«Брэнды Беларусі»: незвычайная музейная экспазіцыя працуе ў сталічнай школе № 9

- 9:00Главная, Новости

Рэпрадукцыя карціны ў тэхніцы жывапісу нафтай, узор ручнога ткацтва з беларускага лёну 50-х гадоў XX ст., ваза, вырабленая ў 1926-м на шклозаводзе «Нёман», узоры калійных солей, здабытыя са Старобінскага радовішча ў 1976-м — такія экспанаты можна ўбачыць у незвычайнай музейнай экспазіцыі «Брэнды Беларусі» сярэдняй школы № 9 Мінска імя У.І. Шчарбацэвіча, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Экспазіцыя была адкрыта да 1 верасня мінулага года ў асобным памяшканні. Яна стала вынікам рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў і грантаў педагогаў, а таксама работ даследчага характару вучняў.

— Ствараючы музей, мы вырашылі, што ён павінен быць арыгінальным, незвычайным, мець краязнаўчую накіраванасць, прадстаўляць не толькі гістарычную рэтраспектыву, але і дасягненні нашага народа і дзяржавы сёння, а таксама матываваць дзяцей да паглыбленага вывучэння гісторыі, — расказала дырэктар школы Тамара Касьянава. — Так вызначылася тэматыка будучай экспазіцыі «Брэнды Беларусі». Канцэпцыя была распрацавана настаўніцамі гісторыі і грамадазнаўства Святланай Зайцавай і Ірынай Сушчынскай. Інфармацыйны змест раздзелаў музейнага пакоя вызначаны падчас анкетавання старшакласнікаў.

— У цэнтры экспазіцыі знаходзіцца карта Беларусі, падзеленая на вобласці. На яе нанесены аб’екты, якія з’яўляюцца брэндамі краіны. Тэматычныя стэнды падзелены па раздзелах: турыстычныя, асобасныя, прыродныя, традыцыйныя, падзейныя, таварныя брэнды Беларусі, — тлумачыць кіраўнік музея С. Зайцава. — Вучні і педагогі сабралі даволі вялікую колькасць экспанатаў.

Так, у раздзеле «Асобасныя брэнды Беларусі» можна ўбачыць партрэты вядомых асоб, перш за ўсё Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Брэндам 9-й школы з’яўляецца Уладзімір Шчарбацэвіч, установа носіць імя гэтага юнага героя Мінскага падполля. У гады вайны 14-гадовы піянер і яго мама Вольга Фёдараўна (да вайны працавала ў гарадской бальніцы) з першых дзён акупацыі беларускай сталіцы хавалі ў сваёй кватэры савецкіх байцоў і камандзіраў, выратаваных з лагера ваеннапалонных. Валодзю і яго маме ўдалося вывесці з горада больш за 40 чалавек. Але аднойчы яны трапілі ў засаду. Выдадзеныя здраднікам, сын і маці апынуліся ў фашысцкіх засценках, дзе вытрымалі шматдзённыя катаванні. А 26 кастрычніка 1941 г. у Мінску адбылася першая за перыяд фашысцкай акупацыі публічная кара беларускіх патрыётаў. У памяць пра Уладзіміра Шчарбацэвіча каля прахадной Мінскага дражджавога завода, дзе падчас вайны акупанты пакаралі смерцю патрыётаў-антыфашыстаў, у 2009 г. былі ўстаноўлены памятны знак і мемарыяльная дошка.

У экспазіцыі размяшчаюцца партрэты іншых вядомых асоб краіны: палітычных і культурных дзеячаў, герояў вайны, спартсменаў. Нядаўна з’явіўся партрэт першага касманаўта суверэннай Беларусі, Героя Беларусі Марыны Васілеўскай.

— Шмат экспанатаў, падораных прадпрыемствамі: мадэлі розных машын, якія вырабляюць БЕЛАЗ, МАЗ, МТЗ, Гомсельмаш, узоры сельскагаспадарчай прадукцыі, харчавання, тавараў лёгкай прамысловасці, юбілейныя медалі, кнігі, сімвалічныя сувеніры-цацкі брэндаў краіны і г. д., — паведаміла І. Сушчынская.

68
0-02-05-0e102e96d6e4ca3c6f06f08a30c05bf80b9fa757f0e3a94913959771cf8dd1cb_6f9eff24288c0dd
67
photo_2024-05-29_15-31-30
100
68 0-02-05-0e102e96d6e4ca3c6f06f08a30c05bf80b9fa757f0e3a94913959771cf8dd1cb_6f9eff24288c0dd 67 photo_2024-05-29_15-31-30 100

Звяртае на сябе ўвагу рэпрадукцыя карціны беларускай мастачкі Людмілы Жыжэнка, напісанай у тэхніцы жывапісу нафтай (нафта з радовішча Гомельскай вобласці). Экспанатамі асноўнага фонду (узрост больш за 50 гадоў) з’яўляюцца ўзор ручнога ткацтва з беларускага лёну (50-я гады XX ст.), ваза з зялёнага шкла, вырабленая ў 1926 г. на адным з найстарэйшых прадпрыемстваў краіны — шклозаводзе «Нёман», кніга «Гераічная абарона» 1963 г. выдання — успаміны ўдзельнікаў абароны Брэсцкай крэпасці. Усе гэтыя рэчы падарыла школе сям’я Ангеліны Велігодскай, вучаніцы 8-га класа. Настаўніца гісторыі Ірына Сушчынская перадала ў музей набор настольных медалёў «Хатынь» 1972 г., а настаўніца геаграфіі Ганна Камендант — узор калійнай солі (сільвініт), здабыты ў 1976 г. са Старобінскага радовішча. Ёсць у экспазіцыі і іншыя ўзоры калійнай солі з гэтага радовішча.

У музеі можна ўбачыць вынікі творчай і даследчай дзейнасці навучэнцаў. Дыпломам III ступені рэспубліканскага этапу конкурсу «ТэхнаЁлка» ўзнагароджаны летась Платон Сушчынскі за выраб ёлкі «Брэнды Беларусі». А дзесяцікласніца Дар’я Мельнікава за работу «Брэндынг Беларусі: ад тэорыі да практыкі фарміравання прывабнага вобраза краіны» (на прыкладзе стварэння і развіцця музейнай экспазіцыі школы) атрымала сёлета дыплом ІІ ступені на гарадской канферэнцыі навучэнцаў. За даследаванне пра брэнды Беларусі на англійскай мове вучаніца 10-га класа Соф’я Траццюхіна летась атрымала дыплом ІІІ ступені на раённым конкурсе даследчых работ. Васьмікласніца Ангеліна Велігодская прысвяціла сваё даследаванне (таксама на англійскай мове) Уладзіміру Шчарбацэвічу і атрымала дыплом ІІІ ступені на раённай навукова-практычнай канферэнцыі для 5—8-х класаў. Кіраўніком работ у дзяўчынак была настаўніца англійскай мовы Вераніка Скотнікава.

Музейная экспазіцыя 9-й школы стала цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання і краязнаўчай адукацыі не толькі Маскоўскага раёна сталіцы, але і горада, адначасова экскурсійнай пляцоўкай, вучэбным класам і творчай майстэрняй. Тут праходзяць тэматычныя экскурсіі і выставы, музейныя ўрокі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, дыялогавыя пляцоўкі, конкурсы, агляды, фестывалі, тэматычныя НЕканферэнцыі, вядзецца пошукавая і навукова-даследчая дзейнасць.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва школы