Беларусь — Сірыя: дзіцячы фармат

- 10:49Апошнія запісы

14 жніўня па запрашэнні кіраўніка дзяржавы 80 дзяцей з Сірыі прыляцелі ў нашу краіну для адпачынку і аздараўлення. Палову з іх прыняў аздараўленчы лагер “Крынічка”, яшчэ палова адправілася ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”. Назва пятай змены ў “Зубраняці” — “Лета — час адкрыццяў” — цалкам адпавядала той насычанай экскурсійнай, спартыўнай і забаўляльнай праграме, якой госці краіны жылі два апошнія тыдні. А напрыканцы адпачынку юныя сірыйцы самі сустракалі важных гасцей.

26 жніўня ў НДЦ “Зубраня” на сустрэчу з сірыйскімі дзецьмі адправіліся міністр адукацыі нашай краіны Ігар Карпенка і міністр сацыяльных пытанняў і працы Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Рыма Аль-Кадэры.

— Для беларускіх дзіцячых аздараўленчых лагераў стала добрай традыцыяй пры­маць інтэрнацыянальныя змены. Але сірыйскія дзеці — асаблівыя. Яны прыехалі з краіны, дзе ідуць ваенныя дзеянні. Шмат у каго з іх загінулі бацькі, дзеці выхоўваюцца ў інтэрнатах, некаторыя нават пацярпелі ад баявых дзеянняў. За двухтыднёвым адпачынкам стаіць доўгая цяжкая работа: каб прыняць сірыйскіх дзяцей, мы вельмі шчыльна працавалі і з пасольствам Сірыі ў Рэспубліцы Беларусь, і з беларускім пасольствам у Дамаску, вывяралі праграму, удакладнялі нюансы, якія трэба ўлічыць пры аздараўленні дзяцей, пачынаючы ад меню і заканчваючы тым, якія мерапрыемствы і якім чынам праводзіць. Вопыт паказаў, што сумеснымі намаганнямі дзвюх краін адпачынак склаўся цудоўна, — адзначыў напярэдадні сустрэчы міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка. — Я думаю, дзякуючы гэтай гуманітарнай місіі паміж Сірыяй і Беларуссю, адбываецца закладка трывалага падмурка даверлівых адносін на дзесяцігоддзі наперад. Пагадзіцеся са мной: дзіця, што атрымала цяпло і пяшчоту беларускіх сэрцаў, на ўсё жыццё запомніць Беларусь, якая ў цяжкі час падставіла сваё плячо.

Цэнтральнай падзеяй сустрэчы стала размова за круглым сталом міністраў абе­дзвюх краін з сірыйска-беларускай моладдзю. Пытанні, на якія грунтоўна і з задавальненнем адказвалі Ігар Карпенка і Рыма Аль-Кадэры, былі як сур’ёзныя, так і амаль жартаўлівыя. І ўсё ж першае, што прагучала ад юных гасцей краіны: калі яшчэ можна будзе наведаць Беларусь? Напэўна, гэта, як нішто іншае, сведчыць аб тым, што, дзякуючы сваёй гуманітарнай місіі, за апошнія тыдні наша краіна набыла як мінімум 80 шчырых яе прыхільнікаў. Адказваючы на пытанне, Ігар Карпенка падкрэсліў, што наша краіна заўсёды адкрыта для сяброў і гасцей і беларуска-сірыйскія змены ў нашых лагерах стануць традыцыйнымі. А праз пэўны час Сінявокая чакае замежных гасцей у якасці студэнтаў. Дарэчы, Сірыя і Беларусь актыўна супрацоўнічаюць у адукацыйнай галіне: сёння каля 100 чалавек з Сірыйскай Арабскай Рэспублікі вучацца ва ўстановах вышэйшай адукацыі нашай краіны.

Сірыйскія дзеці прапанавалі ўсім ганаровым гасцям, якія прысутнічалі на сустрэчы, далучыцца да міжнароднай акцыі “Жадаю пад мірным небам жыць”, якая была распачата на Міжнародным маладзёжным форуме “Сяброўства без межаў” у чэрвені. Акцыю, якая заключаецца ў тым, каб пакінуць нашчадкам мір і ўпэўненасць у будучыні, падтрымалі прадстаўнікі 13 краін — удзельніц маладзёжнага форуму. Юныя сірыйцы пераклалі на арабскую мову зварот да лю­дзей усяго свету аб спыненні войнаў на Зямлі, падпісалі яго і прапанавалі зрабіць тое ж ганаровым гасцям сустрэчы. Зварот будзе адпраўлены ў Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ). Акрамя гэтага, сірыйскія дзеці разам з беларусамі падрыхтавалі вялікае палатно міру, на якім праз малюнкі перадалі сваё жаданне жыць у міры і згодзе.

Унікальную магчымасць задаць пытанні двум міністрам не ўпусціла і беларуская моладзь. Яна пацікавілася, рэалізацыя якіх праектаў паміж Беларуссю і Сірыяй плануецца ў галіне адукацыі.

— Паміж нашымі дзвюма краінамі існуе міжурадавае пагадненне, якое закранае ў тым ліку і адукацыйную галіну. Восенню павінен адбыцца візіт у Беларусь міністра вышэйшай адукацыі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, дзе з прадстаўнікамі некалькіх беларускіх УВА мы разгледзім пытанне аб арганізацыі навучання сірыйскай моладзі ў Беларусі, а беларусаў — у Сірыі. Арабская мова вывучаецца ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, і мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб нашы студэнты мелі магчымасць стажыравацца сярод яе носьбітаў, — адказаў на пытанне міністр адукацыі Беларусі. — Таксама ў нас ёсць перспектывы супрацоўніцтва ў галіне навуковых даследаванняў, у тым ліку ў машынабудаванні, тэхналогіях, энергетыцы, ахове здароўя і г.д. Я спадзяюся, што ў найбліжэйшы час урадавыя войскі Сірыі спыняць тэрор у краіне, што дазволіць нам яшчэ больш актыўна развіваць сумесныя гуманітарныя і адукацыйныя праграмы.

Адказваючы на пытанне, якія дзіцячыя захапленні дапамаглі міністрам у дарослым жыцці заняць такія высокія пасады, Рыма Аль-Кадэры згадала свайго бацьку, які працаваў дырэктарам школы і прывіў дзяўчынцы  любоў да чытання, якую яна пранесла праз усё жыццё. А Ігар Карпенка прызнаўся, што ў дзяцінстве займаўся і танцамі, і спортам, але ахвотней за ўсё калекцыяніраваў маркі, якія прадстаўлялі розныя краіны свету. Напэўна, захапленне паўплывала на будучыню, таму што ў дарослым жыцці міністр аб’ехаў практычна ўвесь зямны шар, пазнаёміўшыся з разнастайнымі культурамі і жыццём іншых народаў.

— Я ўпэўнены, што любыя захапленні, чым бы вы ні займаліся, садзейнічаюць асобаснаму развіццю. А без гэтай умовы немагчыма ўваходзіць у самастойнае дарослае жыццё, будаваць кар’еру і ўвогуле быць сапраўдным чалавекам, — адзначыў міністр адукацыі Беларусі.

Удзельнікі гутаркі не толькі задавалі пытанні і дзяліліся ўражаннямі ад адпачынку, але і чыталі вершы. Калі з вуснаў сірыйскай дзяўчынкі данеслася коласаўскае “Мой родны кут, як ты мне мілы…”, дзеці і ганаровыя госці ўзарваліся апладысментамі. Падчас размовы прагучала і ўрачыстае віншаванне цяпер ужо 12-гадовага госця з Сірыі Акрана з днём нараджэння. У якасці падарунка хлопчык атрымаў галоўную прэмію цэнтра — крыштальнае зубраня.

На памяць аб каларытным беларускім адпачынку кожнае дзіця сірыйскай дэлегацыі атрымала падарункі: беларускія прысмакі і школьныя рукзакі, поўныя канцылярскіх прылад, размалёвак, кніг пра Беларусь, адзення і інш. Такі ж падарунак чакае і Рым Салім, 10- га­довую дзяўчынку з Сірыі, у якой падчас адпачынку беларускія медыкі выявілі праблемы і тэрмінова прааперыравалі. Зараз Рым Салім папраўляецца пасля аперацыі і далучыцца да сваіх сяброў ужо ў Сірыі.

На працягу дня ў лагеры працавалі тэматычныя пляцоўкі “Беларусь — Сірыя: сябруюць дзеці на планеце”, дзе сірыйскія і беларускія адпачывальнікі ў інтэрактыўнай форме змаглі пазнаёміцца з гісторыяй Рэспублікі Беларусь і Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, арабскім алфавітам, народнымі гульнямі, асаблівасцямі беларускай і сірыйскай нацыянальнай кухні, беларускімі і сірыйскімі традыцыямі і абрадамі, нацыянальнымі касцюмамі абедзвюх краін і г.д.
Падчас мастацка-спартыўнага свята “Жадаем пад мірным небам жыць” на сцэне “Зубраняці” гучалі не толькі беларускія музычныя інструменты, але і старадаўні арабскі — дарбука. Скончыўся дзень пасадкай Алеі Міру.

— Мы вельмі ўдзячны беларускаму народу за цёплыя сяброўскія адносіны да нашай краіны. Асабліва каштоўна тое, што ініцыятыва ўзяць на аздараўленне нашых дзяцей была падтрымана асабіста кіраўніком дзяржавы. Адпачынак у мірнай і прыгожай Беларусі даў магчымасць пазнаёміцца з вашай культурай, паглядзець свет. Але самае галоўнае: мы зусім не хваляваліся за нашых дзяцей, калі адпраўлялі іх у Беларусь, бо былі ўпэўнены, што тут яны будуць у надзейных руках, — прызналася міністр сацыяльных пытанняў і працы Сірыйскай Арабскай Рэспублікі Рыма Аль-Кадэры.

На развітальнае пытанне, з якімі ўспамінамі сірыйскія дзеці адправяцца дадому, яны добрасардэчна прызналіся: самым незабыўным успамінам сёлетняга адпачынку застанецца магчымасць пазнаёміцца, пагутарыць і атрымаць фотакартку з міністрам адукацыі Беларусі. На другім месцы сярод уражанняў — наведванне аквапарка. Раней юныя сірыйскія госці толькі марылі аб тым, каб збегчы ад болю і страху, якія акружалі гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак на радзіме. Зараз яны ўпэўнена сцвярджаюць: іх мара спраўдзілася.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара
і Алега БАГІНСКАГА.