Беларускія вучоныя — свету

- 11:53Навука і інавацыі

Яны першымі на постсавецкай прасторы пачалі практычныя даследаванні крэйзінгу

У адным з найбуйнейшых выдавецкіх дамоў свету Elsevier выйшла манаграфія “Крэйзінг у тэхналогіі поліэфірных валокнаў”. Аўтары кнігі — доктар тэхнічных навук прафесар кафедры радыёфізікі і электронікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Віктар Гальдадэ і кандыдат тэхнічных навук старшы навуковы супрацоўнік Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага НАН Беларусі (ІММС НАН Беларусі) Наталля Вінідзіктава. Наталля Сяргееўна — вучоны сакратар спецыяльнага савета па абароне доктарскіх дысертацый. Віктар Антонавіч — член гэтага ж савета. Акрамя выкладчыцкай дзейнасці ў ГДУ, ён займаецца даследчай работай у ІММС НАН Беларусі. Працоўны стаж прафесара ў гэтай навуковай установе складае 45 гадоў.

Elsevier — сусветны лідар сярод камерцыйных выдаўцоў навукова-тэхнічнай літаратуры. На яго электронным інтэрнэт-партале ScienceDirect змешчана каля 10 мільёнаў навуковых артыкулаў, штогод друкуецца больш за 2 тысячы часопісаў. Гомельскіх даследчыкаў прыемна парадаваў ліст ад кіраўніцтва Elsevier з прапановай надрукаваць уласную манаграфію па выніках вывучэння тэхналогіі атрымання валокнаў метадам крэйзаўтварэння. Віктар Антонавіч і Наталля Сяргееўна паведамілі “Настаўніцкай газеце”, калі пачалі займацца гэтай тэмай, колькі вынаходстваў зрабілі і каму адрасавана іх манаграфія.

— Віктар Антонавіч, Наталля Сяргееўна, патлумачце, калі ласка, для звычайных чытачоў, што такое крэйзінг?

— Крэйзiнг — гэта працэс утварэння мікрарасколін пры выцягванні валакна ў павярхоўна-актыўных вадкасцях (ПАВ), якія ўтрымліваюць функцыянальныя дабаўкі (антымікробныя, інсектыцыдныя, араматызатары і інш.). ПАВ пранікае ў мікрарасколіны, якія потым закрываюцца, капсулюючы функцыянальныя дабаўкі ў павярхоўным пласце валакна. У працэсе эксплуатацыі захопленыя дабаўкі паступова вызваляюцца і забяспечваюць спецыяльныя ўласцівасці тэкстыльных вырабаў.

Сама назва гэтай з’явы (англ. сrazing, ад сrazе — “расколіна”) сведчыць, што яе вынаходнікамі былі англійскія вучоныя. Першыя публікацыі пра крэйзінг з’явіліся ў заходняй літаратуры на пачатку 70-х гадоў. У 80-х гадах крэйзінг пачалі вывучаць расійскія даследчыкі. А мы першымі на постсавецкай прасторы пачалі эксперыментальныя даследаваннi крэйзінгу для атрымання тэкстыльных вырабаў са спецыяльнымі ўласцівасцямі.

— Зразумела, што манаграфія — гэта вынік шматгадовай навуковай працы. З чаго ўсё пачыналася?

— Мы даследавалі крэйзінг каля 15 гадоў, пачынаючы з падпісання ў 2004 годзе дагавора паміж ІММС НАН Беларусі і ААТ “Магілёўхімвалакно”. Вельмі інтэнсіўна працавалі над тэмай атрымання валокнаў метадам крэйзаўтварэння па праграме Саюзнай дзяржавы. Супрацоўнічалі з Цэнтральным навукова-даследчым інстытутам комплекснай аўтаматызацыі лёгкай прамысловасці ў Маскве. Пазней да даследаванняў далучылася ААТ “СветлагорскХімвалакно”. Такім чынам, агульнымі намаганнямі мы пачалі выкарыстоўваць крэйзінг для атрымання тэкстыльных вырабаў са спецыяльнымі ўласцівасцямі. Прыкладна ў 2010—2011 гадах завяршылася эксперыментальная частка, з’явіліся навуковыя артыкулы. Першую невялікую манаграфію па крэйзаўтварэнні напісалі разам з выдатным беларускім вучоным, доктарам тэхнічных навук, прафесарам Леанідам Пінчуком, якую надрукавалі ў выдавецтве “Беларуская навука”. Паступова публікацыі сталі вядомымі і за мяжой. Так, нарэшце, мы атрымалі прапанову ад выдавецкага дома Elsevier.

— А калі гаварыць пра практычнае прымяненне атрыманых ведаў, якую карысць для лёгкай прамысловасці прынясуць вынаходствы новых уласцівасцей?

— Антымікробныя валокны выкарыстоўваюць у вытворчасці тэкстыльных вырабаў бытавога і медыцынскага прызначэння. Напрыклад, у хірургіі. З інсектыцыднымі валокнамі вырабляюць маскітныя сеткі, іншыя прылады, якія абараняюць ад насекомых. Мы даследавалі таксама метады атрымання араматызаваных, антыстатычных, флуарэсцэнтных валокнаў, якія мяняюць афарбоўку пад уздзеяннем ультрафіялету. Апошнія могуць выкарыстоўвацца для абароны каштоўных папер і дакументаў ад падробкі. Мы нават вынайшлі і запатэнтавалі метад, калі на 4—5-міліметровым валакне робяцца ўчасткі рознай афарбоўкі.

— Якія яшчэ вынаходствы ў сферы крэйзаўтварэння вам належаць?

— За час вывучэння тэхналогіі атрымання валокнаў адзначаным метадам мы зрабілі і запатэнтавалі каля двух дзясяткаў вынаходстваў. У прыватнасці, метады мадыфікавання, новыя кампазіцыі, разнастайныя сродкі і механізмы. Напрыклад, прылада, якая дазваляе выцягваць адзінкавае валакно і пад мікраскопам назіраць крэйзінг. Практычна ўсе вынаходствы ўвайшлі ў нашу манаграфію “Крэйзінг у тэхналогіі поліэфірных валокнаў”.

— Колькі часу заняла падрыхтоўка кнігі да друку?

— Каля двух гадоў. Напрацавана і прааналізавана шмат даследаванняў, надрукаваны дзясяткі артыкулаў. Увесь матэрыял неабходна было перакласці на англійскую мову, зрабіць ілюстрацыі. Мы ўдзячны ўсім калегам, якія дапамагалі гэтай кнізе ўбачыць свет.

— Каму б вы парэкамендавалі прачытаць манаграфію?

— У першую чаргу навукова-тэхнічным работнікам, інжынерам і канструктарам, якія займаюцца распрацоўкай валакністых матэрыялаў. Кніга будзе карысна студэнтам, магістрантам і аспірантам пры вывучэнні дысцыплін фізіка-хімічнага і матэрыялазнаўчага профілю. Мы прысвяцілі навуковую манаграфію памяці цудоўнага беларускага вучонага, нашага калегі і настаўніка Леаніда Пінчука.

Размаўляла Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.