У нядзелю, 6 жніўня, у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” прайшла сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі з міністрам вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Рэспублікі Судан прафесарам Сумая Махамед Ахмед Абукашва. У сустрэчы прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.А.Богуш, прадстаўнікі ўпраўленняў Міністэрства адукацыі, рэктар РІПА В.М.Галубоўскі, кіраўніцтва ўніверсітэтаў Рэспублікі Судан.
Міністр адукацыі І.В.Карпенка высока ацаніў візіт дэлегацыі прадстаўнікоў сістэмы вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Рэспублікі Судан і выказаў шчырыя пажаданні далейшага супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы дзвюх краін.
— Гэтаму супрацоўніцтву задалі новы імпульс кіраўнікі нашых дзяржаў, падпісаўшы двухбаковае пагадненне аб цесным узаемадзеянні ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку ў адукацыйнай і навуковай галіне, — падкрэсліў Ігар Васільевіч Карпенка. — Ваш прыезд мы разглядаем як чарговы практычны крок у нашым супрацоўніцтве і вельмі рады таму, што жаданне працаваць разам у сістэме адукацыі ўзаемнае. Я спадзяюся, у ходзе вашага візіту мы вызначым сумесныя напрамкі, па якіх будзем працаваць у найбліжэйшы час.
І.В.Карпенка адзначыў, што наша краіна мае дастаткова багаты вопыт узаемадзеяння ў галіне вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў з Рэспублікай Судан. Гісторыя супрацоўніцтва пачыналася яшчэ ў савецкі час і працягваецца сёння, у час незалежнага развіцця Рэспублікі Беларусь. За доўгі перыяд супрацоўніцтва абедзве краіны дасягнулі прыметных вынікаў у рэалізацыі сумесных навукова-даследчых праектаў, у падрыхтоўцы кадраў, што прынесла пэўны плён эканомікам дзвюх краін.
На сустрэчы выступіла міністр вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Рэспублікі Судан прафесар Сумая Махамед Ахмед Абукашва. Яна падтрымала жаданне беларускага боку супрацоўнічаць у сферы адукацыі і выказала пажаданне аб больш цесным узаемадзеянні з установамі вышэйшай адукацыі нашай краіны.
— Калі паміж нашымі ўніверсітэтамі будзе існаваць прамая сувязь, то мы хутчэй рэалізуем планы, звязаныя з пашырэннем абмену студэнтамі і выкладчыкамі, адкрыццём сумесных факультэтаў, распрацоўкай і рэалізацыяй новых праектаў, — адзначыла міністр. — У склад дэлегацыі мы ўключылі рэктараў вядучых універсітэтаў, каб яны на месцы змаглі ацаніць дзейнасць устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і зрабіць першыя крокі да наладжвання мастоў паміж нашымі краінамі ў сферы адукацыі.
І.В.Карпенка падтрымаў ідэю ўзаемадзеяння паміж краінамі на ўзроўні ўніверсітэтаў і стварэння адпаведнай дагаворнай асновы паміж імі ў падрыхтоўцы кадраў, уключаючы навукова-педагагічныя.
— Нашы ўніверсітэты гатовы ўзаемадзейнічаць па многіх кірунках, у тым ліку па ўдасканаленні падрыхтоўкі педагогаў, якія выкладаюць арабскую мову, стажыроўкі студэнтаў у вашых універсітэтах.
Міністр адзначыў, што сёння ў сістэме адукацыі Беларусі ўзяты курс на павелічэнне пераліку спецыяльнасцей і спецыялізацый вышэйшай адукацыі, а таксама на пашырэнне магістарскай падрыхтоўкі, дзе выкладанне вядзецца на англійскай мове.
— Гэты кірунак адкрывае новыя перспектывы для акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў нашых краін, — адзначыў І.В.Карпенка. — І ў рамках міжуніверсітэцкіх дамоўленасцей мы можам дасягнуць добрых вынікаў у гэтым напрамку.
Міністр адукацыі падкрэсліў і важнасць узаемадзеяння Беларусі і Судана ў галіне навуковых даследаванняў. І.В.Карпенка адзначыў, што ў айчыннай сістэме вышэйшай адукацыі паспяхова развіваецца ўніверсітэцкая навука, якая з’яўляецца прыярытэтам дзейнасці кожнай вышэйшай навучальнай установы. І той факт, што студэнты БДУ стварылі штучны спадарожнік зандзіравання Зямлі, які разам з кітайскай касмічнай карпарацыяй будзе запушчаны ў космас і які будзе выкарыстоўвацца ў вучэбным працэсе, сведчыць аб высокім узроўні даследаванняў і навуковых адкрыццяў беларускіх студэнтаў. Міністр прапанаваў супрацоўніцтва дзвюх краін і ў галіне геалогіі. У гэтай сферы ў нас існуе цэлая навуковая школа, распрацоўваюцца новыя формы і метады геалагагічнай разведкі. Актуальным для развіцця геалогіі з’яўляецца стварэнне сістэмы авіякасмічнага маніторынгу геалагічных працэсаў, якая, магчыма, будзе цікавай для калег з Судана.
Міністр вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Судана падтрымала ўсе прадстаўленыя беларускім бокам кірункі і выказала жаданне стаць надзейнымі партнёрамі ў распрацоўцы новых навуковых праектаў, у абмене студэнтамі і выкладчыкамі. Сумая Махамед Ахмед Абукашва прадставіла сістэму вышэйшай адукацыі Судана, якая складаецца з 36 дзяржаўных і 15 прыватных універсітэтаў, дзе вядзецца падрыхтоўка кадраў на 102 факультэтах па ўсіх спецыяльнасцях, важных для эканомікі краіны. Ва УВА Судана вучацца 35 тысяч студэнтаў з іншых краін Афрыкі.
У Судане плённа развіваецца навука, у тым ліку студэнцкая. Для гэтага створаны 180 навуковых цэнтраў, што пацвярджае наяўнасць добрай асновы для сумеснай навуковай дзейнасці паміж Беларуссю і Суданам.
— У нашых краін вельмі падобныя сістэмы адукацыі і аднолькавыя мэты — рыхтаваць высокакваліфікаваных кадраў для паспяховага развіцця эканомік краін, — падкрэсліў І.В.Карпенка. — Калі мы будзем развіваць міжнароднае супрацоўніцтва ў адукацыйнай і навуковай сферах, назапашваць вопыт і дзяліцца ім паміж сабой, то паспрыяем збліжэнню нашых краін і нашых народаў. А што можа быць больш высакародным, чым гэтая місія?
Абодва міністры выказалі спадзяванне, што пасля гэтай сустрэчы супрацоўніцтва паміж універсітэтамі дзвюх краін у сферы навуковых даследаванняў і падрыхтоўкі кадраў напоўніцца канкрэтным зместам, а гэта стане, безумоўна, прарыўным крокам ва ўзаемаадносінах паміж Беларуссю і Суданам.
Акрамя таго, дэлегацыя Рэспублікі Судан азнаёмілася з напрамкамі выхаваўчай работы беларускай сістэмы адукацыі і непасрэдна з дзейнасцю НДЦ “Зубраня”.
Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.