Бердымухамедаў уступіў на пасаду прэзідэнта

- 9:53Інфармацыйная гадзіна

Выбраны Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў 17 лютага ўступіў на пасаду, паведамляюць інфармагенцтвы.

Цырымонія інаўгурацыі прайшла ў Ашхабадзе. Нававыбраны прэзідэнт даў клятву выконваць ускладзеныя на яго абавязкі, абараняць дзяржаўную незалежнасць і статус нейтралітэту Туркменістана, прысвяціць сілы яднанню туркменскага народа, абароне яго мірнага жыцця, верай і праўдай служыць свайму народу.

Гурбангулы Бердымухамедаў перамог на прэзідэнцкіх выбарах, якія прайшлі ў Туркменістане 12 лютага. За яго прагаласавалі 97,69% выбаршчыкаў.

Напярэдадні, заслухаўшы справаздачу старшыні Цэнтрвыбаркама Туркменістана Гулмырада Мырадава аб канчатковых выніках выбараў, Гурбангулы Бердымухамедаў падзякаваў тым, хто галасаваў за яго. Паводле яго слоў, вынікі перавысілі тыя, што былі пяць гадоў назад. Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў поспехі, якіх краіна дасягнула за гэты перыяд. Ён падкрэсліў, што ўсё, што адбываецца, накіравана на абарону інтарэсаў Туркменістана і народа краіны.

Прэзідэнт выбраны на сямігадовы тэрмін, што прадугледжана новай Канстытуцыяй.