Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт запрашае абітурыентаў-2024 на новую спецыяльнасць машынабудаўнічага факультэта — “Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Інжынірынгавым і вытворчым кампаніям краіны неабходны спецыялісты, якія ўмеюць праектаваць і ствараць вырабы з выкарыстаннем сучасных 3D-праграм, разбіраюцца ў аўтаматызаваных сістэмах кіравання вытворчасцю, 3D-прынтарах і сканерах, станках і ўстаноўках з ЛПК. Бо выкарыстанне 3D-тэхналогій дазваляе скараціць выдаткі на матэрыялы і час вытворчасці. Такіх спецыялістаў рыхтуюць у БДТУ, ВДТУ, БРУ, БарДУ, ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай, ГДТУ імя П.В.Сухога, а з наступнага года — і ў БрДТУ.
— Наш універсітэт выпускае высокакваліфікаваных тэхнолагаў і канструктараў. Аднак зараз стагоддзе трохмерных тэхналогій — гэта сучаснасць і будучыня нашага грамадства. Каб і нашы спецыялісты былі высокакампетэнтнымі, мы вырашылі адкрыць спецыяльнасць “Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій”, — паведаміў дэкан машынабудаўнічага факультэта С.Р.Аныська. — Акрамя таго, мы прааналізавалі попыт нашых вядучых арганізацый — заказчыкаў кадраў на такіх спецыялістаў і ўбачылі, што патрэбнасць у іх толькі ў Брэсцкай вобласці перавышае 20—30 чалавек у год на розных прадпрыемствах. У іх ліку — “Брэстгазаапарат”, “Савушкін прадукт”, “Санта Брэмар”, “Брэстгаз”, “ПП Палессе”, “Салеа-Кобрын”, “Ніва-Холдынг” і нават “СтанкаГомель”.
Па словах Сяргея Раманавіча, ужо складзены прыкладны вучэбны план па гэтай спецыяльнасці. Тыя, хто выбера яе, будуць вывучаць як стандартныя, базавыя для тэхнолагаў і канструктараў дысцыпліны (“Тэхналогія машынабудавання”, “Тэхналагічнае абслугоўванне машынабудаўнічай вытворчасці”), так і спецыяльныя па камп’ютарным мадэляванні і праектаванні, інжынерным аналізе, адытыўных тэхналогіях і г.д.
Да таго ж ва ўніверсітэце плануюць правесці перагаворы з прадпрыемствамі аб падрыхтоўцы кадраў па новай спецыяльнасці на аснове мэтавага набору. Вялікая верагоднасць, што і ў пераможцаў унутранай універсітэцкай алімпіяды будзе магчымасць паступіць на гэтую спецыяльнасць без уступных экзаменаў. Аднак дакладана пра гэта стане вядома напярэдадні правядзення алімпіяды, таму варта сачыць за навінамі БрДТУ.
— У наступным годзе мы плануем набраць каля 20 чалавек на бюджэт і 5—6 — на платнае навучанне. Для паступлення абітурыентам неабходна здаць ЦЭ або ЦТ па рускай/беларускай мове, матэматыцы і фізіцы. Пасля чатырох гадоў вучобы выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю інжынера, — адзначыў С.Р.Аныська. — На гэтую спецыяльнасць мы запрашаем і юнакоў, і дзяўчат, пажадана з аналітычным складам розуму, лагічным мысленнем, назіральнасцю і здольнасцю да навучання.
Інжынер па трохмерных (3D) тэхналогіях — гэта спецыяліст-вынаходнік, які стварае і ўдасканальвае тэхнічныя механізмы. Ён арыентаваны на канструктарскую, тэхналагічную і інжынірынгавую дзейнасць у галіне 3D-тэхналогій у машынабудаванні і прыборабудаванні, будаўніцтве, архітэктуры, дызайне, выпуску тавараў народнага спажывання. Гэта прафесія адначасова адна з самых запатрабаваных у цяперашні час і перспектыўных для будучыні.
Дарэчы, місія машынабудаўнічага факультэта БрДТУ — падрыхтоўка высокакваліфікаваных інжынерных кадраў для розных сектараў нацыянальнай эканомікі.
— Сёння ў нас 4 спецыяльнасці і 6 спецыялізацый. Апошнім часам самая топавая спецыяльнасць — “Аўтасэрвіс”, конкурс на якую сёлета склаў каля 3 чалавек на месца. Яна карыстаецца папулярнасцю, бо паступаючыя лічаць, што тут яны навучацца эксплуатаваць і рамантаваць аўтамабіль. Пры гэтым нашы класічныя спецыяльнасці “Тэхналогія машынабудавання” і “Тэхнічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці” застаюцца крыху ўбаку, хоць нашы вядучыя прадпрыемствы з радасцю прымаюць на работу выпускнікоў менавіта гэтых спецыяльнасцей і ствараюць для іх выдатныя ўмовы працы. Таму можна смела паступаць на любую, каб стаць запатрабаваным спецыялістам, — падкрэсліў дэкан машынабудаўнічага факультэта.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота БрДТУ