Беларускія танцоры лепшыя ў свеце!

- 10:50Спартыўныя падзеі

Юныя танцоры з Мінска атрымалі перамогу на чэмпіянаце свету па брэйк-дансе, які праходзіў у Германіі. У фінальнай сустрэчы з камандай Кітая літаральна ўсе суддзі аддалі перамогу беларусам.

2017 год стаў, бадай, самым прадукцыйным для каманды LilKillaz, выхаванцаў Аляксандра Войнава, стваральніка і кіраўніка адзінага ў краіне Маладзёжнага цэнтра вулічнай культуры і спорту “РrоКач”, які дзейнічае на базе сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя”. Пасля шэрага перамог і добрых вынікаў на шматлікіх міжнародных мерапрыемствах, перамогі на EURO BATTLE PRO і OUTBREAK EUROPE дзеці даказалі, што іх каманда лепшая ў свеце.

Як расказаў Аляксандр Войнаў, каб трапіць на чэмпіянат свету, яго каманда прайшла адбор сярод краін СНД і Прыбалтыкі. Гэта толькі рэгіянальны тур. А такіх прайшло каля 15 па ўсім свеце. Пераможцы і трапілі на чэмпіянат.

Пасля першага этапу, калі ўдзельнікі паказвалі шоу-праграму, у фінал выйшлі толькі 2 каманды — беларуская і кітайская. Мінулагодні чэмпіён, каманда з Бельгіі, у фінал не выйшла. Хоць барацьба паміж сапернікамі за выхад у фінал была сур’ёзнай, каманда Аляксандра, па яго прызнанні, была значна вышэйшая па ўзроўні.

“Для нашай каманды брэйк-данс стаў часткай жыцця, — дзеліцца сакрэтам поспеху Аляксандр Войнаў. — Дзеці трэніруюцца 6 дзён у тыдзень па 3—4 гадзіны. Калі б цэнтр быў адчынены ў нядзелю, яны б і ў гэты дзень трэніраваліся”.

Галоўнае для каманды — не спыняцца на дасягнутым. Так, ужо на пачатку лістапада беларуская каманда адпраўляецца ў ЗША на самы ганаровы ў свеце брэйк-данса чэмпіянат Freestyle Session. Сёлета ён будзе юбілейным — дваццатым. Мара кожнага танцора — трапіць на гэтае спаборніцтва. Беларусь упершыню запрасілі прыняць у ім удзел. Так трымаць, хлопцы! Чакаем вас з перамогай!

Святлана НІКІФАРАВА.