Беларусь — Куба: у працяг цёплых, сяброўскіх адносін

- 11:07Актуально, Апошнія запісы

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Куба ў Рэспубліцы Беларусь Хуанам Вальдэсам Фігероа. Нованазначаны кіраўнік дыпламатычнай місіі Кубы выказаў жаданне абмеркаваць планы аб супрацоўніцтве і ўручыць кіраўніку галіновага міністэрства нашай краіны запрашэнне ад імя міністра вышэйшай адукацыі Рэспублікі Куба прыняць удзел у Міжнародным кангрэсе, які адбудзецца на пачатку будучага года ў сталіцы Кубы Гаване і дзе збяруцца міністры адукацыі і рэктары УВА з многіх краін свету.

— Я сардэчна вітаю вас у нашым міністэрстве, — звярнуўся да госця Ігар Васільевіч Карпенка, — і спадзяюся, што наша сустрэча — гэта працяг цёплых, сяброўскіх адносін паміж нашымі краінамі. За папярэдні перыяд узаемадзеяння з Кубай у нас было шмат праектаў. А сёння мы маем намер, і, спадзяюся, што ён узаемны, развіваць як ужо існуючыя напрамкі супрацоўніцтва, так і пачынаць новыя праекты, выгадныя для абедзвюх краін.

Ігар Карпенка нагадаў паслу аб сустрэчы з кіраўніком Міністэрства вышэйшай адукацыі Рэспублікі Куба, якая адбылася на нядаўнім ХІХ Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў. Падчас яе беларуская дэлегацыя перадала кубінскім калегам праект праграмы развіцця супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі паміж Кубай і Беларуссю на 2017—2020 гады. Акрамя таго, у ходзе перамоў у Сочы з боку Беларусі была выказана прапанова супрацоўніцтва ў сферы прафесійнай адукацыі і стварэння цэнтра прафесійнай падрыхтоўкі на тэрыторыі Кубы па тых спецыяльнасцях, якія з’яўляюцца прыярытэтнымі для гэтай краіны, а таксама арганізацыі перападрыхтоўкі кадраў.

Міністр адукацыі І.В.Карпенка расказаў госцю аб сучасным стане супрацоўніцтва паміж краінамі і намеціў яго перспектывы на найбліжэйшы час. Сёння ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Кубай ажыццяўляецца згодна з міжведамасным пагадненнем, заключаным амаль 10 гадоў назад. Адно з яго палажэнняў прысвечана развіццю міжуніверсітэцкага ўзаемадзеяння. На сёння заключаны тры прамыя дагаворы аб супрацоўніцтве паміж установамі адукацыі. Гэта Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Інстытут міжнародных адносін імя Рауля Роа Гарсіі, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і Універсітэт Гаваны, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Універсітэт Гаваны. У далейшым плануецца заключыць новыя прамыя дагаворы паміж універсітэтамі Беларусі і Кубы, а таксама развіваць маладзёжную палітыку паміж краінамі, супрацоўніцтва паміж дзіцяча-юнацкімі грамадскімі аб’яднаннямі.

Пасол Кубы Хуан Вальдэс Фігероа падзякаваў І.В.Карпенку за сустрэчу і запэўніў, што будзе працягваць умацоўваць супрацоўніцтва на ўзроўні дыпламатычнай місіі на карысць дзвюх краін.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.