У аснове дзейнасці — іконаграфічныя матэрыялы

- 16:02Гомель

СМОЛЬСКІ Віктар Канстанцінавіч,
настаўнік французскай мовы гімназіі № 46 імя Блеза Паскаля Гомеля.

Стаж педагагічнай работы — 26 гадоў. З’яўляецца кіраўніком білінгвістычнай секцыі, мае вопыт работы на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, на працягу доўгіх гадоў курыруе міжнародныя адносіны гімназіі.

Намінацыя “Замежная мова”

Віктар Канстанцінавіч заўсёды ідзе ў нагу з часам. На ўроках актыўна выкарыстоўвае новыя тэхналогіі, прадукцыйныя формы і метады навучання, улічвае ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці навучэнцаў. З’яўляючыся прыхільнікам праблемнага навучання, развіцця крытычнага мыслення, Віктар Канстанцінавіч імкнецца навучыць дзяцей думаць творча, шукаць нестандартныя шляхі вырашэння праблемы, развіваючы матывацыю да вывучэння замежнай мовы.

Віктар Канстанцінавіч лічыць, што навучанне дзяцей камунікацыі на французскай мове з’яўляецца цяжкім з-за абмежаванага слоўнікавага запасу, а таксама слаба развітога вуснага маўлення на роднай мове. Робіцца цяжкім развіццё камунікатыўных уменняў навучэнцаў, калі практыкаванні арыентаваны на завучванне і неўсвядомленую перадачу вучэбнага матэрыялу. Спрыяе ж матывацыі да гаварэння наяўнасць ілюстрацыйнага матэрыялу, што паказвае нацыянальныя асаблівасці краіны, мова якой вывучаецца. Віктар Канстанцінавіч упэўнены, што менавіта ўнутраная прычына, матыў з’яўляецца для чалавека пасылам да вывучэння замежнай мовы, удасканалення адпаведных ведаў і ўменняў. Калі матыў — гэта своеасаблівы рухавік дзейнасці, то ў якасці паліва для яго Віктар Канстанцінавіч выкарыстоўвае іконаграфічныя матэрыялы.

Іконаграфічныя матэрыялы — гэта розныя выявы ілюстрацыйнага характару, да якіх адносяць малюнкі, фотаздымкі, карціны, коміксы, схемы і г.д. Усе французскія вучэбныя дапаможнікі змяшчаюць вялікую колькасць аўтэнтычных ілюстрацыйных матэрыялаў. Віктар Канстанцінавіч лічыць, што такія дапаможнікі даюць больш гібкую сістэму вывучэння вучэбнага матэрыялу, падахвочваюць дзяцей да асобасна ўсвядомленай яго перадачы, а таксама выкарыстання ў сітуацыях рэальных зносін з носьбітамі мовы. Настаўнік упэўнены ў неабходнасці актыўнага прымянення выяў у якасці тэматычных і краіназнаўчых ілюстрацый, а таксама для стымулявання разумовай дзейнасці вучняў.

Віктар Канстанцінавіч прымяняе ў сваёй практыцы алгарытм апісання выявы па пэўнай тэме ўрока, які змяшчае тры аспекты:

— апісанне рэальна паказаных элементаў (рэчы, прадметы, з’явы, станы);

— вызначэнне (угадванне) тэмы, якую гэтая выява можа ілюстраваць;

— выказванне асацыяцый, гэта значыць разважанне наконт існуючага зместу, іншымі словамі, разважанне па тэме.

У залежнасці ад канкрэтных задач урока і мэты выкарыстання той ці іншай выявы настаўнік вар’іруе складанасць і аб’ём апісання, прымяняючы ўсе тры аспекты або кожны аспект асобна.

Камунікатыўныя ўменні і навыкі фарміруюцца і развіваюцца ў працэсе сацыялізацыі дзіцяці. Чым больш актыўнае і рознабаковае ўзаемадзеянне падлетка з акружэннем, тым хутчэй фарміруюцца гэтыя навыкі. Развіццё пазнавальнай цікавасці і фарміраванне асобы дзіцяці ўзмацняе гэтую актыўнасць. Пад кіраўніцтвам дырэктара гімназіі Алены Віктараўны Шаўцовай і Віктара Канстанцінавіча Смольскага навучэнцы 10-х класаў гімназіі штогод праходзяць лінгвістычную стажыроўку ў Францыі, у горадзе-пабраціме Клермон-Феран. Дзякуючы выкарыстанню іконаграфічных матэрыялаў на ўроку, дзеці на практыцы вучацца параўноўваць, разважаць і будаваць аргументаваныя асабістыя выказванні, выкарыстоўваць моўныя веды для выказвання сваіх думак. Па меркаванні Віктара Канстанцінавіча, для пашырэння сферы зносін, жадання выявіць сябе ўцягнутасць дзіцяці ў камунікацыю павінна суправаджацца станоўчым вопытам, які, у сваю чаргу, умацоўвае псіхалагічны камфорт і ўпэўненасць у сабе.

Вядучая роля настаўніка французскай мовы ў тым, каб навучыць выказвацца правільна, зразумела і змястоўна, а таксама выказваць свае адносіны да прадмета абмеркавання.

Настаўнік падкрэслівае, што выкарыстанне іконаграфічных матэрыялаў стымулюе працэс маўленча-разумовай дзейнасці навучэнцаў, спрыяе развіццю асацыятыўнага мыслення, фарміруе сацыякультурную кампетэнцыю. Фотаздымак выступае ў ролі дружалюбнага пасрэдніка паміж удзельнікамі камунікацыі і дазваляе знімаць псіхалагічнае напружанне, пераадольваць стэрэатыпы і сацыяльныя бар’еры, стымулюе жаданне выказваць асабістыя адносіны.

Больш за 7 гадоў Віктар Канстанцінавіч з’яўляецца трэнерам гарадской і абласной каманд навучэнцаў па падрыхтоўцы да алімпіяды па французскай мове. Набыты прафесійны вопыт, мэтанакіраванасць, упартасць дапамагаюць настаўніку штогод рыхтаваць пераможцаў гарадскога, абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па гэтым вучэбным прадмеце, а таксама абласной алімпіяды для навучэнцаў 4—9 класаў.

Выказванне Блеза Паскаля “Уся наша добрая якасць — у здольнасці думаць. Толькі думка ўзнімае нас. Пастараемся ж думаць годна” адлюстроўвае педагагічную дзейнасць Віктара Канстанцінавіча Смольскага.