Эфектыўнасць навучання роўная ўзроўню актыўнасці навучэнцаў

- 16:09Гомель

ХАЗАНОВІЧ Эмілія Эдуардаўна,
настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 1 Калінкавіч Гомельскай вобласці.

Педагагічны стаж — 26 гадоў. На працягу 6 гадоў з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства. Яе педагагічным крэда стала вядомае выказванне Канфуцыя: “Вучэнне без разважання бескарысна, але і разважанне без вучэння небяспечна”.

Намінацыя “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”

Работу будуе на педагогіцы супрацоўніцтва, улічвае ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці дзяцей, стварае ў класе добразычлівы псіхалагічны клімат, стараецца раскрыць творчыя здольнасці дзяцей, прывіць ім любоў да свайго прадмета. З гэтай мэтай актыўна выкарыстоўвае элементы сучасных педагагічных тэхналогій, электронныя сродкі навучання, розныя формы арганізацыі заняткаў.

У выкладанні Эмілія Эдуардаўна вялікую ўвагу ўдзяляе не толькі фарміраванню гістарычных ведаў у навучэнцаў, але і ўменню арыентавацца ў зменлівых жыццёвых сітуацыях, правільна працаваць з інфармацыяй, крытычна ацэньваць новыя звесткі, выкарыстоўваць атрыманыя веды на практыцы. Таму імкнецца развіваць пазнавальную цікавасць і актыўнасць дзяцей, выкарыстоўваючы правільна падабраныя прыёмы навучання. Адной з галоўных задач сучаснага настаўніка Эмілія Эдуардаўна лічыць навучыць школьнікаў самастойнай рабоце з інфармацыяй і яе крытычнаму асэнсаванню.

У працэсе педагагічнай дзейнасці Эмілія Эдуардаўна пераканалася, што эфектыўнасць навучання знаходзіцца ў прамой залежнасці ад узроўню актыўнасці навучэнцаў у адукацыйным працэсе. Такім чынам, выкарыстанне прыёмаў, падабраных у адпаведнасці з узроўнем пазнавальнай актыўнасці і ўзростам навучэнцаў, дазваляе лепш арганізаваць іх работу на ўроку, развіваць іх уменні вызначаць галоўнае, бачыць прычынна-выніковыя сувязі, дапамагае ўсвядомленаму запамінанню, выпрацоўвае ўменні і навыкі работы з тэкстам, наглядна-вобразным матэрыялам.

Гэты падыход дазваляе стварыць сітуацыю поспеху для розных катэгорый навучэнцаў, што таксама стымулюе іх актыўнасць і самастойнасць. У пачатку ўрока пры праверцы дамашняга задання або ў выпадку актуалізацыі ведаў, а таксама на этапе рэфлексіі Эмілія Эдуардаўна выкарыстоўвае элементы гульнявых сітуацый, праблемнага навучання.

Найважнейшай педагагічнай задачай, на думку Эміліі Эдуардаўны, з’яўляецца неабходнасць навучыць дзяцей розным прыёмам работы з тэкстам і іншымі матэрыяламі падручніка. Гэтая праца пачынаецца ўжо ў 5 класе, а алгарытмам для самастойнай работы школьнікаў з тэкстам з’яўляюцца адаптаваныя да ўзросту, распрацаваныя настаўнікам памяткі.

Для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці ў 5—8 класах пры рабоце з тэкстам, дакументам або відэафрагментам настаўнік выкарыстоўвае розныя гульнявыя прыёмы (“тры сказы”, “пазнай слова”, “рэстаўрацыя”). Такая форма навучання адпавядае ўзроставым псіхалагічным асаблівасцям і пазнавальным патрэбам падлеткаў, уключае іх у актыўную дзейнасць.

Для развіцця лагічнага мыслення школьнікаў, на думку настаўніка, эфектыўнымі з’яўляюцца такія рацыянальныя формы пераўтварэння гістарычнага матэрыялу, як табліцы і схемы. Складанне канкрэтызуючых табліц спрыяе глыбокаму засваенню паняццяў, дат, знаёмству з дзейнасцю гістарычных асоб. Вынікам аналізу і супастаўлення фактаў становіцца параўнальна-абагульняючая табліца. Схема дазваляе графічна прадставіць матэрыял, сістэматызаваць яго, паказаць прычынна-выніковыя сувязі.

Вырашаючы праблему ўсвядомленага запамінання навучэнцамі гістарычных асоб, фактаў і паняццяў, Эмілія Эдуардаўна выкарыстоўвае магчымасці прыёму сінквейн. Складанне сінквейна можа быць індывідуальным і групавым. Можна скласці яго на ўроку або ўключыць сінквейн ў дамашняе заданне. Акрамя стандартнага складання сінквейна, настаўнік прапануе навучэнцам і іншыя формы работы з ім.

Педагог пераканана, што немагчыма сфарміраваць гістарычнае мысленне без рашэння праблемных задач. Уменне знаходзіць адказы на праблемныя пытанні характэрна не для ўсіх навучэнцаў, але пры арганізацыі групавой работы паўдзельнічаць у пошуку адказаў, прасачыць за ходам разважанняў могуць усе.

У 9—11 класах многія навучэнцы ўжо могуць даваць сваю ацэнку матэрыялу, які вывучаецца, выказваць згоду або нязгоду з меркаваннем настаўніка або аўтара падручніка. Аднак часта яны не могуць правільна і лагічна сфармуляваць сваю думку. Для вырашэння гэтай праблемы Эмілія Эдуардаўна прапануе выкарыстоўваць прыём “ПАПВ-формула”. Навучэнцам гэты прыём дае магчымасць пераканаўча даказваць свой пункт гледжання, эфектыўна весці дыскусію, а настаўніку — праверыць глыбіню засваення матэрыялу. “ПАПВ-формула” прымяняецца і пры падрыхтоўцы вуснага выказвання, і ў напісанні эсэ.

Развіць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў, прывіць ім цікавасць да гісторыі, сфарміраваць грамадзянскія якасці немагчыма без арганізацыі адпаведнай пазаўрочнай дзейнасці. Правядзенне музейных урокаў, прадметных тыдняў, арганізацыя экскурсій па памятных месцах Беларусі дапамагае ўцягнуць навучэнцаў у даследчую дзейнасць, раскрыць іх творчы патэнцыял, выхаваць любоў да Радзімы і яе гісторыі.

Вучні Эміліі Эдуардаўны прымаюць актыўны ўдзел у алімпіядным руху, конкурсах вучэбна-даследчых работ, рэгулярна становяцца прызёрамі другога этапу і ўдзельнікамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі і грамадазнаўстве, прызёрамі Абласной інтэрнэт-віктарыны па грамадазнаўстве.