Днямі прадстаўнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны здзейснілі працоўны візіт у Казахстан. Беларускіх спецыялістаў запрасілі ў Вышэйшую школу адукацыі Назарбаеў-Універсітэта ў рамках праграмы “Навучанне айчынных і замежных спецыялістаў па педагагічных спецыяльнасцях на аснове лепшых міжнародных стандартаў у галіне менеджменту і сферы падрыхтоўкі кадраў”.
У ходзе візіту выкладчыкі ГДУ правялі вучэбныя курсы па тэмах “Менеджмент у сферы адукацыі” і “Развіццё школьнага лідарства ў сістэме сярэдняй адукацыі”. Мэтавай аўдыторыяй слухачоў было кіраўніцтва, выкладчыцкі склад і лепшыя студэнты рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі — Казахскага дзяржаўнага жаночага педагагічнага ўніверсітэта (Алматы) і Дзяржаўнага ўніверсітэта імя К.Шакарыма (Семей, былы Сяміпалацінск). Акрамя таго, нашы прадстаўнікі правялі сустрэчы з кіраўніцтвам вышэйзгаданых устаноў, дзе прэзентавалі сістэму адукацыі Беларусі і ГДУ імя Францыска Скарыны, а таксама абмеркавалі пытанні будучага супрацоўніцтва.
Трэнінгавыя курсы для цяперашніх і будучых педагогаў арганізаваны Вышэйшай школай адукацыі Назарбаеў-Універсітэта па заказе Міністэрства адукацыі Казахстана. У праграме трэнінгаў, якія праводзяцца казахскімі і замежнымі экспертамі, — тэмы па інклюзіўнай адукацыі, развіцці метадаў крытычнага мыслення, палімоўным навучанні, менеджменце ў адукацыі і іншых напрамках, важных для будучых педагогаў. У якасці экспертаў, акрамя беларускіх спецыялістаў, выступілі вядучыя вучоныя ў галіне адукацыйнага менеджменту з краін Еўропы, ЗША, Расіі і Казахстана.
Казахстан праводзіць глыбокую мадэрнізацыю сваёй сістэмы адукацыі, накіраваную на павышэнне яе якасці і канкурэнтаздольнасці на ўсіх узроўнях. Плануецца ўвядзенне так званай трымоўнай адукацыі (кожны грамадзянін з дзяцінства вывучае 3 абавязковыя мовы — казахскую, рускую і англійскую), поўны пераход на 12-гадовую абавязковую сярэднюю адукацыю, укараненне еўрапейскіх стандартаў у вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з Балонскай дэкларацыяй.
Уладзіслаў БЕЙЗЕРАЎ,
дэкан факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны.