Без булінгу

- 13:15Сацыяльны ракурс, Соцыум

Многія бацькі паняцце “добрая школа” звязваюць не толькі з якаснай адукацыяй, але і з бяспекай дзяцей, клопатам пра іх псіхічнае і фізічнае здароўе.

– Школа — складаны сацыяльны механізм, дзе вучні атрымліваюць веды і наладжваюць кантакты з іншымі людзьмі, — гаворыць педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 16 Баранавіч Святлана Кірык. — Паміж равеснікамі здараюцца праблемы ў зносінах — звычайная з’ява школьнага жыцця. У кожным дзіцячым калектыве ёсць папулярныя дзеці і не вельмі, якія становяцца аб’ектамі насмешак і здзекаў. Прычапіцца можна да чаго заўгодна: да акуляраў, лішняй вагі, дрэннай дыкцыі, нізкай камунікацыі… Не ўсе дзеці ўмеюць супрацоўнічаць. Некаторым цяжка дамаўляцца, адстойваць свае меркаванні без крыўды, лаянкі, боек і скандалаў. Далёка не ўсе могуць саступіць і прапана­ваць дапамогу. А як выбудоў­ваць адносіны з падлеткамі, якія капіруюць мадэлі паводзін сучаснага грамадства, бацькоў, сяброў і знаёмых, а таксама сумніўныя эталоны, навязаныя інтэрнэтам? 

Менавіта на развіццё навыкаў дружалюбнага ўзаемадзеяння і партнёрства ў міжасобасных зносінах (дамаўляцца і паспяхова вырашаць канфлікты), фарміраванне цікавасці да асобы, эмпатыі і павагі да іншых, прафілактыку насілля і булінгу накіравана работа педкалектыву школы ў рамках эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі стварэння дружалюбнага і падтрымліваючага асяроддзя ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”, які рэалізуецца пры падтрымцы прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі. 

Праект разлічаны на 2020—2025 гады. За гэты час дзеці павінны ўсвядоміць прычыны і наступствы насілля (булінгу), развіць якасці і навыкі, неабходныя для эфектыўнага рэагавання на яго. Адпаведныя веды школьнікі атрымліваюць на класных гадзі­нах, якія ў інтэрактыўнай форме праводзяць класныя кіраўнікі 5—11 класаў (“Што падштурхоўвае нас да насілля?”, “Як мы рэагуем на насілле?”, “Як мы аднаўляемся пасля насілля?”). У арсенале педагогаў — практыкаванне “Увайдзі ў кола”, метады “Мазгавы штурм”, “Зрабі крок”, “Гісторыя ў VK”, “Чысты аркуш” і інш. 

У школе створана ініцыятыўная група з ліку 26 вучняў 7—11 класаў, якія з’яўляюцца “роўнымі” кансультантамі і ўдзельнічаюць у рабоце груп узаемадапамогі. Падлеткі распрацавалі збор правіл, абавязковых для ўсіх. У кастрычніку на школьным рэферэндуме была прынята канстытуцыя школы, свабоднай ад булінгу. 

Ініцыятыўная група ладзіць тэматычныя трэнінгі з вучнямі 5—11 класаў па прынцыпе “роў-
ны навучае роўнага” (“Пазнай сябе і іншых”, “Навыкі сацыяль-
нага ўзаемадзеяння”). 

“Заняткі дапамагаюць дзецям лепш даведацца адно пра аднаго, усвядоміць уласныя рысы характару, зразумець свае падабенствы і адрозненні, развіць узаемную цярпімасць, навучыцца распазнаваць эмоцыі”, — расказ­вае педагог-псіхолаг. 

У рамках праекта наладжана супрацоўніцтва з БарДУ. Так, удзель­нікі ініцыятыўнай групы наведалі ва ўніверсітэцкай лабараторыі “Цэнтр ідэй і практык у Мэтах устойлівага развіцця” заняткі “Маладзёжныя ініцыятывы ў прасоўванні Мэт устойлівага развіцця як фактар падтрымання дружалюбнасці і псіхалагічнай бяспекі адукацыйнага асяроддзя” і “Белы кій”, прысвечаныя асаблівасцям успрымання навакольнага свету людзьмі з парушэннем зроку. Атрыманую інфармацыю школьнікі прэзентавалі васьмікласнікам і дзесяцікласнікам. У сваю чаргу чацвёртакурснікі факультэта педагогікі і псіхалогіі правялі трэнінгі сярод вучняў 6—8 класаў па фарміраванні ўменняў канструктыўнага вырашэння і папярэджання канфліктаў. 

Наладжана таксама ўзаема­дзеянне з Баранавіцкім дзяржаўным каледжам будаўнікоў, дзе ініцыятыўная група школьнікаў ладзіць трэнінгі па прафілактыцы насілля. На іх ёсць запыт і з боку гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра (мэтавая група — прыёмныя дзеці).

На рахунку баранавіцкіх вучняў шмат цікавых мерапрыемстваў. Сярод іх — акцыя “Надышоў час добрых спраў” сярод 5—8 класаў. Свае напрацоўкі каманда дзяцей і педагогаў прэзентавала на фестывалі “Школа, свабодная ад насілля (булінгу)”, які прайшоў у маі на базе НДААЦ “Зубраня”. Сёння падлеткі ўдзельнічаюць у трэнінгу па тэхналогіі UPSHIFT па прафілактыцы булінгу, арганізаваным прадстаўніцтвам Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі ў партнёрстве з Інстытутам псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка і прыватнай сацыяльна-інфармацыйнай установай “Майстэрня інавацыйных тэхналогій”. 

— За час рэалізацыі праекта назіраюцца адчувальныя пазітыўныя зрухі: павысілася згуртава­насць вучняў, імкненне не заставацца ў баку ад спрэчак і канфліктаў сярод равеснікаў. Дзеці ведаюць пра булінг, яго прычыны і наступствы. Трэнінгі абвастраюць пачуццё адказнасці і ўласнай значнасці, узмацняюць жаданне прыносіць карысць, садзейнічаюць асабістаму росту і самавыяўленню, развіццю камунікацыйных навыкаў і лідарскіх якасцей, цікавым зносінам, новым знаёмствам, самаарганізацыі і самакіраванню падлеткаў, пашырэнню кола іх інтарэсаў, а таксама дапамагаюць лепш разу­мець праблемы равеснікаў, —
падагульняе Святлана Кірык.  

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.