Будучым настаўнікам-першакурснікам дапаможа «ГідАфлайн»

- 9:03Главная, Образование

Пытанням прафесійнай адаптацыі будучых педагогаў у Мінскім гарадскім педагагічным каледжы ўдзяляецца пільная ўвага, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

 — Менавіта на 1 курсе фарміруецца стаўленне маладога чалавека да вучобы, да будучай прафесійнай дзейнасці, працягваецца актыўны пошук сябе, — расказала дырэктар каледжа Кацярына Пятруцкая. — Нават тыя навучэнцы, якія выдатна скончылі школу, на 1 курсе не адразу набываюць упэўненасць у сваіх сілах. Першая няўдача часам прыводзіць да расчаравання, страты перспектывы, адчужэння, пасіўнасці. У сувязі з такімі прычынамі адаптацыя першакурснікаў можа выклікаць мноства цяжкасцей. І наша задача ў гэты складаны для маладых людзей перыяд — дапамагчы ім як мага хутчэй і больш паспяхова прыстасавацца да новых умоў навучання, уліцца ў рады навучэнскай моладзі, застацца ў прафесіі.

З 2020 г. у каледжы рэалізуецца праект «АдаптацыЯ: ад А да Я». Гэты праект быў прадстаўлены ў межах конкурснага задання «Распрацоўка кейса па адным з кірункаў у галіне выхавання» гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Выхаванне ў асобах» у 2021 г. Пераможцай гэтага конкурсу ў намінацыі «Педагог-арганізатар» стала Ганна Філін.

Да ліку асноўных мерапрыемстваў першага этапу (першага года навучання ў каледжы) рэалізацыі праекта адносяцца квест «PROкаледж», які дазваляе першакурснікам разам акунуцца ў гісторыю ўстановы, даведацца аб яе мінулым і сучаснасці, каб у далейшым будаваць перспектыўную будучыню, трэнінгавыя заняткі «Біржа знаёмстваў», якія дазваляюць навучэнцам групы бліжэй пазнаёміцца са сваімі аднагрупнікамі і аднакурснікамі, наладзіць камунікацыю, пагутарыць у нефармальным асяроддзі, што таксама спрыяе павышэнню ўзроўню адаптацыі навучэнцаў, фестываль студэнцкай творчасці «Першы фестываль для першых» і тэматычны месячнік «Педагогі будучыні». Апошні ўключае ў сябе 4 тэматычныя тыдні: літаратурны «#Стихочеллендж», гульнявы «Гуляем на перапынках», пазнавальны «Навука для самых маленькіх», творчы «#ТаланТы_здесь». Месячнік з’яўляецца кульмінацыяй распрацаванага комплексу культурна-забаўляльных праграм, садзейнічае развіццю спрыяльнай і творчай атмасферы ў каледжы, якая станоўча ўплывае на захаванне і павышэнне ўзроўню адаптацыі 1 курса.

Каб дапамагчы першакурснікам асвоіцца ў новым асяроддзі, у каледжы  створана вучнёўская арганізацыя «ГідАфлайн» з ліку навучэнцаў выпускных груп.

— Галоўная ідэя арганізацыі — дапамагчы навучэнцам 1 і 2 курсаў адаптавацца ў прафесійным асяроддзі каледжа ў фармаце «роўны — роўнаму». Зусім нядаўна навучэнцы 3 курса таксама былі пачаткоўцамі і з уласнага вопыту ведаюць, як цяжка бывае адаптавацца ў новым калектыве, — патлумачыла дырэктар каледжа. — За кожнай групай першакурснікаў замацаваны гіды з ліку навучэнцаў выпускнога курса, якія дзеляцца сваім прафесійным вопытам, тлумачаць правілы і традыцыі каледжа, дапамагаюць з вырашэннем арганізацыйных пытанняў, суправаджаюць і дапамагаюць у арганізацыі агульнакаледжных мерапрыемстваў, у тым ліку фестывалю студэнцкай творчасці.

Прымаючы актыўны ўдзел у такіх мерапрыемствах, акрамя адаптацыі, навучэнцы засвойваюць маральныя каштоўнасці, фарміруюць сваю грамадзянскую пазіцыю і стаўленне да навакольнай рэчаіснасці, набываюць вопыт кіраўніцкай дзейнасці, праяўляюць сацыяльны інтарэс, лідарскія, камунікатыўныя, арганізатарскія якасці і здольнасці.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара