Будучыя шакалацье

- 10:01World Skills

З мэтай падрыхтоўкі ўдзельнікаў нацыянальнай каманды Беларусі для выступлення ў WorldSkills Russia — 2017 па кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва” ў Мінску быў праведзены вучэбны майстар-клас на тэму “Шакаладныя цукеркі ручной работы”.У ім прынялі ўдзел маладыя кандытары, прэтэндэнткі на ўдзел у складзе Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь у WorldSkills-2017 Злата Шпак, навучэнка Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, і Настасся Данілава, навучэнка Магілёўскага тэхналагічнага каледжа.

Таксама ў майстар-класе прынялі ўдзел іх трэнеры з гэтых жа ўстаноў, майстры вытворчага навучання і выкладчыкі ўстаноў адукацыі, дзе вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Кандытар”. Гэта індустрыяльна-педагагічны каледж, філіял Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Гомельскі прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі, Мінскі прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі, Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж, філіял РІПА.

Вельмі важна адзначыць, што ў падрыхтоўку канкурсантаў да міжнароднага спаборніцтва ўключыліся прадпрыемствы і арганізацыі, якія працуюць у кандытарскай галіне. Правядзенне такога майстар-класа стала пацвярджэннем гэтага. Ён прайшоў на базе ўльтрасучаснай лабараторыі шакаладу Marie T (ААТ “Інтэргіфт” — цукеркі ручной работы гандлёвай маркі Marie T).

Як паведаміла Людміла Аўсяннікава, галоўны эксперт кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва” WorldSkills-2017, вучэбны курс праводзіла Рэгіна Паеўская, вядомая расійская шакалацье, аўтар праекта SheChocolate, вучаніца знакамітага французскага кандытара Эмануэля Амона. Маэстра шакаладу, як яе можна назваць, Рэгіна Паеўская азнаёміла прысутных з геаграфіяй краін, дзе вырошчваецца Тэаброма-какава — дрэва, якое называюць шакаладным, з гатункамі і сартатыпамі какавы, з працэсам перапрацоўкі какававай сыравіны ў шакалад, са складам шакаладу і роляй яго кожнага інгрэдыенту, рэалагічнымі працэсамі, якія адбываюцца падчас работы з шакаладам. Канкурсанты маглі пазнаёміцца са спосабамі тэмперавання шакаладу, з вырабам розных відаў цукерак і начынак, з афарбоўваннем і аздабленнем шакаладных цукерак.

Майстар-клас быў вельмі цікавым і захапляльным, тэорыя чаргавалася з практычнымі заняткамі. За час яго правядзення канкурсанты змаглі вырабіць 24 віды розных шакаладных цукерак, у тым ліку наразныя і адліўныя труфелі, выраб якіх закладзены ў конкурсныя заданні WS.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.