Беларусь прадстаўляе віртуальная Даніэла

- 14:08World Skills

На Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills краіны-ўдзельніцы разгарнулі свае выставы па прэзентацыі прафесійнай адукацыі. Сярод іх у самым прыкметным месцы размясціўся выставачны павільён Рэспублікі Беларусь. Арганізатарам выставы выступіў Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі і непасрэдна Цэнтр інфарматызацыі прафесійнай адукацыі і Цэнтр вучэбнай кнігі.
Як расказала начальнік Цэнтра інфарматызацыі прафесійнай адукацыі РІПА Н.І.Патапенка, перш-наперш задачай выставы з’яўляецца прадстаўленне назапашанага вопыту ў развіцці прафесійнай адукацыі і магчымасць паназіраць, як развіваюцца адукацыйныя паслугі ў іншых краінах. Такую магчымасць прадастаўляюць маштабныя міжнародныя спаборніцтвы, якім з’яўляецца чэмпіянат WorldSkills, які збірае пад сваім сцягам вялікую колькасць краін з усіх кантынентаў. Таму ў Сан-Паўлу можна назапасіць шмат неабходнай інфармацыі.
Бразілія— Задача нашага стэнда на выставе, арганізаванай на міжнародным спаборніцтве, — прадставіць адукацыйныя праграмы падрыхтоўкі высокакваліфікаваных рабочых, спецыялістаў, інавацыйныя тэхналогіі, якія прымяняюцца ў нашых навучальных установах у час падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі дарослага насельніцтва, і, безумоўна, знайсці новых партнёраў з мэтай павялічыць экспарт адукацыйных паслуг і такім чынам павялічыць колькасць замежных студэнтаў, якія пажадалі б вучыцца ў Беларусі.
Усе выставачныя дні назіраўся вялікі інтарэс да нашай экспазіцыі. Было вельмі прыемна бачыць, як удзельнікі, госці чэмпіянату з цікавасцю разглядалі экспанаты нашай выставы, задавалі шмат пытанняў. Многія падыходзілі, каб сказаць проста “Hello”, а некаторыя нават “Добры дзень!”. Наведвальнікамі былі не толькі ўдзельнікі спаборніцтва, але і эксперты, выкладчыкі, спонсары, прадстаўнікі бізнесу, якія хацелі б наладзіць дзелавыя кантакты, у тым ліку і з нашай краінай. Напрыклад, ужо ўсталяваліся сяброўскія адносіны з Дамініканскай Рэспублікай, Замбіяй, Італіяй і шэрагам іншых краін, што пацвярджае павышаны інтарэс да Беларусі, якая валодае добрай прафесійнай базай для навучання рабочых і спецыялістаў.
На выставу былі прывезены плакаты, спецыяльны раздатачны матэрыял, які прадстаўлены на англійскай і партугальскай мовах, з улікам таго, што партугальская мова з’яўляецца ў Бразіліі дзяржаўнай. Таксама быў падрыхтаваны шэраг відэаролікаў, якія расказваюць аб Рэспубліцы Беларусь, яе месцазнаходжанні, гісторыі, культуры, адукацыі. Інтарэс у наведвальнікаў выставы выклікалі новыя тэхналогіі, у прыватнасці гаворка ідзе аб мадэлі віртуальнага гіда. Гэтая тэхналогія дастаткова вядомая ў свеце, але не ўсюды яшчэ прымяняецца. Таму нядзіўна, што каля нашай віртуальнай дзяўчыны Даніэлы пастаянна тоўпіліся людзі. Яна расказвае на партугальскай мове аб розных адукацыйных праграмах у нашай краіне, аб магчымасцях навучання, кошце навучання для замежных грамадзян, аб прызнанні нашых дыпломаў, прадастаўляе іншую інфармацыю.
Наведваючы павільёны выставы, можна было параўнаць нашу экспазіцыю з экспазіцыямі іншх краін. Многія з іх выкарыстоўваюць традыцыйныя тэхналогіі ў прэзентацыі сваіх сістэм прафесійнай адукацыі. Ёсць і некаторыя знаходкі. У прыватнасці, Тайвань дэманструе свае адукацыйныя праграмы праз гульнявыя нанатэхналогіі. Вялікую экспазіцыю прадставіла Індыя, дзе адлюстраваны вельмі цікавыя прафесійныя праграмы ў самым шырокім спектры, пачынаючы з касметалогіі і заканчваючы аўтамабільнай сферай. Выклікае вялікую цікавасць і экспазіцыя Вялікабрытаніі, арганізатары якой не толькі прадстаўляюць неабходны матэрыял аб прафесійнай адукацыі сваёй краіны, але і збіраюцца правесці майстар-клас.
Шырока прадставілі сваю сістэму адукацыі Аб’яднаныя Арабскiя Эмiраты, дзе будзе праходзіць у 2017 годзе наступны 44 Міжнародны чэмпіянат WorldSkills, таму інтарэс да іх павільёна павышаны. Амаль гэтымі днямі на міжнародным кангрэсе, праведзеным у рамках WorldSkills, гаспадаром 45 чэмпіянату была выбрана Расійская Федэрацыя, горад Казань.
Яшчэ адным арганізатарам выставы, які выступае ў цесным тандэме з Цэнтрам інфарматызацыі, з’яўляецца Цэнтр вучэбнай кнігі. Як паведаміла яго начальнік Алена Яўгенаўна Сакалова, для гэтай выставы цэнтрам былі распрацаваны сучасныя лёгкія арыгінальныя макеты для афармлення стэндавай пляцоўкі. Супрацоўнікі цэнтра шмат працавалі над афармленнем раздатачных матэрыялаў, якія расказваюць пра нашы адукацыйныя паслугі, пра канкрэтныя прафесіі. Большасць з іх арыентавана на рускамоўную аўдыторыю, на нашых партнёраў з Расіі, Казахстана, Арменіі, з якімі РІПА падтрымлівае цесныя адносіны і імкнецца іх умацоўваць і далей.
Алена Яўгенаўна расказала, што вялікая работа была прысвечана падрыхтоўцы відэаролікаў, якія адлюстроўваюць сувязь адукацыі і вытворчасці. Былі адабраны брэндавыя лагатыпы нашых прадпрыемстваў і супастаўлены з адукацыйнымі паслугамі нашых устаноў адукацыі, каб паказаць, наколькі цесна наладжаны сувязі паміж прадпрыемствамі і сістэмай адукацыі ў падрыхтоўцы такога рабочага і спецыяліста, які б быў запатрабаваны на рынку працы.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.