КУЛІКОВА Алеся Віктараўна,
настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 5 Рагачова.
Скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, мае першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагагічны вопыт — 13 гадоў. Яе педагагічнае крэда — “Не думкам трэба вучыць, а думаць”.
Намінацыя “Хімія, біялогія”
Мэта педагагічнай дзейнасці Алесі Віктараўны — навучыць дзяцей самастойна мысліць, самім супастаўляць факты і шукаць інфармацыю, гэта значыць вучыць, перш за ўсё, не канкрэтным ведам, а спосабам хуткага і эфектыўнага іх засваення — уменню вучыцца.
Найважнейшым кампанентам сённяшняй мадэлі адукацыі з’яўляецца арыентацыя на развіццё практычных навыкаў і здольнасць прымяняць іх да вырашэння жыццёвых сітуацый. Імклівае развіццё інфарматызацыі грамадства ў цэлым, павелічэнне колькасці інфармацыі — з аднаго боку — і недастатковыя ўменні навучэнцаў працаваць з крыніцамі інфармацыі, структураваць, апрацоўваць і пераўтвараць яе — з другога боку — гэта праблема, якая выходзіць сёння на першы план адукацыйнага працэсу. Не трэба быць экспертам і аналітыкам працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве, каб адзначыць факт павелічэння колькасці інфармацыі, якая паступае з розных крыніц. Неаспрэчным з’яўляецца прыярытэт у атрыманні навучэнцамі дадатковых звестак з інтэрнэту, тэлевізійных трансляцый. Ці можна ў такім выпадку з упэўненасцю сказаць, што школьнік зможа вырашыць любую жыццёвую задачу, у якой неабходна прымяніць набыты багаж біялагічных ведаў? Менавіта гэтае пытанне і стала пачаткам творчага педагагічнага пошуку Алесі Віктараўны.
Алеся Віктараўна стараецца навучыць навучэнцаў рашаць адкрытыя задачы, якія перад імі ставіць само жыццё, правільна выкарыстоўваючы тую лавіну інфармацыі, якая нас акружае. Пры гэтым у дзяцей фарміруецца неабходнасць і гатоўнасць прымяняць абагульненыя веды і ўменні для вырашэння канкрэтных сітуацый і праблем, якія ўзнікаюць у рэальнай рэчаіснасці. Веды, набытыя на ўроках біялогіі, абавязкова спатрэбяцца кожнаму выпускніку, незалежна ад яго далейшага прафесійнага выбару. Канкрэтныя веды ў жыцці, напрыклад, назвы раслін, грыбоў, жывёл, маюць меншую каштоўнасць, чым разуменне глабальных праблем, звязаных з расходаваннем энергіі, біялагічнай разнастайнасцю, аховай прыроды і чалавечым здароўем. Мала проста ведаць факты і правілы, трэба ўмець іх выкарыстоўваць. Менавіта таму настаўнік уключае ў адукацыйны працэс адкрытыя задачы практыка-арыентаванага характару, мэтай якіх з’яўляецца фарміраванне ў навучэнцаў уменняў і навыкаў практычнай работы, а таксама фарміраванне разумення таго, дзе, як і для чаго атрыманыя ўменні прымяняюцца на практыцы.
Выкарыстанне практыка-арыентаваных задач у працэсе навучання біялогіі прыводзіць да больш трывалага засваення інфармацыі, таму што ў навучэнцаў узнікаюць асацыяцыі з канкрэтнымі дзеяннямі і падзеямі з жыцця. Незвычайная фармулёўка такіх заданняў выклікае павышаную цікавасць у навучэнцаў, спрыяе развіццю іх цікавасці і творчай актыўнасці. Практыка-арыентаваныя задачы мадэлююць практычную, жыццёвую сітуацыю і будуюцца Алесяй Віктараўнай на актуальным для навучэнцаў матэрыяле. Рашэнне такіх задач вучыць дзяцей арыентавацца ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях і разам з тым патрабуе дастатковага ўзроўню валодання інфармацыйнай культурай, развівае інфармацыйныя ўменні навучэнцаў. Так, напрыклад, калі даныя ў задачах пададзены ў выглядзе схем, табліц, дыяграм, то рашэнне такіх задач фарміруе развіццё ўменняў разгортваць інфармацыю. Калі па ўмове задачы неабходна даць адказ у выглядзе табліц, графікаў, схем — фарміруецца ўменне згортваць інфармацыю. Часта пры рашэнні зададзеных настаўнікам практыка-арыентаваных задач навучэнцы павінны ўмець выбраць неабходныя для рашэння даныя або ў выпадку іх недастатковасці ажыццявіць пошук дадатковай інфармацыі, у выніку чаго ў іх фарміруюцца ўменні аналізаваць, абагульняць, вылучаць галоўнае.
Практыка-арыентаваныя задачы Алеся Віктараўна выкарыстоўвае як у вуснай, так і ў пісьмовай форме на ўсіх тыпах урокаў, пры арганізацыі розных форм работы: індывідуальнай, парнай, групавой. Адпаведна ў навучэнцаў развіваецца здаровы азарт, спаборнасць, імкненне да поспеху і дасягненняў, павышаецца ўзровень пазнавальнай цікавасці, прасочваецца рост умення самастойна тлумачыць паняцці і тэрміны, атрымліваць інфармацыю з малюнкаў, схем і табліц, пераводзіць інфармацыю з адной знакавай формы ў іншую. Навучэнцы лепш апісваюць аб’екты, умеюць параўноўваць і абагульняць з’явы, класіфікаваць, структураваць матэрыял, які вывучаецца, рабіць уласныя вывады. Павышаецца актыўнасць навучэнцаў пры выкананні работ даследчага характару, акрамя таго, на навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах дзеці паказваюць дастойныя вынікі. Так, напрыклад, за апошнія тры гады на раённай навукова-практычнай канферэнцыі даследчыя работы навучэнцаў Алесі Віктараўны заваявалі 6 дыпломаў розных ступеней.
Уменні крэатыўна думаць, прымяняць атрыманыя веды на практыцы ў нестандартных жыццёвых сітуацыях, правільна выкарыстоўваць розныя крыніцы інфармацыі дапамагаюць яе навучэнцам займаць вядучыя пазіцыі на раённым і абласным этапах Рэспубліканскай алімпіялы па біялогіі. Алеся Віктараўна не толькі сама актыўна прымяняе інфармацыйныя тэхналогіі ў педагагічнай дзейнасці, але і трансліруе свой вопыт сярод калег. На працягу апошніх трох гадоў яна з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў біялогіі і школьнай творчай групы настаўнікаў.
Алеся Віктараўна ўпэўнена, што развіццё інфармацыйных уменняў — гэта неабходнасць, прадыктаваная самім часам, гэта той вектар, у напрамку якога трэба ўдасканальваць адукацыйны працэс.