Браты выкладаюць геаграфію, сястра — рускую мову: гісторыя педагагічнай дынастыі Лякуціных — Кучар з Рэчыцы

- 11:02Новости

Браты­-блізняты выкладаюць геаграфію, сястра — рускую мову і літаратуру. Абедзве нявесткі ў гэтай сям’і таксама настаўніцы. Гісторыя маладой педагагічнай дынастыі Лякуціных — Кучар з Рэчыцы, якая мае ўсе шансы прадоўжыцца. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Моцны падмурак

Дыплома настаўніцы ў яе не было, аднак усё сваё жыццё яна прысвяціла школе. Зусім юнай 18-гадовай дзяўчынай Рыма Іосіфаўна Лякуціна стала піянерважатай у рэчыцкай школе № 7. Праз год, у 1966-м, перайшла ў толькі што пабудаваную новую ўстанову адукацыі — школу № 8.

Э.В.Кучар, Г.В.Лякуцін, Р.І.Лякуціна, А.В.Лякуцін, Т.В.Лякуціна

Энергічная, вясёлая, поўная ідэй і задум, Рыма Іосіфаўна проста рабіла тое, што ўмела, а піянеры і камсамольцы былі яе самымі шчырымі памочнікамі. Злёты і сходы, турыстычныя паходы, работа клуба інтэрнацыянальнага сяброўства “Пошук”, ушаноўванне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, гульня “Зарніца”… Ёй усё было цікава, на ўсё хапала запалу. Падчас усесаюзных акцый “БАМу — піянерскія цягнікі”, “Мільён — Радзіме!”, “Дары роднай прыроды”, “Жыві, кніга!” актывістамі школы была сабрана велізарная колькасць металалому, макулатуры, лекавых раслін, захаваны сотні кніг і пад­ручнікаў, высаджана столькі ж дрэў і кустоў.

— А яшчэ штогод право­дзілі незвычайнае мерапрыемства “Раніца нашага горада”. Кожны клас атрымліваў заданне ўзяць інтэрв’ю ў работнікаў рэчыцкіх прадпрыемстваў, якія ідуць на работу. Школьнікі задавалі ім пытанні аб сям’і, захапленнях, прадукцыі, якая выпускаецца на вытворчасці. Так атрымаўся невялікі летапіс аб лепшых людзях горада “Заводская проходная, что в люди вывела меня”, — дзеліцца ўспамінамі Рыма Іосіфаўна і дадае: — Мы заўсёды актыўна адгукаліся на па­дзеі ў свеце і праводзілі мітынгі салідарнасці з народамі Чылі, Партугаліі, Кубы. Арганізоўвалі збор сродкаў у дапамогу дзецям В’етнама. Заробленыя грошы пералічвалі ў Фонд міру.

Такая актыўная дзейнасць дружыны не была пакінута без увагі — пра яе знялі сюжэт для ўсесаюзнай тэлевізійнай перадачы “Адгукніцеся, гарністы”. Але куды прыемней той факт, что ўнучка Рымы Іосіфаўны Аліна напісала навукова-даследчую работу “Роля піянерважатай у рабоце са школьнікамі ў 60—70-х гадах ХХ стагоддзя”. Лішнім будзе гаварыць, хто стаў галоўным героем гэтай работы. Дарэчы, Аліна тады заняла 1-е месца на абласной канферэнцыі даследчых работ вучняў “Мележаўскія чытанні”.

А яшчэ яе бабуля ў маладосці смела разам з камсамольцамі сачыла за грамадскім парадкам у вячэрнім горадзе. І падчас аднаго з рэйдаў пазнаёмілася з будучым мужам. Валерый Уладзіміравіч быў таксама дружыннікам. Маладыя пакахалі адно аднаго і ажаніліся. Спачатку нарадзілася дачка. Імя ёй выбралі таксама рэдкае — Эла. Праз шэсць гадоў з’явіліся на свет сыны-блізняты — Алег і Генадзь. Рыма Іосіфаўна перайшла на пасаду загадчыка школьнай бібліятэкі і да выхаду на пенсію яе не пакідала.

Жыла сям’я побач са школай № 1, дзе і вучыліся ўсе трое дзяцей. Сярод суседзяў было шмат выдатных настаўнікаў, многія з якіх былі сябрамі Лякуціных-старэйшых. Хто ведае, можа, гэтая акалічнасць паўплывала на тое, што маладое пакаленне Лякуціных таксама выбрала высакародную прафесію.

Дачка стала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, Алег і Генадзь — настаўнікамі геаграфіі. Маці шчыра ганарыцца імі, хаця, як прызнаюцца самі дзеці, уласнымі пахваламі не балуе. Ёй куды важней пачуць добрыя словы пра сваіх дзяцей ад іншых людзей.

Рыме Іосіфаўне прыемна, што дачка і сыны перанялі яе з мужам падыход да жыцця і ім кіруюцца: галоўная каштоўнасць — твая патрэбнасць людзям, твая карыснасць краіне, якая выгадавала цябе.

Невычэрпныя крыніцы натхнення

Чытанне было сапраўдным сямейным захапленнем. Гэта любоў і паспрыяла таму, што Эла Валер’еўна Кучар стала студэнткай філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Праўда, паступіла не з першага разу.

— Каб не губляць час, пайшла працаваць на ткацкую фабрыку. Там я, дамашняя дзяўчынка, атрымала найцікавейшы вопыт, — узгадвае настаўніца.

Першым яе працоўным месцам стала школа № 7, потым перайшла ў 11-ю, дзе дарасла да пасады намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. І вось ужо каля 20 гадоў Эла Валер’еўна не развітваецца з Рэчыцкім раённым ліцэем. Тут яна і настаўніца, і намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце.

Іна ЕРАШЭНКА, загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Рэчыцкага раёна: Калі Лякуціны і Кучар бяруцца за справу, то робяць усё на найвышэйшым узроўні. Сумнявацца ў іх прафесіяналізме і адказнасці не прыходзіцца. Вельмі надзейныя і апантаныя настаўнікі. Гордасць нашага раёна.

Сціплая па сваёй прыродзе, яна не прывыкла сябе хваліць, расказваць пра свае дасягненні. А іх шмат. Таму што Эла Валер’еўна ўвесь час развіваецца, удзельнічае ў разнастайных канферэнцыях, конкурсах, семінарах, піша артыкулы і вершы. У 2014 годзе стала настаўнікам-метадыстам. Разам з дзецьмі працуе над даследчымі работамі, праводзіць літаратурныя гасцёўні, стварае праекты і відэафільмы.

— Ганаруся, калі бачу, як сталеюць мае вучні, як яны пранікнёна чытаюць творы рускіх класікаў, калі самі пішуць вершы, эсэ. Дзе­ці — вялікія крэатыўшчыкі, гатовыя падтрымаць любое пачынанне і прапанаваць свае ідэі. Таму ў ліцэі не бывае сумна, кожны дзень багаты на новыя падзеі. Я бязмерна ганаруся нашым працоўным калектывам, тут сабраліся сапраўдныя працаўнікі педагагічнай нівы, — падкрэслівае суразмоўніца.

Але ж галоўным дасягненнем у сваім жыцці яна лічыць сям’ю, маючы на ўвазе не толькі сваю, асабістую, але і тую адну вялікую, якая аб’ядноўвае бацькоў і сем’і братоў. Яна пераканана, можна ганарыцца многім у гэтым жыцці, але нішто не заменіць родных людзей.

Цікава, што старэйшы сын Элы Валер’еўны Максім пайшоў па слядах братоў маці — стаў настаўнікам геаграфіі. Выкладае ў сталічнай школе № 10. Малодшы Андрэй у гэтым годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ. Кандыдат у майстры спорту па вольнай барацьбе.

— Ніколі не забуду авантурнае падарожжа, у якое мяне запрасілі мае дзеці. Два гады назад мы разам адправіліся ў Карэлію. Дзякуй ім за такую магчымасць! Акрамя прыгажосці краю, незабыўным уражаннем стаў сплаў па горных рэках. Страшна было — не тое слова. Але ж дзеля таго, каб па­чуць ад сваіх дарослых сыноў словы: “Мама — ты малайчына! Ты крутая!”, — варта было пайсці на такую рызыку, — усміхаецца настаўніца.

20 мінут

Менавіта столькі складае розніца паміж братамі-блізнятамі. Мне так хацелася пачуць вясёлыя гісторыі з іх школьнага жыцця, аднак не пачула, бо іх не было. Генадзь Валер’евіч і Алег Валер’евіч вельмі адказна і сур’ёзна ставіліся да вучобы, як і да жыцця ўвогуле.

— Хітрыкі і жартачкі — гэта не пра нас з братам. Выдатнікамі мы не былі, але вучыліся добра. Асабліва цікавіла геаграфія. А любоў да яе пачалася з клуба інтэрнацыянальнай дружбы, якім кіравала настаўніца нямецкай мовы Еўфрасіння Мацвееўна Святагор. Паступова з братам пачалі ўдзельнічаць у алімпіядным руху, а потым разам паступілі на геаграфічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны. Часам нам здаецца, што прафесія сама нас выбрала, — расказвае Алег Валер’евіч.

Пасля атрымання вышэйшай адукацыі іх працоўныя шляхі разышліся ў розныя школы Рэчыцы. Алег стаў выкладаць геаграфію ў 11-й, а Генадзь — спачатку ў 1-й, пасля службы ў арміі — у 4-й, а потым перайшоў у Капароўскую вясковую школу.

— З гэтай установай адукацыі мяне звязваюць самыя цёплыя ўспаміны. Там быў намеснікам дырэктара, а потым узначальваў школу. Навучанне вялося на беларускай мове, вучні дасягалі значных поспехаў на ЦТ і алімпіядах. Тут быў сабраны моцны педагагічны калектыў, многія друкавалі свае артыкулы ў выданнях выдавецтва “Педагагічная прэса”. На жаль, школу закрылі, бо з цягам часу стала зусім мала дзяцей, — адзначае настаўнік.

З 2015 года Генадзь Валер’евіч працуе ў Азершчынскай сярэдняй школе № 1.

— Тут самае сучаснае абсталяванне ў кабінетах, фору можам даць і гарадскім школам, — упэўнены Генадзь Валер’евіч. — Аднак геаграфічныя карты ніхто не адмяняў. Дзецям падабаецца з імі працаваць.

А яшчэ Генадзь Валер’евіч з’яўляецца кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні, праводзіць прафарыентацыйныя заняткі, шмат увагі ўдзяляе экскурсіям і прамысловаму турызму, наведваючы з дзецьмі розныя прадпрыемствы, важныя і знакавыя месцы Беларусі. Яго дэвіз па жыцці: “Калі быць, то лепшым!”. Ён дапамагае яму ісці наперад і не баяцца памылак.

Алег Валер’евіч пасля 11-й школы перайшоў у Рэчыцкі раённы ліцэй. У іх з сястрой вось ужо амаль 20 гадоў адзін на дваіх рабочы кабінет. І для родных людзей гэта толькі плюс. Брат не толькі выкладае геаграфію, займае пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, а яшчэ актыўна рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядах і конкурсах.

— Калі вакол цябе моладзь — адчуваеш і сябе маладым, — заўважае Алег Валер’евіч.

Сакрэт пабудовы паспяховых адносін з вучнямі ў яго просты — зацікавіць асабістым прыкладам, адносіцца з павагай, быць шчырым з дзецьмі, каб яны адчувалі сябе асобамі. Тады навучэнцы пойдуць за настаўнікам.

Браты ніколі не працавалі ў адной школе, а вось асабістае шчасце знайшлі ў адной і той жа ўстанове адукацыі. Ёй стала сярэдняя школа № 11.

Жонка Алега Валер’евіча Таццяна Васільеўна таксама выкладае геаграфію. А жонка Генадзя Валер’евіча Алена Мікалаеўна — настаўніца англійскай мовы. Абе­дзве маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і працуюць у 11-й школе.

— Мая жонка — мой тыл, дапамагае мне ва ўсім. Пры гэтым ведае, заўсёды яе выслухаю, таксама падтрымаю. Такія беражлівыя адносіны бачыў у бацькоўскай сям’і. На маю думку, жанчынам складана ў школе ў эмацыянальным плане. Хацелася, каб мужчын сярод настаўнікаў было больш. Вучні па-іншаму адносяцца да нас, — перакананы Алег Валер’евіч.

Іх старэйшая дачка — геолаг. Не так даўно сама стала мамай. Малодшая вучыцца ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Ці будзе настаўніцай, пакуль пытанне адкрытае. Час пакажа.

У Генадзя Валер’евіча двое дзетак. Старэйшы сын скончыў 9 класаў. Пакуль не вызначыўся з будучай прафесіяй. Шмат увагі ўдзяляе спорту. Дачка перайшла ў 6 клас.

— Нашы бацькі былі і застаюцца для нас прыкладам таго, як ісці па жыцці — дружна, з любоўю і павагай адно да аднаго і людзей навокал, — дзеліцца настаўнік. — Мы любім збірацца ра­зам, адзначаць сямейныя святы. Часам нашы сустрэчы нагадва­юць педсавет, але ж агульная справа яшчэ больш аб’ядноўвае.

Марына ЖДАНАВА