Беларусь разам з Еўропай — супраць допінгу

- 10:48Інфармацыйная гадзіна

Беларусь ратыфікавала дадатковы пратакол да канвенцыі Савета Еўропы супраць прымянення допінгу, паведамілі ў прэс-службе Савета Еўропы.

Пратакол накіраваны на забеспячэнне ўзаемнага прызнання допінг-кантролю і ўмацаванне выканання канвенцыі. “Для гэтага ён забяспечвае прызнанне дзяржавамі — удзельніцамі канвенцыі допінг-кантролю, які праводзіцца ў адносінах да спартсменаў з іншых краін, якія далучыліся да яе. Дзякуючы гэтаму, адпадае неабходнасць заключэння шматлікіх двухбаковых пагадненняў і павышаецца эфектыўнасць антыдопінгавага кантролю. З улікам гэтага пратакол служыць першым інструментам у галіне міжнароднага публічнага права, у якім прызнаюцца паўнамоцтвы Сусветнага антыдопінгавага агенцтва па правядзенні кантролю адносна спаборніцтваў”, — растлумачылі ў прэс-службе СЕ.

Для садзейнічання выкананню канвенцыі ў пратаколе прадугледжваецца стварэнне абавязковага механізма маніторынгу. Ён будзе праводзіцца ацэньваючай групай, якая будзе наведваць адпаведную дзяржаву і прадстаўляць свае ацэначныя даклады.

Дадатковы пратакол уступіць у сілу ў Беларусі 1 мая 2018 года. Яго ратыфікавалі 29 краін, з іх 27 — члены Савета Еўропы і 2 дзяржавы, Беларусь і Туніс, якія членамі арганізацыі не з’яўляюцца.
Саму антыдопінгавую канвенцыю Беларусь ратыфікавала яшчэ ў 2006 годзе.