Беларусь імкнецца больш якасна ўключыцца ў касмічную дзейнасць

- 10:51Інфармацыйная гадзіна

Правядзенне 31-га Міжнароднага кангрэса Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у Мінску адкрые новыя магчымасці для ўдзелу Беларусі ў міжнародных праектах. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Кілін.

“Спадзяёмся, што ўдзел вялікай колькасці касманаўтаў, прадстаўнікоў еўрапейскіх касмічных агенцтваў і NASA ў кангрэсе дасць магчымасць нам больш якасна ўключыцца ў міжнародную касмічную дзейнасць. У нас ёсць усе падставы для гэтага ў выглядзе навуковых дасягненняў, якія актыўна выкарыстоўваюцца. У беларускіх арганізацый, вядома ж, ёсць жаданне ўдзельнічаць у новых міжнародных касмічных праектах. Яны цяпер рэалізуюцца па некалькіх напрамках. Першы — выкарыстанне касмічных магчымасцей для зямных мэт, інакш кажучы, дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі для сельскай гаспадаркі, кадастраў, прагназавання прыродных катаклізмаў і іншых мэт. Другі — накіраванне ў далёкі космас. Цяпер ёсць два вялікія праекты — вяртанне на Месяц і выкарыстанне яго як стартавай пляцоўкі для асваення далёкага космасу, а таксама палёты на Марс. Трэба вырашыць мноства вельмі складаных тэхнічных праблем, перш за ўсё звязаных з тым, як уздзейнічаюць на чалавека радыяцыя і адсутнасць гравітацыі пры працяглым знаходжанні ў космасе. У нас на кангрэсе будуць прысутнічаць Скот Келі і Міхаіл Карніенка, якія спецыяльна знаходзіліся на арбіце на працягу года, вывучаючы магчымасці чалавечага арганізма”, — сказаў Сяргей Кілін.

У Расіі праводзіцца шэраг эксперыментаў ва ўмовах працяглай ізаляцыі, якая мадэлюе абстаноўку на касмічным караблі. “Беларускаму боку прапанавалі паўдзельнічаць у гэтым праекце, які называецца SIRIUS. Яго рэалізуе інстытут медыка-біялагічных праблем Расійскай акадэміі навук. Гэта сумесны праект з NASA. У ім можна ўдзельнічаць двума спосабамі: першы з іх — распрацоўка і прадстаўленне сваіх навуковых эксперыментаў для рэалізацыі, другі — удзел канкрэтнага чалавека ў праграме, эксперыментах, — адзначыў намеснік старшыні Прэзідыума НАН. — Ёсць таксама шэраг іншых прапаноў з боку “Раскосмасу” па пашырэнні нашай сумеснай дзейнасці”.

Беларусь у мінулым годзе ў Тулузе (Францыя) выступіла з прапановай правесці міжнародны касмічны кангрэс — 2018 у Мінску, і члены выканкама Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў адобрылі гэтую ініцыятыву. “Крытэрыі выбару краіны для правядзення кангрэса даволі адназначныя. Яна павінна быць значнай і прыкметнай у міжнароднай супольнасці па сваёй касмічнай дзейнасці. Павінны быць рэальныя дасягненні ў гэтай сферы і ўдзельнікі касмічных палётаў з гэтай краіны, — сказаў Сяргей Кілін. — Беларусь можна назваць значнай на міжнароднай арэне ў касмічнай сферы ў трох кампанентах. Па-першае, не так шмат краін, якія ўдзельнічалі ў рэалізацыі касмічнай праграмы з самага пачатку. Па-другое, ураджэнцы Беларусі Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак, Алег Навіцкі — гэта касманаўты, вядомыя ва ўсім свеце, людзі, да якіх прыслухоўваюцца; і, па-трэцяе, у нас ёсць касмічныя апараты, касмічная галіна, прадпрыемствы, вучоныя, якія здольны стварыць новую касмічную тэхніку”.

Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў пройдзе ў Мінску 9—15 верасня.