Берагчы рэсурсы з дзяцінства

- 11:38Навіны рэгіёнаў

Адукацыйны цэнтр па энергаэфектыўнасці адкрыўся ў яслях-садзе № 45 Гродна. 

Дашкольная ўстанова была ўдзельнікам праекта “Распрацоўка інтэграванага падыходу да пашырэння праграмы па энергазберажэнні” (“Энергаэфектыўнасць у школах”), у рамках якога ажыццяўлялася і актыўная работа па выхаванні ў дзяцей і іх бацькоў эканомнага стаўлення да рэсурсаў, працавала “Школа Развіцця Эканамічнай Культуры” (“Ш.Р.Э.К.”).

— Стварэнне адукацыйнага цэнтра — гэта працяг нашай асветніцкай работы. Лепш за ўсё дзеці ўспрымаюць навучанне праз гульню, творчасць. Адукацыйны цэнтр дазволіць весці работу па прапагандзе эканомнага стаўлення да рэсурсаў, выхавання беражлівага чалавека на больш высокім узроўні, больш эфектыўна, — гаворыць загадчык ясляў-сада Людміла Кушнірук.

У адукацыйным цэнтры ўсе бытавыя і сантэхнічныя прыборы працуюць, як сапраўдныя. Напрыклад, калі дзверцы халадзільніка пакінуць адчыненымі, праз некаторы час пачуецца сігнал. Тры водаправодныя краны з розным прынцыпам работы дазваляюць увачавідкі ўбачыць самы эканомны варыянт выкарыстання тэхнікі. Дзеці ў працэсе гульні спасцігаюць прынцыпы эканоміі.

Даведацца, як працуюць сонечныя батарэі, што ўсталяваны ў дзіцячым садку, правесці простыя доследы па ачыстцы вады дзеці могуць у лабараторным блоку. Створаны ў цэнтры і дыдактычны блок, дзе сабраны вучэбныя матэрыялы, мультыплікацыйныя фільмы па энергазберажэнні. Свой вопыт па выхаванні беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў педагогі дашкольнай установы адлюстравалі ў зборніку, дзе прадстаўлены аўтарскія распрацоўкі дыдактычных гульняў для дзяцей дашкольнага ўзросту, сцэнарыі мерапрыемстваў. Зборнік уключае раздзелы “Дыдактычныя гульні”, “Беражом ваду”, “Каштоўныя кропелькі”, “Беражом электрычнасць”, сцэнарыі свят “Энергетыка і мы”, “Школа развіцця эканамічнай культуры”, а таксама сцэнарый музычнай казкі “Як Калабок эканомію шукаў”, якую стварылі супрацоўнікі ясляў-сада.

— І ўсё ў адукацыйным цэнтры таксама створана рукамі нашых супрацоўнікаў, — дадае Людміла Іванаўна. — Вялікую ўдзячнасць хачу выказаць намесніку загадчыка па асноўнай дзейнасці Наталлі Янушэўскай, выхавальнікам Святлане Міцюковай і Таццяне Гарбанавай, настаўнікам-дэфектолагам Кацярыне Аліферчык і Тамары Рышкевіч, музычным кіраўнікам Вікторыі Коціль і Марыне Трухановіч, а таксама бацькам нашых выхаванцаў, якія падтрымалі калектыў і сталі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў.

У найбліжэйшы час бацькі выхаванцаў азнаёмяцца з работай цэнтра. Плануецца, што адукацыйны цэнтр будуць наведваць дзеці з іншых дашкольных устаноў і школ горада. У планах калектыву — работа над тым, каб адукацыйны цэнтр перарос у рэсурсны цэнтр па энергаэфектыўнасці.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.