Трапіў аднойчы на распродаж пласцінак ад дыджэя — купіў. Знайшоў дыджэйскія вяртушкі і пульт — купіў. Потым пайшлі самастойнае навучанне, першыя вечарыны і асабістыя сэты. Так пачынаў музычны шлях Ален Кунінгіса, педагог Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” Мінска.
Да дыджэінгу Ален Альбертавіч прыйшоў праз брэйк-данс, падабалася музыка. На адным з конкурсаў ён пазнаёміўся з загадчыкам аддзялення вулічнай культуры і спорту цэнтра “Вікторыя” Аляксандрам Войнавым, які праз пэўны час прапанаваў маладому дыджэю стварыць сваё аб’яднанне ва ўстанове. “Я ўвогуле не збіраўся стаць педагогам, таму што гэта вельмі сур’ёзная праца, — прызнаецца Ален. — Але так супала, што ў тым годзе я шмат ездзіў на розныя фестывалі, дзе праходзілі ў тым ліку адукацыйныя канферэнцыі, пачаў больш глыбока вывучаць культуру”. Так дыджэй стаў яшчэ і педагогам па дыджэінгу.
Зараз на заняткі ў цэнтр “Вікторыя” ходзіць некалькі груп па 2—3 чалавекі. Яны вучацца асновам хіп-хоп-дыджэінгу: скрэтчу, валоданню пласцінкай, стварэнню сэмплаў на пласцінцы. “Спачатку я правяраю дамашняе заданне. Звычайна гэта пошук нейкай музыкі, дзякуючы чаму дзеці даведваюцца пра пэўны стыль. Напрыклад, пра олдскул хіп-хоп 1979—1985 гадоў. Гэта самы пачатак хіп-хопа, тады выйшла шмат трэкаў. Яшчэ важна, каб гэта не быў нейкі топ-100, трэба знайсці эксклюзіў, які цікава паслухаць і пайграць. Так мы праходзімся па дыска і хаусе, па тэхна і брэйк-біце. Бываюць такія заданні: калі ты іграеш на нейкім фестывалі ці ў еўрапейскім клубе, то паглядзі, хто там выступае, і падрыхтуй падборку, каб яна не была падобна да астатніх, але і не выбівалася з агульнай плыні. На занятках развіваем пачуццё пласцінкі (пераматаць, паставіць іголку на патрэбнае месца, паскрэтчыць), трэніруемся зводзіць трэкі. Бываюць моманты, калі скрэтч нармальна асвоілі, а са звядзеннем нешта не тое. Тады дзеля балансу я больш увагі ўдзяляю таму кампаненту, які цяжэй даецца вучням. Калі хтосьці хоча парабіць біты, папісаць электронную музыку, заўсёды штосьці падкажу. Гэта, канечне, асобная плынь, але накіраваць можна”.
Заняткі праходзяць дакладна па раскладзе, паўз амаль няма. Педагог кажа, што часам дзеці стамляюцца, як на сапраўднай спартыўнай трэніроўцы. Важныя рысы для дыджэяў, па меркаванні Алена Кунінгіса, гэта розум (ці дыджэйскае IQ) і ўседлівасць. “Некаторым вучням даю матэматычныя прыклады, яны на хуткасць складваюць, аднімаюць двухзначныя, трохзначныя лічбы. Гэта дапамагае, бо, калі ў цябе вялікая калекцыя музыкі, ты павінен у ёй імгненна арыентавацца, быць гнуткім”. Уседлівасць неабходна для прагрэсу. Дыджэй не той, хто проста выйшаў, уключыў трэк і пакруціў пласцінку. Каб знайсці свой стыль, трэба аддаць шмат сіл і часу, а гэта толькі адзін пункт працы. “Дыджэяў, у якіх няма фундаменту, я за кіламетр адчуваю. Для мяне галоўнае не толькі каб музыка выклікала жаданне танцаваць, але і каб схіляла да роздумаў, давала нейкую адукацыю. Калі гэта трэк-ліст “як хтосьці” ці “топ чагосьці”, то яно адразу адчуваецца”.
Ален Альбертавіч бачыць магчымасць развіцця дыджэінгу ў стварэнні нечага накшталт футбольнага клуба. Напрыклад, ён, топавы DJ, адкрывае акадэмію і набірае добрых педагогаў. Дзеці туды трапляюць праз конкурс, з самымі таленавітымі заключаюць кантракт. Вучоба праходзіць бясплатна, ёсць магчымасць падпісаць дагавор з лэйблам і выступаць. Акадэмія ад гэтага атрымлівае працэнт. Усе ў плюсе. Але пакуль дыджэйскага клуба няма, Ален Кунінгіса атрымлівае асалоду ад працы ў цэнтры. “Глядзеў неяк відэа пра самую крутую прыватную маскоўскую школу. Там ты можаш вывучаць і мовы, і праграмаванне, і мастацтва — усё што заўгодна, ты сам выбіраеш. Я разумею: у нашых падлеткаў няма такіх магчымасцей, але пасля школы яны могуць быць тут, у цэнтры. Вывучаць мовы, танцаваць, займацца 3D-мадэляваннем, дыджэінгам, стварэннем адзення. Можна прыйсці і так пракачаць свае навыкі! Але пакуль я не бачу, каб бацькі гэта цанілі. Часцей за ўсё яны прыводзяць дзяцей, каб тыя проста чым-небудзь займаліся”.
Педагог прызнаецца, што яму пашчасціла працаваць у цэнтры. Ён перадае свае “назапашаныя скарбы” дзецям, а тыя натхняюць яго збіраць веды далей. Пабудаваць такія ўзаемаадносіны з вопытнымі людзьмі больш складана. “Я некалькі разоў вучыў дарослых, у іх на ўсё ўжо ёсць сваё меркаванне, а гэта вельмі перашкаджае. “А можа, давай я сваю музыку прынясу”, “А можа, калонку сюды паставіць”. Калі людзі ўважліва слухаюць, тады ёсць вынік, ідзе працэс. Я чуў дзесьці: “Трэба не шукаць лепшага педагога, а стаць лепшым вучнем для свайго педагога”.
Для таго каб навучыць іграць добрую музыку, трэба, у першую чаргу, самому яе любіць. Алену Кунінгіса падабаюцца дыджэі, якія іграюць не стыль, а музыку. “Я не вельмі люблю размаўляць з людзьмі, якія могуць падтрымаць толькі адну тэму”, — прыводзіць яркае параўнанне педагог. Што тычыцца жанраў, то Ален Альбертавіч вылучае хаус, тэхна, хіп-хоп, трып-хоп, эмбіент, эксперыментальную музыку. “Поп-музыку не люблю, хаця магу часам нешта паслухаць. Узяць, напрыклад, Івана Дорна, вельмы круты артыст. Ці Манаціка, хаця ён мне менш падабаецца. З беларускай музыкі адзначу фолк-калектывы “Крама”, “Троіца”. Яны такія сапраўдныя, проста робяць сваю музыку і не гоняцца за папулярнасцю”, — разважае Ален.
Людзі з рознымі мэтамі прыходзяць у дыджэінг: хтосьці хоча быць у цэнтры тусоўкі, хтосьці хоча пазнаёміць людзей з класнымі трэкамі, хтосьці — развіць сам рух. Зараз DJ — гэта не проста звядзенне музыкі. “Ты іграеш, але што ты даеш гэтай культуры? Гэта як прыйсці і пастаянна браць: есці, есці і есці каравай са стала, але хоць раз трэба і свой кавалак пакласці, каб іншыя маглі пачаставацца. Мой кавалак — гэта заняткі ў цэнтры”.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.