Менш чым праз тыдзень пачнецца Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” — самая доўгачаканая падзея ў жыцці беларускіх кінаманаў. Бо дзе яшчэ паглядзець фільмы, якія ігнаруе “Галівуд”? Бо дзе яшчэ ўбачыць жанчын — прыгожых і абаяльных, але зусім не падобных да Ніколь Кідман ці Сандры Булак? Бо дзе яшчэ ўбачыць мужчын — разумных і мужных, але зусім не падобных да Кевіна Костнера ці Бенядзікта Камбербэтча? А можа быць, і зусім не прыгожых і абаяльных, а можа быць, і зусім не разумных і мужных… Такіх, якіх бачым мы на вуліцы, з якімі стаім у чарзе ў прадуктовай краме, з якімі разам едзем у агульным аўтобусе ў вандроўку ў далёкую Італію, з якімі працуем у адным рабочым кабінеце, якім перадаём па дарозе на працу талончыкі ў тралейбусе, каб яны прабілі. А кінафэст “Лістапад” штогод дае айчынным кінагурманам менавіта гэтую магчымасць — пабачыць, пражыць адно жыццё разам з імі, не падобнымі адно да аднаго людзьмі. Сам ММКФ “Лістапад” не падобны да іншых кінафестываляў, бо традыцыйна збірае на сваёй пляцоўцы лепшыя кінастужкі, створаныя не ў мэйнстрыме кінаіндустрыі, а ў тым стылі, дзе трэба думаць і перажываць. Наўпрост скажам: “Лістапад” — гэта артхаусны кінафестываль. І ў гэтым яго фішка, яго цымус, яго твар. Тое, за што яго любяць прыхільнікі.
Мы па традыцыі штогод асвятляем падзеі ММКФ “Лістапад”. Але чамусьці толькі сёлета я заўважыў: гэты фэст амаль заўсёды супадае па часе з восеньскімі школьнымі канікуламі. А гэта значыць, што нашы настаўніцы змогуць спакойна пайсці ў кіно, змогуць убачыць кіно, адчуць кіно, падзяліцца ўражаннямі ад кіно са сваімі вучнямі. Не кажучы ўжо пра фестываль у фестывалі “Лістападзік”. Гэта вельмі важна, калі настаўнік дзеліцца сваімі адчуваннямі і эмоцыямі са сваімі вучнямі… Сам памятаю са школьных гадоў.
А каб вам было прасцей сарыентавацца ў насычаным графіку фестывалю — невялікі навігатар.
ММКФ “Лістапад” сёлета пройдзе з 4 па 11 лістапада.
Фільмам-адкрыццём форуму стане стужка “Пецярбург. Толькі па любові”, створаны ажно 7 (!) рэжысёрамі, прычым выключна — рэжысёрамі-жанчынамі (!). Аксана Бычкова, Аксіння Гог, Наталля Кудраўцава, Рэната Літвінава, Наталля Назарава, Ганна Пармас і Аўдоцця Смірнова знялі 7 гісторый пра каханне і самоту, выпадковасць і надзею, якія і сёння жывуць у самым прыгожым расійскім горадзе.
Акрамя “Пецярбурга”, у конкурснай праграме сёлетняга “Лістапада” будзе прадстаўлена яшчэ 11 фільмаў.
Пятнаццацігадовая Анішоара, гераіня аднайменнай стужкі “Анішоара” (Германія, Малдова), летам па звычцы збірае кавуны са сваімі сябрамі, а восенню ў яе вёску прыязджае нямецкі турыст і не дае ёй спакою…
На радзіму Дракулы, у румынскую Трансільванію, завядзе гледача румынска-французска-бельгійскі фільм “Атэстат сталасці” рэжысёра Хрысціяна Мунджыу. Рамэа Альдэа бачыць увесь сэнс жыцця ў шчасці сваёй дачушкі Элізы, і нібыта яго і яе мары збываюцца: дзяўчына атрымала стыпендыю для вывучэння псіхалогіі ў Лондане. Але здараецца трагедыя, якая пераварочвае іх жыццё…
“Дні, якія збілі з панталыку” (Эстонія) — фільм пра 27-гадовага эстонца Алара, які бадзяецца з адной вечарынкі на другую, сустракае там усялякіх каларытных, але вельмі сумніўных персанажаў, і… раптам задумваецца пра сэнс жыцця.
Кінастужка ад кыргызстанскіх рэжысёраў Бакыта Мукула і Дастана Жапарна Уулу “Завяшчанне бацькі” раскажа гісторыю пра Азата, які пражыў 15 гадоў у эміграцыі ў ЗША і вярнуўся ў родную вёску, каб выканаць апошнюю волю памерлага бацькі — расплаціцца з яго даўгамі. Але неўзабаве з’яўляецца яго малодшы брат Чара, і высвятляецца, што зусім не даўгі хвалявалі бацьку Азата перад смерцю…
“Чырвоны павук” — так называецца фільм вытворчасці Польшчы, Чэхіі і Славакіі з абсалютна неверагодным сюжэтам: 1967 год, усім заходнім светам руляць “Ролінг Стоўнз” і хіпі, паўсюль у Амерыцы і Еўропе чуцён пах марыхуаны, а Караль Крэмер, звычайны чэшскі юнак з добрапрыстойнай чэшскай сям’і, неяк у парку знаходзіць цела забітага хлопчыка. Ён здагадваецца, што чалавек, з якім ён сутыкнуўся за хвіліну да гэтага, і ёсць забойца…
Пасля смерці маці Рэбека разам са сваім малодшым братам Дані шукае бацьку ў стужцы “Лілі Лейн” (Венгрыя, Германія, Францыя). Іх мінулае поўнае змрочных тайн…
Балгарскі рабочы-чыгуначнік Цанка Петраў знаходзіць агромністую суму грошай і здае яе ў паліцэйскі ўчастак (“Слава”, Балгарыя, Грэцыя). Дарма ён гэта зрабіў…
Прыз за лепшы сцэнарый ад міжнароднага таварыства аматараў кіно на Канскім фестывалі атрымаў фільм “Сьераневада” (Румынія, Францыя, Боснія і Герцагавіна, Харватыя, Македонія). Памінкі ператвараюцца ў суцэльную спрэчку, а спрэчка — у хаос. Нават святар не можа супакоіць агрэсіўных спрачальнікаў, якія па-рознаму ставяцца да вядомага тэракта ў Парыжы…
Неверагодная інтрыга закручваецца ў фільме казахстанскага рэжысёра Адзільхана Ержанава “Чума ў ауле Каратас”. Малады ўрач прыязджае ў далёкі незнаёмы аул Каратас. З першага дня разумее, што там пануе эпідэмія — бубонная чума. Але жыхары аула не хочуць гэтага прызнаваць. Яны зрасліся з гэтай хваробай. Чума стала часткай іх культуры, аховай ад усяго астатняга “цывілізаванага” жорсткага свету…
“Я, Вольга Гепнарава” — назва карціны вытворчасці Чэхіі, Польшчы, Славакіі, Францыі і пачатак дзённіка Вольгі Гепнаравай, якая адчувала сябе аўтсайдарам у сацыялістычнай Чэхаславакіі 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Яе запісы з гадамі сталі культавымі…
А Лі Сяэлянь, гераіня фільма “Я не мадам Бавары” (Кітай), змагаецца за аднаўленне сваёй рэпутацыі прыстойнай жанчыны пасля разводу з мужам. Дзеля гэтага яна гатова дайсці да Пекіна…
11 лістапада ў кінатэатры “Масква” пакажуць фільм закрыцця форуму — таксама з асноўнай конкурснай праграмы. Гэта стужка “Рэшткавыя выявы” мэтра сусветнага кінематографа Анджэя Вайды. Біяграфічная драма раскажа пра апошнія гады жыцця выбітнага польскага і беларускага мастака-авангардыста тэарэтыка ўнізму ў абстрактным мастацтве першай паловы ХХ стагоддзя Уладзіслава Стржэмінскага. Баёпік прымусіць расчуліцца не абыякавых да мастацтва людзей. У пасляваеннай Польшчы Уладзіслаў Стржэмінскі выкладаў у Лодзінскай нацыянальнай школе выяўленчага мастацтва. Студэнты яго абагаўлялі, лічылі яго “месіяй сучаснага жывапісу”. Але за неадпаведнасць догмам сацыялістычнага рэалізму Уладзіслава Стржэмінскага адхілілі ад выкладання і выключылі нават з Саюза мастакоў Польшчы…
Сёлета абяцае выйсці на новы ўзровень “Лістападзік” — фільмы з праграмы дзіцячага і юнацкага кіно ў рамках “Лістапада”. Надоечы дырэктар ігравога кіно ММКФ “Лістапад” Ігар Сукманаў заўважыў: “Сучасны дзіцячы фільм — гэта не пра прыгоды і школьныя гісторыі. Цяпер на першы план выходзяць фільмы, у якіх дзяцінства прадстаўлена вельмі праўдзіва, без прыхарошвання, дзе зафіксаваны ўсе найбольш складаныя моманты сталення. Мы, адбіраючы карціны на конкурс, ставілі на тыя фільмы, у якіх падымаюцца праблемы існавання дзяцей у гэтым вялікім-вялікім свеце”.
“Лістападзік” сёлета — гэта 8 карцін, створаных кінематаграфістамі Азербайджана, Бельгіі, Балгарыі, Германіі, Францыі і ЗША. Упершыню прадстаўлены работы вядомых аўтараў, чыя творчасць раней ніяк не асацыіравалася з дзіцячым кіно. Так, можна будзе ўбачыць карціну аднаго з лепшых рэжысёраў незалежнага амерыканскага кінематографа Айры Сакса “Маленькія мужчыны”. Яе галоўны герой — ціхі амерыканскі падлетак Джэйк, які знаёміцца на пахаванні свайго дзеда з гіперактыўным Тоні. Яны чамусьці становяцца сябрамі, мараць разам вучыцца ў школе. Але на парозе чыстага наіўнага сяброўства паўстаюць іх бацькі…
Яшчэ адна іскрынка сёлетняга “Лістападзіка” — фільм знакамітага француза Мішэля Гандры (яго творчасць вядомая нашаму гледачу ў першую чаргу па фільме “Вечнае ззянне чыстага розуму”) “Мікроб і Бензін”. У адзін цудоўны момант парыжскія падлеткі па мянушках Мікроб і Бензін заводзяць сваё экстравагантнае аўто і выпраўляюцца ў доўгі шлях… Але гэта не так званае роўд-муві, як можа падумаць чытач. Гэта роўд з дзяцінства ў дарослае жыццё, у якім Мікроб і Бензін пачынаюць разумець, што іх дзяцінства — гэта іх радзіма і шчасце.
Акрамя таго, у рамках “Лістападзіка” будуць паказаны “Кіпер” (Бельгія, Францыя, Швейцарыя; фільм пра 15-гадовых Максіма і Мелані, якія кахаюць адно аднаго, але Мелані ўжо зацяжарыла да таго, як пазнаёміцца з Максімам), “Жалейка” (Германія, Балгарыя; у 17-гадовай Лоры памёр бацька, але яна юная і жыццярадасная, яна не хоча насіць жалобнае чорнае адзенне), “Маленькая паляўнічая з беркутам” (Вялікабрытанія, ЗША, Манголія; 13-гадовая Айшалпан парушыла тысячагадовую традыцыю манголаў і стала першай у гісторыі мангольскай дзяўчынай, якая авалодала “мужчынскім” мастацтвам палявання на драпежных птушак), “На ўзроўні вачэй” (Германія; 11-гадовы Міша даведваецца, што ў яго ёсць бацька, ідзе да яго на сустрэчу, але сустракае мужчыну вельмі нізкага росту і жахаецца ад яго), “Прыгоды Нэлі” (Германія; юная немка Нэлі падчас падарожжа па Трансільваніі губляецца і трапляе ў рукі цыганоў, але менавіта ў цыганскім табары яна знаходзіць сяброў і сэнс жыцця), “Урок” (Азербайджан; 10-гадовага Халіда аднакласнікі называюць не інакш як Бегемотам з-за яго нязграбнасці, але ў яго вельмі востры розум і добрае сэрца).
Як заўсёды, феерычны ўсплёск нетрадыцыйнай кінематаграфічнай думкі ўяўляе на “Лістападзе” праграма дэбютных карцін рэжысёраў з усяго свету “Маладосць на маршы”. Гэты конкурс, як заўважае Ігар Сукманаў, у адрозненне ад асноўнай конкурснай праграмы не абмежаваны тэрыторыямі, праблемамі і апісаннямі посткамуністычнага свету. Гэта прастора абсалютнай творчасці, смелых і дзёрзкіх эксперыментаў, адкрытых разнастайным інтэрпрэтацыям і трактоўкам. У “Двайным жыцці” (Японія) 25-гадовая студэнтка Тама спрабуе па-свойму выйсці з дэпрэсіі. У “Дэманах” (Канада) 10-гадовы Фелікс змагаецца са сваімі дзіцячымі страхамі і, як на злосць, даведваецца пра тое, што ў прыгарадзе Манрэаля знікаюць малодшыя школьнікі. У “Дзікіх розумам” (Бельгія, Венгрыя, Нідэрланды) блізняты брат і сястра праз 12 гадоў пасля разлукі сустракаюцца, але ж яны такія розныя: дзяўчынка выхоўвалася ў багатай інтэлігентнай сям’і, а брат гадаваўся на ўскраіне Амстэрдама ў вулічнай бандзе. У “Допыце” (Ізраіль, Германія) былы начальнік канцлагера “Асвенцім” Рудольф Франц Фердынанд Хес чакае суда ў польскай турме, дае прызнанні следчаму і сам жахаецца ад банальнасці, штодзённасці зла, якое панавала ў лагеры. У “Заапарку” (Расія) маладая супрацоўніца заапарка Наташа праз насмешкі навакольных людзей, праз сорам і адчай прыходзіць да сябе, адчувае сябе паўнацэнным чалавекам. У “Машынэрыі Панамерыкана” (Мексіка, Польшча) аднойчы ў будаўнічай кампаніі “Машынэрыя Панамерыкана” знаходзяць мёртвым яе начальніка Дона Алехандра, а супрацоўнікі… вырашаюць зачыніцца разам з нябожчыкам у памяшканні, каб ніхто не даведаўся пра гэта. У “Мімозах” (Іспанія, Марока, Францыя, Катар) караван з памерлым шэйхам ідзе праз Атласкія горы паводле запавету шэйха, але дарогу ніхто не ведае. У фільме “Ніхто” (Калумбія) пяцёра сяброў — Каміла, Мечас, Ману, Ана і Піпа — развітваюцца з юнацтвам, але не развітваюцца адно з адным, бо іх навек паяднала любоў да музыкі і графіці. У карціне “Той, хто спявае на магілах” (Малайзія, Філіпіны) 68-гадовы Пепе, які ўсё жыццё пераймаў манеру жыцця легенды філіпінскага року Джоэя Сміта, усведамляе, нарэшце, што прыйшоў час выйсці з ценю свайго куміра і стаць самім сабой. У “Самым шчаслівым дні ў жыцці Олі Мякі” (Фінляндыя, Швецыя, Германія) баксёр Олі Мякі ў кроку ад сваёй запаветнай мары заваяваць тытул чэмпіёна свету, але гэтая мара робіцца для яго недасягальнай з-за… кахання. У фільме “Святы” (Літва, Польшча) Вітаса звальняюць з завода, ён спрабуе знайсці новую працу, а сустракае Петраса; разам яны шукаюць хлопца, які бачыў… Ісуса Хрыста. У “Забойчай здымцы” (Ліван, Катар) Джад сядзіць у турме за злачынства, якое здзейсніў яго брат Зіяд; пасля турмы ён трапляе разам з братам у яшчэ горшае становішча…
Праграму дакументальнага кіно “Лістапада-2016” днямі пракаментавала яе дырэктар Ірына Дзям’янава: “Мы хацелі паказаць вельмі рознае кіно. Кіно маладых і масцітых рэжысёраў. Кіно пра маладых людзей і тых, хто на зыходзе жыцця задумваецца пра яго сэнс. Кіно, якое здымалася побач з намі і ў самых экзатычных кутках нашай планеты”.
Вось некаторыя фільмы, якія ўвайшлі ў асноўны конкурс дакументальнага кіно.
Усё наша жыццё змясцілася ва ўкраінска-літоўска-нямецкім фільме “Шэрыфы”: шэрыфы з вёскі Старая Збур’еўка выратоўваюць жанчыну ад анаконды, усяляюць бяздомнага Колю ў пусты дом, вызваляюць з-пад арышту непісьменнага індзейца… А вакол — вайна.
“Калі зямля здаецца лёгкай” — гэтая стужка вытворчасці кінематаграфістаў з Германіі і Грузіі будзе асабліва цікавай для педагогаў з сістэмы дадатковай адукацыі, бо раскажа пра скейтараў і музыкаў, якія згубіліся ў нашым сутаргавым жыцці. Але якім пры жаданні можна дапамагчы.
Варта не прапусціць і польскі фільм “Прычасце”: Волі ўсяго 14 гадоў, а бацька ў яе непрацаздольны, маці развялася даўно з бацькам і пакінула сям’ю, брат — аўтыст. У равесніц зусім іншыя, чым у яе, жаданні і прыхамаці. А ў Волі толькі адно жаданне: каб вярнулася ў сям’ю мама, каб завесці разам усёй сям’ёй малодшага браціка на прычасце… Можа, хто ўжо забыўся — размова ідзе пра дакументальнае кіно, пра рэальныя жыццёвыя гісторыі.
Адзін з самых гучных хітоў сёлетняй “лістападаўскай” дакументалістыкі — фільм “Х’юстан, у нас праблема” (Славенія, Харватыя, Германія, Катар). Рэжысёр Жыга Вірц знаёміць нас з новымі матэрыяламі пра так званую халодную вайну, касмічную гонку СССР і ЗША навыперадкі, гісторыю NASA на Месяцы. У прыватнасці, у фільме даследуецца міф пра тайную шматмільярдную здзелку па пакупцы Злучанымі Штатамі засакрэчанай югаслаўскай касмічнай праграмы ў пачатку 60-х.
“Халоднымі вушамі” накрыюць нашых кінааматараў літоўскія дакументалісты. Яны прэпаруюць у гэтым фільме жыццё бацькі і сына, якія жывуць разам — пажылы фермер і яго глуханямы сын. Першы лічыць другога ненармальным і інфантыльным. Сын бачыць у бацьку грубага дэспата. Яны спрабуюць знайсці кампраміс, але так і не знаходзяць.
Нямецкі рэжысёр Андрэас Войт сваёй стужкай “Час пакажа” завядзе нас на вуліцы Германіі пачатку 90-х гадоў, пазнаёміць з Ізабэль, Джэні і Стывенам, якія жылі да сваіх 16 гадоў у ГДР, а прачнуліся аднойчы ў ФРГ. Іх жыцці склаліся па-рознаму. Сёння, праз 25 гадоў пасля ўз’яднання заходніх і ўсходніх немцаў, яны ўспамінаюць, яны абдымаюць адно аднаго, яны плачуць…
…Трымаю ў руках праграмку Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад”: больш за 100 фільмаў. З улікам таго, што ў рамках форуму будуць дэманстравацца і поўнаметражныя мастацкія фільмы даўжынёй у 2 гадзіны і больш, і дакументальныя стужкі па 10—20 хвілін, будзем лаканічныя ў сваіх падліках. Нас чакае, прынамсі, 100 гадзін прагляду.
Стоміцца цела, стомяцца вочы, стомяцца слёзы…
Але натоліцца душа.
Мікола ЧЭМЕР.