Бізнес-старт для школьнікаў

- 10:34Навіны рэгіёнаў

Захапленні ў сучасных дзяцей надзвычай разнастайныя. І калі цікавяцца яны годнай і карыснай справай, то абавязкова знаходзяць падтрымку. Так, напрыклад, многія ўжо ў раннім узросце цікавяцца бізнесам і фінансамі. Менавіта для такіх юнакоў і дзяўчат у Жодзіне прайшоў гарадскі турнір па эканоміцы і бізнесе “Бізнес-старт”.

— Павышаць эканамічную дасведчанасць дзяцей можна рознымі спосабамі. Мы вырашылі рабіць гэта праз гульні і конкурсы. Так і з’явіліся турніры “Бізнес-старт”. Дзецям цікава і гэтая тэматыка, і такая форма работы, — расказвае ініцыятар і распрацоўшчык турніру Вольга Мікалаеўна Шэмет, педагог-арганізатар філіяла “ТэхнаАрт”  Цэнтра творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Жодзіна. — Акрамя таго, мерапрыемства дае магчымасці правя­дзення прафарыентацыйнай работы. Рашаючы разнастайныя фінансавыя, эканамічныя задачы, дзеці разумеюць, ці цікавы ім прафесіі гэтага кірунку.

Турніры “Бізнес-старт” у Жодзіне пачалі праводзіць у мінулым годзе. Кожны з іх прысвечаны пэўнай тэме. Так, напрыклад, раней на турнірах разбіраліся са спажывецкай карзінай, сямейным бюджэтам, інвесціраваннем. У цэнтры ўвагі мерапрыемства, якое прайшло надоечы, апынуліся крыптавалюты. 

8 каманд устаноў адукацыі сабраліся на базе філіяла “ТэхнаАрт”  Цэнтра творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Жодзіна. Турнір    прадугледжваў тры этапы. На першым разбіралі і замацоўвалі асноўныя паняцці і тэрміны па крыптавалюце. На другім этапе неабходна было зрабіць разлік эканамічнага праекта: камандам прапаноўваліся справаздачы аб фінансавай дзейнасці прадпрыемстваў, ацаніўшы выручку, прыбыткі і страты, яны вырашалі, ці варта інвесціраваць у гэтае прад­прыемства. На апошнім, творчым, этапе юнакі і дзяўчаты стваралі сваю крыптавалюту —   прыдумвалі ёй назву і вобраз.

Па выніках турніру ў агульнакамандным заліку 1-е месца заняла каманда гімназіі № 1 Жо­дзіна, 2-е — юнакі і дзяўчаты з сярэдняй школы № 8, трэцяе — прадстаўнікі дзіцячага сада — сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава. Развітваючыся з арганізатарамі, школьнікі цікавіліся, якой жа будзе тэма наступнага турніру, што сведчыць аб запатрабаванасці мера­прыемства.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Цэнтрам творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Жодзіна.