Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў

- 14:51Культура

Больш за дваццаць гадоў наведваю абароны дыпломных праектаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і іншых сярэдніх і вышэйшых навучальных установах культуры і мастацтва. І як глядач, і як рэцэнзент. Заўважыла, што апантаныя творчасцю, натхнёныя юнакі і дзяўчаты, не згаворваючыся, выяўляюць у вобразах нерв, а можа, нават архетып свайго часу. Адзін год у дыпломных спектаклях, на карцінах, у скульптурах, дызайнерскіх праектах выпускнікоў раптам з’яўляўся каўчэг, а дакладней, наша беларуская “ладдзя роспачы”. А другі раз настойліва выплываў маладзік. У канцы мінулага стагоддзя, тысячагоддзя дыпломнікі любілі перамаўляцца з Прасторай, якую, згадзіцеся, мы сёння, можна лічыць, пераадолелі (самалёт, мабільнік і г.д.). Сёлета, як сведчаць дыпломныя працы, самая вялікая і прыцягальная інтрыга — гэта неспазнаны пакуль што Час. Астрафізікі выказалі гіпотэзу, што касмічныя чорныя дзіркі — гэта месца, дзе Час сутыкаецца з Прасторай. Маладыя мастакі выяўляюць свае шляхі, а дакладней, сцяжынкі пазнання, пераадолення, вобразнай матэрыялізацыі Часу.

* * *

Дыпломныя праекты выпускнікоў факультэта дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва разлічаны не толькі на сённяшні дзень, але часцей на будучыню. Гэта тычыцца і вельмі прыгожых керамічных кампазіцый з філасофскім падтэкстам, і вострасучасных па візуальнай стылістыцы плакатаў, праектаў кніг выпускнікоў кафедры графічнага дызайну, і зручных, прыгожых рэчаў, якія прапануюць выпускнікі кафедры прамысловага дызайну… А яшчэ ж ёсць дызайнеры інтэр’ера, мэблі, адзення…

І ўсе яны, як сведчаць іх працы, выдатна ведаюць гісторыю мастацтва. І сусветнага, і беларускага. Так. Стыль постмадэрнізму і посттрадыцыя, што сёння пануюць у свеце, вымагаюць ад мастакоў, каб яны гісторыю мастацтва ведалі на дотык, каб яны яе адчувалі. І дзякуючы кафедры тэорыі і гісторыі мастацтва, дзе працуюць сапраўдныя прафесіяналы, выпускнікі ўсведамляюць, у якім кантэксце ім належыць весці свой дыялог з сучаснікамі. Нагадаю, што рэктар БДАМ Міхась Баразна не толькі цудоўны фотамастак, дызайнер, але і кандыдат мастацтвазнаўства, аўтар манаграфій па гісторыі мастацтва, адна з якіх — “Гісторыя выяўленчага мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя” — выйшла нядаўна.

Сёлета мяне асабліва ўразіла, як нечакана вобразы з гісторыі мастацтва далікатна і недакучліва пераўтвараліся ў дыпломных праектах мадэльераў і мастакоў па тканінах (кафедра касцюма і тэкстылю). Ці не самай вострасучаснай выглядала калекцыя вячэрняга адзення “Медэя” В.Лавінскай (кіраўнік — дацэнт кафедры Г.Мяшкова). І хаця спецыялісты бачылі ў ёй нават элементы вельмі актуальнага сёння спорт-шыку, асновай, камертонам усіх вобразаў была старажытнагрэчаская архаіка. Яна выяўлялася і ў лёгкасці, акрыленасці натуральных тканін, і ў плаўнасці ледзь заўважных хвалістых арнаментаў, і нават у ідэі “фемінізму”, якая праяўлялася яшчэ ў старажытнагрэчаскіх міфах. А ў калекцыі жаночага адзення “Пацалунак Клімта” В.Пахомавай (кіраўнік — дацэнт А.Васільева) у каларыце, лініях ажывалі вобразы аднаго з самых папулярных на сёння мастакоў эпохі мадэрну. Вельмі сучасна пераўтвараліся дэклараваныя на пачатку ХХ стагоддзя А.Матысам ідэі фавізму ў калекцыі жаночага адзення “Які малюе колерам” В.Маслабоевай (кіраўнік — дацэнт А.Васільева). Арыгінальна ўвасобіла праз сучасныя рэмінісцэнцыі ў калекцыі свой “Аўтапартрэт” А.Крыўчэня (кіраўнік — дацэнт кафедры М.Шчамялёва).

Мастакі па тканінах пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка І.Мазюк і ўжо згаданых вышэй выкладчыкаў прадставілі канцэптуальныя кампазіцыі. Выкарыстоўваючы традыцыйныя матэрыялы і тэхнікі (ручное рамізнае ткацтва, лямец, аўтарскі, мастацкі тэкстыль), дыпломнікі здолелі дакрануцца да “Вібрацыі лета”, таямніцы “Купальскай ночы”, “Балансу светабудовы” і нават “Глыбіні сусвету”… Г.Багрыцэвіч распрацавала серыю мастацкага роспісу па тканіне для царкоўнай школы г.п.Сціклева (кіраўнік — прафесар кафедры В.П.Бартлава). Мяркуецца, што да кожнага з вялікіх свят (Каляды, Вялікдзень і інш.) на акне будзе з’яўляцца свая каларыстычна сугучная нашым адвечным традыцыям кампазіцыя.

* * *

“Нараджэнне святла”— так называлася адна з лепшых дыпломных работ 2017 года, якую цяпер кожны можа ўбачыць, падымаючыся па лесвіцы нядаўна адрамантаванага галоўнага корпуса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Гэта вітражы, выкананыя ў тэхніцы ціфані выпускнікамі кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Ю.Пакінай, М.Субцэльным (кіраўнік — загадчык кафедры МДМ прафесар У.Зінкевіч). Дыпломнікі вельмі паэтычна прадставілі свой твор. Маўляў, як сонечныя промні раскрываюць у сабе новыя колеры, праходзячы праз вітражнае шкло, так і студэнты, што паступаюць у БДАМ, у дыялогу з майстрамі-выкладчыкамі ўдасканальваюць свой талент. Узыход сонца, пераўтвораную прыроду за акном, алегорыі слухача, гледача і творцы — усё гэта можна ўгледзець у рытмічнай гульні рознакаляровых шкельцаў.

Выпускнікі кафедры МДМ, якія дасканала валодаюць самымі рознымі тэхнікамі і матэрыяламі, вельмі любяць лірычныя вобразы і алегорыі. Сёлета кампазіцыю “Алегорыя кахання” (ляўкас, тэмпера) прадставіла К.Мельнік (кіраўнік У.Зінкевіч) і зашыфравала полымя пачуццяў у… яблыку ў руках закаханых, якія, шчаслівыя, лунаюць у белай прасторы. Т.Карпачова спраектавала цэлы лабірынт, які змяшчае ў сабе некалькі аўтаномных прастораў для ўвасаблення праз дэталі, карціны розных узростаў жанчыны — ад дзяцінства з гульнямі і кубікамі да сталасці з пякучымі ўспамінамі (кіраўнік — дацэнт Л.Макатун). Вельмі хацелася б убачыць гэты праект рэалізаваным на адной з выставак.

Здаецца, менавіта выпускнікі БДАМ, маладыя скульптары і мастакі МДМ першымі пачалі асэнсоўваць каштоўнасць жывой фактуры звычайных камянёў, уразілі ўсіх востра сучасным поглядам на свет. Наша месца ў гісторыі Н.Шкраба паспрабавала перадаць у сапраўднай каменнай рапсодыі (праект “Пошукі сябе”, кіраўнік — старшы выкладчык І.Маланаў). Апошнія гады выпускнікі кафедры МДМ прапануюць праекты не толькі для грамадскіх, але і для культавых збудаванняў. Я.Ваховіч прэзентавала 10 рэльефных уставак “Знакі” для будынка дырэкцыі храма Усіх Святых (кіраўнік — дацэнт кафедры Д.Чубукоў). У круглых нішах можна бачыць выявы хрысціянскіх сімвалаў (манаграма Хрыста, Рыба, Крыж, галава херувіма, Анёл, чаша Еўхарыстыі, сімвалы чатырох Евангелістаў (Анёл, Леў, Арол, Цялец). Дарэчы, Я.Ваховіч вучылася ў майстэрні Д.Чубукова яшчэ ў Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, дзе ён раней выкладаў. І вось такі грандыёзны, выкананы ў матэрыяле праект. Застаецца нагадаць, што пад кіраўніцтвам Д.Чубукова студэнтамі і выпускнікамі БДАМ (Ю.Пеўнеў, В.Грынь, А.Пуцыковіч, які сёлета скончыў БДАМ па спецыяльнасці МДМ “Рэстаўрацыя”, А. і Я.Багданавы, Н.Клюева, Я.Чысты, М.Карэлін і інш.) у 2012—2014 гадах былі зроблены і ўстаноўлены амаль усе грандыёзныя мазаікі, што аздабляюць храм Усіх Святых.

У гэтым годзе кафедра МДМ падрыхтавала і некалькіх вельмі таленавітых і такіх неабходных нашай краіне рэстаўратараў. Кіраўніком дыпломных праектаў (а гэта дасканала выкананыя копіі карцін і абразоў і рэстаўрацыя абразоў) быў дацэнт кафедры МДМ Ю.Падолін. А.Багалейша, К.Іванісеня, К.Каранец, П.Лавецкая, А.Пуцыковіч… Іх імёны часта будуць заставацца за кадрам. Але менавіта дзякуючы іх таленту і намаганням мы ўбачым унікальныя творы мастацтва. Дарэчы, сёння выкладчыкі кафедры і студэнты, якія абралі спецыяльнасць “Рэстаўрацыя”, сістэматычна стажыруюцца ў Варшаўскай і Венскай акадэміях мастацтваў. На абароне мы мелі магчымасць бачыць, якія творы і як рэстаўрыравалі выпускнікі ў Варшаве.

Старшынёй Дзяржаўнай камісіі сёлета быў народны мастак Беларусі выдатны скульптар Іван Міско. Таму выхаванцы кафедры скульптуры з асаблівым хваляваннем чакалі водгуку майстра. Некалькі гадоў назад ён, можна так сказаць, блаславіў у творчы шлях Паліну Пірагову, якая прэзентавала сваю вытачаную з каменю “Планету” ў Паставах, і Васіля Цімашова (праект “Хваля” ён прысвяціў катастрофе ў Японіі). Сёлета гэтыя маладыя скульптары сталі лаўрэатамі І Нацыянальнай прэміі па выяўленчым мастацтве.

Сёлета Іван Міско звярнуў увагу на праект выпускніцы А.Лугіной “Шлях” і выказаў надзею, што гэтая праца зацікавіць тых, хто выбірае знак для Курапатаў. Кіраўніком працы быў дацэнт А.Прохараў. Ён жа курыраваў дыпломны праект студэнткі з КНР Чэн Шунін “Стан”. Э.Грышачкіна прэзентавала праект помніка графу Чапскаму (кіраўнік — загадчык кафедры прафесар У.Слабодчыкаў).

Выпускнікі кафедры графікі ўразілі ўсіх вастрынёй і інтэлектуальнай насычанасцю вобразаў. Іх працы — гэта падстава задумацца і асэнсаваць сваё месца ў свеце і Сусвеце, суаднесці ўласныя ўяўленні пра Прастору і Час з тымі вобразамі, якія нарадзіліся ў маладых мастакоў. С.Сіліч у серыі лінарытаў “Касмаганічныя міфы народаў свету” (кіраўнік — дацэнт кафедры П.Татарнікаў) даў вобразнае ўяўленне пра тое, як бачыўся пачатак пачаткаў розным народам свету. К.Дасько паспрабавала перадаць у афортах “Плынь часу” (кіраўнік — выкладчык кафедры Р.Сустаў).

Ф.Шурмялёў вобразна пераасэнсаваў “Старажытнагрэчаскія міфы пра знакі задыяка” (кіраўнік — прафесар кафедры В.Славук), А.Простак, зыходзячы з сучасных даследаванняў, перадала “Свет асобы” (кіраўнік — выкладчык А.Ярашэвіч), а К.Крэйдзіч, цалкам давяраючы гледачу, стварыла серыю работ “Без слоў” (кіраўнік — загадчык кафедры дацэнт Ю.Хілько). Але найбольшае ўражанне пакінулі вялізныя графічныя аркушы з серыі “Выбар” (аўтар М.Нячай-Ніцэвіч, кіраўнік Ю.Хілько).

Кафедра жывапісу, якая завяршала абарону дыпломных работ на мастацкім факультэце, на гэты раз быццам вяртала нас да музыкі колераў. Цеплынёй і адначасова жывой, тужлівай мелодыяй прыцягвалі ўвагу пейзажы “Азёрны край” А.Цімчанка, “Родны край” У.Сайко (кіраўнік У.Масленікаў). Праз каларыт, ледзь пазначаныя дэталі ўсе пазнавалі вобраз Гародні ў карціне К.Калеснікавай “Дачыненне” і Кітая — у карціне “Ранак у стэпе” Ван Цяожу (КНР), задумваліся над алегорыямі ў карціне “Абуджэнне” І.Бяловай (кіраўнік — прафесар кафедры дацэнт В.Герасімаў). Асаблівых апладысментаў заслужыў А.Пакаціла. Ад нараджэння ён не мае слыху, не можа гаварыць. Жывапіс для яго — адзіная магчымасць перадаць сваё адчуванне свету. У дыпломнай рабоце “Роздум” ён вельмі дакладна, шчымліва перадаў, якія пачуцці агортваюць яго, калі пачынае пісаць карціну.

Галіна БАГДАНАВА.

P.S. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў некалькі факультэтаў. І кожная дыпломная работа дызайнераў, керамістаў, мадэльераў, рэжысёраў, аператараў, акцёраў — гэта першы крок у вялікае Мастацтва. Але сёння мы вырашылі прэзентаваць працы выпускнікоў менавіта мастацкага факультэта, бо, як нам падалося, менавіта яны зафіксавалі ў сваіх творах наш няўлоўны і такі вабны да пазнання час.