Беларускія ініцыятывы па супрацьдзеянні гандлю людзьмі падтрымліваюцца ААН

- 12:34Інфармацыйная гадзіна

Генеральная асамблея ААН падтрымае ініцыятыву Беларусі па правядзенні ў лютым 2016 года сустрэчы па тэматыцы выкаранення гандлю людзьмі ў кантэксце рэалізацыі парадку дня ўстойлівага развіцця. Арганізацыю мерапрыемства абмеркавалі 9 снежня ў Нью-Ёрку намеснік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў і старшыня Генасамблеі ААН Могенс Люкетафт, паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС.

У час сустрэчы абмяркоўваліся таксама пытанні арганізацыі памятнага пасяджэння Генасамблеі ААН у красавіку 2016 года, прысвечанага 30-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Валянцін Рыбакоў праінфармаваў старшыню Генеральнай асамблеі аб бачанні Беларуссю падыходаў да арганізацыі гэтых мерапрыемстваў. Могенс Люкетафт, у сваю чаргу, выказаў гатоўнасць падтрымаць ініцыятывы Беларусі і іншых дзяржаў — членаў ААН.
“Мерапрыемства па барацьбе з гандлем людзьмі будзе арганізавана па прапанове Беларусі сумесна з упраўленнем па наркотыках і злачыннасці ААН і іншымі партнёрамі. Пасяджэнне ГА ААН па Чарнобылі адбудзецца па сумеснай ініцыятыве Беларусі, Расіі і Украіны, замацаванай у адпаведнай рэзалюцыі Генасамблеі 2013 года”, — растлумачылі ў прэс-службе МЗС.
Бакі таксама абмеркавалі захады па актывізацыі дзейнасці і павышэнні ролі Генеральнай Асамблеі ААН. “Адзначана важнасць максімальнага задзейнічання паўнамоцтваў Генасамблеі ў працэсе падбору і назначэння наступнага Генеральнага сакратара ААН”, — адзначылі ў прэс-службе МЗС.