экіпаж ільноўборачнага камбайна выгружае па 5—6 прычэпаў ільнонасення, што ў сярэднім складае ад двух да трох з паловай тон — у залежнасці ад якасці і ступені спеласці ўраджаю лёну.

— У першыя дні прывыкнуць да такога тэмпу і нагрузак вельмі складана, — дзеліцца ўражаннямі Данііл. — Але потым уцягваешся, і праца ўжо спорыцца. Дні, на здзіў-ленне, праляталі хутка, нават нягледзячы на тое, што часта прыходзілася працаваць з 7.00 да 20.00. Калі табе кажуць, што за сёння неабходна ўбраць поле ў 100 гектараў, адразу з’яўляецца працоўны настрой і жаданне працаваць як мага хутчэй. Паспяваеш усё зрабіць — і ўнутры перапаўняе пачуццё радасці.

Данііл Трошын — адзін з тых, хто хоча звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Ён цалкам падзяляе перакананні свайго напарніка механізатара ААТ “Горкілён” Івана Маскалёва, які лічыць сваю прафесію і прэстыжнай, і прыбытковай. Галоўнае — быць прафесіяналам у сваёй справе, упарта працаваць і беражліва ставіцца да роднай зямлі, упэўнены малады спецыяліст.

Дарэчы, бацькі Данііла з сельскай гаспадаркай не звязаны. Ва ўстанову вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчай накіраванасці малады чалавек пайшоў услед за старэйшым братам, які вучыўся на механізатара ў Луганскім нацыянальным аграрным універсітэце. Данііл таксама паступіў у гэтую ўстанову адукацыі і паспеў адвучыцца там тры з паловай гады. Аднак у сувязі з нестабільнай сітуацыяй на ўсходзе Украіны сям’і Трошыных, у якой выхоўвалася пяцёра дзяцей, прыйшлося змяніць месца жыхарства.

— Мы пераехалі ў Беларусь два з паловай гады назад, — успамінае малады чалавек. — Я адразу вырашыў аднавіць навучанне па спецыяльнасці на агранамічным факультэце ў БДСГА. У дэканаце мяне сустрэлі вельмі добразычліва, засялілі ў інтэрнат. Зараз я вучуся на бюджэце, атрымліваю дзевяцібальную стыпендыю. Праўда, з-за неадпаведнасці вучэбных праграм мяне на курс панізілі пры пераводзе. Але вучыцца мне падабаецца. У Беларусі для студэнтаў створаны ўсе ўмовы, ды і ўзровень адукацыі, на мой погляд, значна вышэйшы. У найбліжэйшай будучыні абавязкова атрымаю практычны вопыт — адпрацую па размеркаванні, а потым, як варыянт, буду разглядаць паступленне ў магістратуру.

У першы ж год навучання ў сельскагаспадарчай акадэміі Данііл даведаўся пра падпрацоўку ў час летніх канікул у складзе студэнцкіх атрадаў і вырашыў паспрабаваць. Менавіта ў Беларусі малады чалавек упершыню прымяніў свае тэарэтычныя веды на практыцы і атрымаў першы вопыт сельскагаспадарчых работ.

— У свой час такую калону трактароў я ніколі не бачыў, — дзеліцца ўражаннямі студэнт акадэміі. — Горацкія палі таксама здзівілі сваімі маштабамі. На Украіне прыватныя гаспадаркі размешчаны далёка ад гарадоў, а палі ў асноўным засеяны сланечнікам. Магчымасці паглядзець, як убіраюць ураджай, у нас не было. А тут я ўпершыню ўбачыў такую колькасць тэхнікі на палях і такі ўзровень арганізацыі працы. Для мяне гэта каласальны вопыт.

Дарэчы, студэнты БДСГА праходзілі летнюю вытворчую практыку не толькі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, але і за яе межамі, у тым ліку за межамі краіны. Так, у гэтым годзе прадстаўнікі меліярацыйна-будаўнічага факультэта сельскагаспадарчай акадэміі працавалі ў Рэспубліцы Комі і ў Ненецкай аўтаномнай акрузе Архангельскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Студэнты былі накіраваны туды па дамове з ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Магілёўвадбуд”. Хлопцы выконвалі земляныя работы, а таксама работы па ўнясенні ўгнаенняў і высаджванні травы.

— Напрыклад, пару гадоў назад атрад, сфарміраваны са студэнтаў гэтага ж факультэта, працаваў у Комі на нафтапромыслах па ачыстцы забруджаных зямель, — адзначыла Алена Леанідаўна Белавусава. — Акрамя таго, хлопцы сеялі траву і займаліся рамонтам гідратэхнічных збудаванняў. Будучыя інжынеры-будаўнікі прывезлі дадому многа станоўчых уражанняў і сур’ёзны практычны вопыт, бо работы па рэкультывацыі забруджаных зямель — складаны тэхналагічны працэс, ад якасці выканання якога залежыць чысціня ўсяго навакольнага асяроддзя.

Падтрымліваюць традыцыю студатрадаўскага руху і студэнты факультэта механізацыі сельскай гаспадаркі. Яны становяцца непасрэднымі ўдзельнікамі ўсяго цыкла сельскагаспадарчых работ — ад сяўбы да ўборкі і закладкі на захоўванне ўраджаю. За перыяд летняй працы кожны ўдзельнік сельскагаспадарчага механізаванага атрада спрабуе свае сілы ў якасці трактарыста-машыніста, камбайнера, слесара па рамонце сельгастэхнікі.

Бачыць усе этапы працы аграпрамысловага комплексу знутры і падмацоўваць свае веды практыкай заўсёды цікава і адказна, упэўнены байцы студэнцкіх атрадаў. Прычым гэта не толькі магчымасць зарабіць, але і цудоўны варыянт зарэкамендаваць сябе як перспектыўнага спецыяліста: нярэдка пасля такога інтэнсіўнага працоўнага знаёмства кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў запрашаюць удзельнікаў студатрадаўскага руху на пастаяннае месца працы.

— Нам працавалася вельмі добра, — успамінае час, праведзены на мехдвары РУП “Вучгас БДСГА”, намеснік камандзіра студэнцкага атрада Аляксей Любезны, — пакуль мы знаходзіліся на стажыроўцы, дапамагалі слесарам, пад кантролем інжынераў рамантавалі і абслугоўвалі сельгастэхніку. Да размеркавання мне засталося паўтара года, таму зараз я не губляю магчымасць намацаць глебу для будучага працаўладкавання і прымяніць свае веды на практыцы. Аднак для мяне праца ў студатрадзе — у першую чаргу праверка сваіх сіл: паглядзець, на што здольны, і ацаніць свой узровень. На сёння я магу самастойна рамантаваць некаторыя віды агрэгатаў — была практыка ў калгасе яшчэ ў школьныя гады. Да тэхнікі мяне цягнула заўсёды — рамантаваў усё: ад веласіпедаў да машын. Таму і з выбарам прафесіі пытанняў не ўзнікла: адчуваю, што гэта маё.

У адміністрацыі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі адзначылі, што вопыт работы ў такіх атрадах становіцца школай жыцця для студэнтаў навучальнай установы — будучых інжынераў, бухгалтараў, эканамістаў, аграномаў, біятэхнолагаў, юрыстаў, кіраўнікоў, бізнесменаў. Пабываўшы хаця б раз у студэнцкім атрадзе, маладыя людзі, па-першае, атрымліваюць уяўленне пра тое, дзе і ў якіх умовах будуць працаваць, а па-другое, пачынаюць разумець: каб дасягнуць у прафесіі значных вышынь, неабходна прыкласці максімум намаганняў і працаваць з поўнай аддачай.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.