Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт увайшоў у 1 працэнт лепшых універсітэтаў рэгіёна краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі, што сталі на шлях развіцця, паведамілі ў ВНУ.
Па выніках апублікаванага 16 кастрычніка 2017 года брытанскім агенцтвам QS рэйтынга, БДУ ўвайшоў у 25 лепшых ВНУ рэгіёна краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі, што сталі на шлях развіцця. Універсітэт падняўся адразу на 18 пазіцый і заняў 21-е месца. З улікам таго, што ўсяго ў гэтым рэгіёне налічваецца больш як 2,9 тысячы ўніверсітэтаў, цяпер БДУ ўваходзіць у 1 працэнт лепшых ВНУ рэгіёна.
Дзейнасць універсітэтаў ацэньвалася па 9 крытэрыях: акадэмічная рэпутацыя, рэпутацыя сярод работадаўцаў, суадносіны колькасці студэнтаў да колькасці супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу, доля супрацоўнікаў з вучонай ступенню, доля запрошаных выкладчыкаў з іншых краін, доля замежных студэнтаў, эфектыўнасць інтэрнэт-рэсурсаў, колькасць апублікаваных артыкулаў, што прыпадаюць на аднаго супрацоўніка, цытаванасць навуковых артыкулаў вучоных ВНУ.
Найбольш высокія пазіцыі ў новым рэйтынгу БДУ займае па такіх крытэрыях, як акадэмічная рэпутацыя, рэпутацыя сярод работадаўцаў і суадносіны колькасці студэнтаў і колькасці супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу. “Гэта сведчыць аб нязменна высокай якасці выкладання ў БДУ, а таксама аб рэпутацыі ўніверсітэта, якая склалася не толькі ў краіне, але і ў свеце, паколькі аснову рэйтынга складае апытанне міжнародных экспертаў”, — адзначылі ў ВНУ.
На верхнім радку рэйтынга размясціўся Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В.Ламаносава. За ім — Новасібірскі дзяржаўны ўніверсітэт, Тартускі ўніверсітэт (Эстонія), Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны ўніверсітэт, Карлаў універсітэт (Чэхія). З беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі ў рэйтынгу прадстаўлены таксама Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, які заняў у гэтым годзе 79-ю пазіцыю, БДУІР (118) і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы (месца ў групе 191—200).
У рэйтынгу ўніверсітэтаў краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі, што сталі на шлях развіцця, удзельнічаюць ВНУ Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Балгарыі, Харватыі, Чэхіі, Эстоніі, Венгрыі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Польшчы, Румыніі, Расіі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Турцыі і Украіны.