Без межаў. Творчасць

- 11:34Культура

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў  ІІІ Міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай творчасці “Творчасць без межаў”. Напісаў гэтыя радкі… і па старой журналісцкай звычцы хацеў пералічваць колькасць удзельнікаў, іх узнагароды. А потым — склад журы, іх рэгаліі. А яшчэ потым — “ківок ветлівасці” ў бок арганізатараў у асобе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Усё было менавіта так: выдатная арганізацыя, кампетэнт­насць журы, сур’ёзныя калектывы з роднай Беларусі, а таксама з замежжа, блізкага і далёкага.

Але не хацелася гэты раз пісаць пра творчасць дзяцей бытавымі фразамі. Гэта была б здрада перад самімі дзецьмі. Якія танцавалі, спявалі, чыталі вершы. І радавалі ў першую чаргу нас, дарослых — іх бацькоў і педагогаў.

Бо для творчасці дзяцей не існуе межаў. Ты проста адчуваеш гэта ці калі сядзіш у глядзельнай зале як журналіст, ці калі недзе за сцэнай абдымаеш роднае дзіця, якое толькі што танцавала або спявала на гэтай сцэне і яшчэ дры­жыць ад перажытага хвалявання. Такія моманты нельга забыць. Яны застаюцца назаўсёды ў жыцці дзіцяці і бацькоў…

Пасля фестывалю карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыў з дырэктарам Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзеяй Васільеўнай ВАСІЛЬЧАНКА.

— Надзея Васільеўна, вы мяне добра ведаеце: на працягу ўжо не аднаго дзясятка гадоў асвятляю фестывалі-конкурсы, арганізатарам якіх выступае Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. І вось новы — “Твор­часць без межаў”. Хаця як новы? Ужо трэці год вы яго праводзіце. Але, сапраўды, ці не многа для вас гэтых конкурсаў?

— Не, не многа. Многа, можа, толькі для арганізатараў. А для дзяцей многа конкурсаў не бывае. Раней, як ведаеце, мы праводзілі конкурсы ў розных жанрах: інструментальным, вакальным, харавым. І калі гэтая практыка па розных прычынах скончылася, мы ўбачылі, што гэтыя жанры паміраюць на вачах. І было б недаравальна дапусціць гэта.

— Але ці не паўтарае фестываль-конкурс “Творчасць без межаў” іншы фестываль-конкурс — “Прывітанне, свет!”.

— Не ўсе трапляюць на “Прывітанне, свет!”.

— Значыць, гэта як другая ліга перад прэм’ер-лігай?

— Не, гэта, магчыма, у нечым нават сама прэм’ер-ліга, як вы кажаце. Бо ў “Творчасці без межаў” прымаюць удзел замежныя артысты — сёлета з Расіі, Кітая, Польшчы, Казахстана. Гэта было якраз і адной з задач стварэння “Творчасці без межаў”: каб да нас прыязджалі замежнікі і каб нашы дзеці маглі з імі кантактаваць.

— А прыезд замежных гасцей набывае нейкі працяг?

— Летась у “Творчасці без межаў” удзельнічаў калектыў з Берліна. Мы пасябравалі з імі, і наша сяброўства вылілася ў вельмі плённы сумесны праект. Літаральна месяц назад на адной з прэстыжных берлін­скіх пляцовак адбылася прэм’ера мюзікла “Кентэрвільскі прывід”: спявалі нямецкія дзеці, а музычнае суправаджэнне было ў выкананні эстрадна-сімфанічнага аркестра нашага цэнтра.

— Якая рэакцыя была ў немцаў?

— Я прысутнічала на гэтай прэм’еры і чула захопленыя воплескі нямецкай публікі. А літаральна на наступны дзень у некалькіх цэнтральных берлінскіх газетах на паласе “Культура” з’явіліся вельмі станоўчыя рэцэнзіі. Вось, напрыклад, адна з іх. (Паказвае адну з берлінскіх газет. — М.Ч.)

— Я шчыра віншую вас, Надзея Васільеўна!

— Дзякуй. Я расказала пра гэта не дзеля нейкай хвальбы… Проста гэта да таго, з чаго мы пачыналі гутарку. Здавалася б, так многа фестываляў, конкурсаў. А навошта ўсё? А вось рэальны вынік. Фестывалі, сапраўды, прыно­сяць асалоду нашым дзецям. Яны знаёмяцца з равеснікамі з іншых краін, пазнаюць іх культуру, а тыя — нашу. Ствараецца пазітыўны імідж нашай краіны ў цэлым. Я думаю, гэтыя нямецкія дзеці, калі пасталеюць і адбудуцца ў жыцці, будуць рады ба­чыць нашу краіну і супрацоўнічаць з намі і праз шмат гадоў. І яшчэ. Гэта момант не нейкай славы, а высокага пілатажу нашай дадатковай адукацыі. Кажу гэта без лішняй сціпласці. З намі вырашылі супрацоўнічаць прадстаўнікі адной з самых музычных у свеце нацый.

— А што далей? Нашы дзеці выступілі ў Берліне і вярнуліся ў Мінск…

— А цяпер мы чакаем немцаў у госці. І гэты мюзікл прагучыць ужо на беларускай сцэне.

— Надзея Васільеўна, а ўвогуле, ці складана праводзіць фестывалі?

— Скажу толькі некалькі лічбаў. Сёлета ў фестывалі “Творчасць без межаў” прыняло ўдзел каля 600 калектываў. ­Усяго 3500 чалавек. А ў Мінск прыехала каля 250 калектываў, або 1350 чалавек. І ўсё гэта дзеці, якіх трэба прыняць, пасяліць, якіх трэба падтрымаць перад конкурснай хвілінай. А творчыя дзеці, да таго ж, вельмі датклівыя. І іх кіраўнікі таксама.

— Вы мяне проста ашаламілі статыстыкай! Безумоўна, мы любім гнацца за лічбамі, нават у сферы культуры. Але вас як арганізатара фестывалю, можа, ужо і не абрадавалі гэтыя лічбы?

— Мы, сапраўды, не чакалі такога наплыву канкурсантаў. Але гэта значыць, што дзецям патрэбны фестывалі-конкурсы. Яны спрабуюць сябе ў мастацтве. Ім гэта неабходна. А мы не можам не ісці ім насустрач. Наш галоўны прынцып у рабоце з дзецьмі — добразычлівасць. І нават, выдаючы прызавыя месцы, мы ішлі насустрач ім усім — недзе давалі па два-тры другія месцы. Часам прысу­джалі перамогу нават… крыху авансам — каб падтрымаць, заахвоціць. Даць магчымасць. Не перакрэсліць спадзяванні. Мы радуемся кожнаму таленту, кожнай юнай зорачцы, якая свеціць на нашай сцэне. Бо ведаем, што і ў будучыні яна ніколі не пагасне.

Некалькі адметных фактаў пра ІІІ Міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай творчасці “Творчасць без межаў”:

  • Гледачоў на конкурсных выступленнях амаль не было, бо арганізатары паставілі галоўнай задачай — не перашкодзіць.
  • Надзею Васільчанка парадавалі выступленні ва ўсіх жанрах, але асабліва — у намінацыі “Мастацкае слова, тэатральны жанр”. “Сёння дзеці чытаюць. А яшчэ некалькі гадоў назад нас вельмі хвалявала гэтая тэма”, — заўважыла дырэктар НЦМТДіМ.
  • Сёлета ў “Творчасці без межаў” была асабліва заўважнай прысутнасць калектываў, якія базіруюцца не толькі ў сістэме Міністэрства адукацыі, але і ў іншых ведам­ствах: ва ўстановах Міністэрства культуры, нават на мясакамбінатах. “Гэта важны сімп­том для нас, — сказала Надзея Васільеўна. — Няважна, на якім прадпрыемстве, на базе якога ведамства займаюцца мастацкай творчасцю дзеці. Важна тое, што ўсё гэта дзеці. Нашы дзеці. І фестываль-конкурс “Творчасць без межаў” аб’яднаў іх усіх. Магчыма, гэта нават стане фішкай фестывалю ў будучыні. У самой назве фэсту падкрэсліваецца гэтая бязмежнасць — ён для дзяцей не толькі з Беларусі і не толькі з канкрэтнай ведамаснай прыналежнасцю”.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.