Беларускія палярнікі вярнуліся дамоў

- 12:02Навука і інавацыі

Пасля 6 месяцаў работы на самым халодным кантыненце Зямлі ў Мінск вярнуліся ўдзельнікі VII Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Адважных даследчыкаў урачыста сустрэлі ў Нацыянальнай акадэміі навук.

Беларускія палярнікі вярталіся ў Мінск дзвюма групамі. Першымі яшчэ ў красавіку авіярэйсам з Аргенціны на Радзіму прыляцелі Аляксей Гайдашоў і Уладзіслаў Мямін. А 20 мая вярнуліся Міхаіл Кароль, Павел Шаблыка і Уладзімір Алфімаў, чый шлях з Антарктыды ў Санкт-Пецярбург на борце навукова-экспедыцыйнага судна “Акадэмік Фёдараў” заняў ажно 1,5 месяца. Следам за імі з Санкт-Пецярбурга ў Мінск накіраваўся грузавік з бясцэнным навуковым грузам.
— Мы бераглі гэты груз, як дзіця, — гаворыць начальнік экспедыцыі Аляксей Аляксандравіч Гайдашоў. — Хачу сказаць, што не ўсе нашы здабыткі будуць мець выключна навуковае фундаментальнае значэнне. Будуць таксама значныя практычныя вынікі, якія могуць з поспехам выкарыстоўвацца ў розных галінах эканомікі.
Дарэчы, удзельнікі VII Беларускай антарктычнай экспедыцыі праводзілі даследаванні па пяці навуковых напрамках заданняў Дзяржаўнай праграмы “Маніторынг палярных раёнаў Зямлі і забеспячэнне дзейнасці арктычных і антарктычных экспедыцый на 2011—2015 гады”. Яны выпрабоўвалі новыя тэхнічныя сродкі беларускіх распрацоўшчыкаў для дыстанцыйнага зандзіравання прыроднага асяроддзя, вывучалі рэсурсы і кліматычныя ўмовы Антарктыкі, правялі вялікую работу па інжынерным уладкаванні пляцоўкі для ўстаноўкі першых модуляў будучай Беларускай антарктычнай станцыі ў раёне гары Вечаровая.
— Атрыманыя матэрыялы ўжо чакаюць у навуковых лабараторыях, і яны стануць асновай для далейшых даследаванняў, — адзначыў першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Антонавіч Чыжык. — Гэтыя матэрыялы належыць апрацаваць, асэнсаваць, абагульніць, зрабіць неабходны статыстычны аналіз і аформіць у выглядзе публікацый. Вынікі, якія мы атрымліваем з такіх складаных і маладаследаваных рэгіёнаў Зямлі, малавядомыя і цікавыя ўсяму свету, а таму плануем правесці вялікую міжнародную канферэнцыю. Напэўна, таксама наспеў час выпусціць навуковую манаграфію і, магчыма, навукова-папулярную кнігу, бо ўдзельнікам экспедыцыі сапраўды ёсць што расказаць.
Нязменны начальнік экспедыцыі (з 2006 па 2015 год) намеснік дырэктара Цэнтра палярных даследаванняў Аляксей Аляксандравіч Гайдашоў правёў за паўднёвым палярным кругам у агульнай колькасці 7 гадоў (і гэта без уліку дарогі). І сёння ўжо можна казаць пра палярную школу Аляксея Гайдашова.
— Кожная экспедыцыя па-свойму асаблівая — і ў прафесійным, і ў кліматычным, і ў маральна-псіхалагічным плане, — расказвае знакаміты палярнік. — Цяперашняя каманда сумленна адпрацавала вахту, большую частку часу аддаючы рабоце. Аднак хачу падкрэсліць, што гэта работа не толькі тымі пяці чалавек, якія былі за палярным кругам. Гэта работа вялікага калектыву — ад лабарантаў да акадэмікаў, якія трымалі з намі пастаянную сувязь і дапамагалі па ўсіх пытаннях. Мы адчувалі неверагодную падтрымку з “вялікай зямлі”.
Аляксей Гайдашоў разгарнуў перад удзельнікамі сустрэчы сцяг Нацыянальнай акадэміі навук, дзе адзначаны ўсе яго перамяшчэнні па Антарктыцы. Разам з палярнікамі ён пабываў у самых складаных умовах, у тым ліку на халадавым полюсе Зямлі, дзе зарэгістравана самая нізкая тэмпература, –92,6 градуса. Да наступнай экспедыцыі гэты сцяг будзе захоўвацца ў Нацыянальнай акадэміі навук.
Што да сцяга Рэспублікі Беларусь, то палярнікі ўзнялі яго над белым кантынентам яшчэ ў 2006 годзе, калі наша краіна далучылася да Дагавора аб Антарктыцы.
Для навуковага супрацоўніка Інстытута фізікі НАНБ інжынера-радыёметрыста Міхаіла Караля і дацэнта кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ інжынера-эколага Уладзіслава Мяміна цяперашняя палярная экспедыцыя была ўжо трэцяй па ліку. Яны расказалі, што сёлета беларускай камандзе давялося не толькі выконваць уласныя задачы, але і дапамагаць іншым антарктычным экспедыцыям.
— Справа ў тым, што ўзлётна-пасадачная паласа, якая дзейнічала дагэтуль, была забракавана, — расказаў У.Я.Мямін. — Аляксею Аляксандравічу Гайдашову ўдалося адшукаць старую, яшчэ савецкую, паласу, і мы рыхтавалі яе для работы, дапамагалі прымаць замежныя барты.
Зрэшты, дапамагаць іншым — гэта асаблівасць і адна з найважнейшых умоў выжывання ў экстрэмальным асяроддзі. Таму палярнікі працуюць не толькі з навуковымі прыборамі, але часта і з ломам, і з рыдлёўкай. Кожны можа пры неабходнасці замяніць іншага.
Акрамя таго, існуе велізарная адказнасць за ўласнае здароўе. Так склалася, што ў беларускай камандзе няма ўрача, а да расійскай станцыі, напрыклад, дзе можна атрымаць медыцынскую дапамогу, 27 кіламетраў. І здароваму чалавеку адужаць такую дыстанцыю ў суровым антарктычным клімаце вельмі складана! Таму пажаданне на будучыню: увесці ў склад экспедыцыі ўрача, для якога, дарэчы, там знойдзецца шмат работы як у плане навукі, так і ў плане жыццезабеспячэння экспедыцыі.
Уладзіслаў Яўгенавіч Мямін заўважыў, што ён заўсёды з задавальненнем выконвае просьбы калег зрабіць пэўныя замеры, узяць пробы, выканаць невялікія даследаванні.
— Мы кантактуем з рознымі навуковымі ўстановамі і заўсёды можам выканаць для калег пэўную работу, — паведаміў даследчык. — Таму калі ў некага ёсць цікавыя навуковыя ідэі — звяртайцеся, мы можам спецыяльна для вас прывезці пэўныя біялагічныя ўзоры, нейкі спецыфічны матэрыял, правесці патрэбныя вымярэнні. Такая магчымасць ёсць, і гэтым трэба карыстацца.
У той жа час начальнік экспедыцыі Аляксей Гайдашоў звярнуўся да навукоўцаў з іншай прапановай.
— У Антарктыдзе вялікай праблемай з’яўляецца адсутнасць магчымасці зазямлення, і гэта вельмі сур’ёзна адбіваецца на рабоце як бытавой тэхнікі, так і прыбораў — яны перагараюць і “глючаць”, — паведаміў Аляксей Аляксандравіч. — Калі б вы гэтую праблему вырашылі (не традыцыйнымі метадамі, калі контуры трэба заглыбляць у зямлю ці цягнуць іх за некалькі кіламетраў у мора), то маглі б запатэнтаваць сваё рашэнне і вельмі дорага прадаць яго, бо там, у Антарктыдзе, гэта надзвычай важна.
І, нарэшце, некалькі слоў пра палярнікаў-дэбютантаў. Выпускніку геаграфічнага факультэта БДУ, стажору-даследчыку Інстытута прыродакарыстання НАНБ, інжынеру-геафізіку Паўлу Шаблыку прама на ўрачыстай сустрэчы паабяцалі, што яго павысяць да малодшага навуковага супрацоўніка. Павел літаральна з карабля на баль трапіў на ўрачыстасць і быў не надта мнагаслоўным. А вось інжынер-механік Уладзімір Алфімаў, на жаль, не змог трапіць на сустрэчу.
Затое на фотавыставе, якая разгарнулася ў фае прэзідыума Акадэміі навук, адлюстраваны ўсе пяцёра ўдзельнікаў экспедыцыі. За іх спінамі — неверагодна прыгожыя і суровыя антарктычныя пейзажы і гара Вечаровая, побач з якой у хуткім часе павінна з’явіцца Беларуская антарктычная станцыя. Пасля яе ўзвядзення нашы палярнікі змогуць праводзіць на белым кантыненце не толькі летнія месяцы, але і зімоўкі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.