Будучыня — гэта мы!

- 11:32Навіны рэгіёнаў, Рознае

Прыгожым завяршэннем навучальнага года на Міншчыне стаў абласны форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў. “Будучыня — гэта мы”, — сцвярджае назва гэтага форуму, і кожны яго ўдзельнік можа смела прамовіць гэтыя словы, бо на мерапрыемства з’ехаліся самыя годныя прадстаўнікі раёнаў вобласці, каб падзяліцца з равеснікамі сваімі ідэямі, якія і сапраўды могуць паўплываць на будучыню.

Больш за 300 хлопцаў і дзяўчат сабраліся на Стаўбцоўшчыне ў аздараўленчым лагеры “Нёман”. Сярод іх — лідары грамадскіх арганізацый, органаў вучнёўскага самакіравання, выдатнікі вучобы, пераможцы конкурсаў і алімпіяд, актывісты працоўных спраў, навучэнцы педагагічных класаў Міншчыны. Словам, усе тыя, кім ганарацца бацькі і педагогі, на каго раўняюцца равеснікі, з каго бяруць прыклад малодшыя.
— Абласны форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў праводзіцца на Міншчыне 13-ы раз, — расказвае начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак. — З цягам часу мяняецца форма правядзення форуму, але задачы яго застаюцца нязменнымі. Дзеці збіраюцца разам, каб расказаць, чым яны жылі на працягу гэтага навучальнага года, якія цікавыя і незвычайныя ідэі ў іх з’явіліся і як яны іх рэалізоўваюць.
У выніку такіх зносін і ўзаемаабмену ўдзельнікі форуму атрымаюць зарад бадзёрасці і вопыту і ўжо гэтым летам і ў наступным навучальным годзе зробяць яшчэ больш карысных спраў. Дзеці прыехалі сюды з рознымі ініцыятывамі, але іх аб’ядноўвае агульнае імкненне — зрабіць прыгажэйшымі і мацнейшымі сваю школу, ліцэй, каледж, раён і ўсю Міншчыну.
Старт форуму даў марафон-прывітанне — парад маладзёжных дэлегацый пад сцягамі сваіх раёнаў. На цырымоніі адкрыцця Галіна Мікалаеўна Казак, звяртаючыся да дзяцей, падкрэсліла, што яны — сапраўдная моц, пажадала кожнаму знайсці для сябе цікавую ідэю, занятак і справу. А Дзяніс Сяргеевіч Калясень, першы намеснік старшыні Стаўбцоўскага райвыканкама, вітаючы хлопцаў і дзяўчат, прызнаўся, што на форуме на паўгадзіны забыўся аб рабочых справах і ўспомніў свой удзел у падобных сустрэчах і форумах, свае ўражанні і пачуцці. Акрамя таго, дадаў: сустрэчы гэтыя падарылі яму асабіста многа радасці і пазітыву, а таксама сяброў, з якімі падтрымлівае зносіны і да сённяшняга часу.
Работа форуму праходзіла ў рамках тэматычных пляцовак. Хаця, шчыра кажучы, слова “работа” тут зусім не падыходзіць: інтэрактыўныя і выставачныя пляцоўкі, што размясціліся на свежым паветры, жылі, віравалі, дарылі эмоцыі, захаплялі і забаўлялі. конкурс 4.jpg(Сайт)
“А ты сёння ўсміхаўся?” — так сустракалі кожнага на пляцоўцы “Я, ты, он, она — вместе дружная страна!” прадстаўнікі валанцёрскага атрада “Імпульс” з сярэдняй школы № 12 Слуцка. Іх флэш-акцыя падарыла настрой усім фарумчанам. На гэтай пляцоўцы разам з вясёлымі слуцкімі валанцёрамі размясціліся прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і органаў вучнёўскага самакіравання. Тут валанцёрскі экалагічны атрад “Хуткая экалагічная дапамога” уздзенскай сярэдняй школы № 1 імя А.С.Пушкіна праводзіў акцыю “Захаваем планету зялёнай”: дзеці расказвалі пра экалагічныя праблемы Мінскай вобласці, свае спробы вырашыць гэтыя праблемы, а таксама тыя нескладаныя меры, якія можа прыняць кожны. Удзельнікі клуба ЮНЕСКА “Факел”, што дзейнічае ў сярэдняй школе № 3 Чэрвеня, прадставілі інтэрактыўную праграму “Мяняем свет да лепшага”. Хлопцы і дзяўчаты сябруюць і дапамагаюць дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, напрыклад, праводзяць для іх сеансы “Гульнявой магіі” — так называецца праект, у рамках якога навучаюць фокусам і адначасова развіваюць маторыку. форум (6).jpg(Сайт)
Кірмаш карысных спраў і эфектыўных рашэнняў прапанавалі на тэматычнай пляцоўцы “Лета на Міншчыне — 2016”. Тут вучылі гуляць у карфбол і выконваць танцы розных эпох. Вілейскі раённы цэнтр запрашаў да вырабу мадэлей ракет, а навучэнцы сярэдняй школы № 9 Маладзечна — прагуляцца па “Экалагічнай сцяжынцы”, выпіць чаю для паляпшэння памяці ці зняцця стрэсу ў “Фітабары” і праверыць свае экалагічныя веды ў віктарыне “Знаўцы прыроды”. Педагагічны студэнцкі атрад “НесКо” Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа арганізаваў гульнявую пляцоўку, дзе з дапамогай забаўляльнай праграмы прэзентаваў свой праект “Школа важатых”.
У прафесійную гасцёўню “Будуем будучыню разам” запрасілі навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Смілавіцкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй арганізаваў выставу экспанатаў тэхнічнай творчасці, мадэлей сельскагаспадарчай тэхнікі і прыстасаванняў, а навучэнцы абласнога аграрна-тэхнічнага прафесійнага ліцэя наладзілі работу міні-майстэрні па рамонце тэхнікі. Таксама на гэтай пляцоўцы прайшлі мастар-класы па нанясенні дэкаратыўнай тынкоўкі, кладцы камінаў, візажы, манікюры, дызайне прычосак. А вучні са Слуцкага дзяржаўнага каледжа нават прапанавалі навучыцца вырабляць масла ў дамашніх умовах рознымі спосабамі.
Выстава-пленэр “Планета творчасці” запрашала на шматлікія майстар-класы і экспазіцыі. Тут можна было паспрабаваць сябе ў ганчарным майстэрстве, скрапбукінгу, пляценні з папяровай лазы, навучыцца працаваць у тэхніцы джутавая філігрань і пэйп-арт.
“Кідай мышку, бяры кніжку!” — агітавалі дзяцей супрацоўнікі МАІРА, якія падрыхтавалі для ўдзельнікаў форуму літаратурны квест, прысвечаны Году культуры і закліканы прапагандаваць культуру чытання. Для праходжання квеста каманды павінны былі справіцца з інтэрактыўнымі віктарынамі і заданнямі, паказаць веданне аўтараў і персанажаў твораў беларускай і сусветнай літаратуры. У падарунак кожны атрымліваў буклет — “100+ кніг для моладзі”.
“Пляцоўка бяспекі” нагадвала дзецям пра галоўнае на пачатку канікул — бяспечныя паводзіны. Спецыялізаваную тэхніку і абмундзіраванне дэманстравалі і давалі прымераць супрацоўнікі ДАІ, МНС і таварыства ратавання на водах, а навучэнцы жодзінскай гімназіі № 1 прапанавалі аднавіць свае веды ў тэматычным інтэлектуальным лато. Таксама кожны ўдзельнік форуму мог наведаць музей-бус “Кветкі Вялікай Перамогі”.

Важнай часткай мерапрыемства стаў дыялог пакаленняў — размова моладзі з прадстаўнікамі кіраўніцтва Мінскай вобласці ў нефармальнай атмасферы. Удзел у дыялогу ўзялі Іван Эдуардавіч Ліпніцкі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама, і яе першы намеснік Таццяна Валянцінаўна Апраніч, а таксама старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Юрый Мікалаевіч Горлаў, прадстаўнікі ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, абкама БРСМ, МАІРА. У дзяцей было шмат розных пытанняў да дарослых: яны хацелі ведаць, ці складана кіраваць дэпутацкім корпусам, якія прафесіі будуць запатрабаваны ў вобласці ў найбліжэйшыя гады, якія падзеі мінулага навучальнага года парадавалі і запомніліся, прасілі парады, якія цікавыя мерапрыемствы наведаць, і многае іншае. На кожнае пытанне дарослыя адказвалі шчыра і падрабязна, часам сур’ёзна, а часам з жартамі і прыкладамі з асабістага жыцця, таму дыялог сапраўды атрымаўся нефармальным. Было што сказаць і дзецям: яны прапанавалі, напрыклад, абмежаваць доступ да сацыяльных сетак па суботах, а таксама знайсці магчымасці падчас прафарыентацыйнай работы падрабязна і дакладна тлумачыць школьнікам, якую дзейнасць прадугледжвае тая ці іншая спецыяльнасць.
Напрыканцы насычанага падзеямі дня ўдзельнікі абласнога форуму дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў разам пасадзілі “Алею культурных традыцый” і запусцілі ў неба паветраныя шары з добрымі пажаданнямі сваім сябрам, Міншчыне, роднай краіне. Завяршала форум шоу-праграма “На хвалі пазітыву”. Менавіта на гэтай хвалі і адправіліся хлопцы і дзяўчаты дадому, захапіўшы з сабой шмат эмоцый і цікавых, карысных ініцыятыў, якія будуць рэалізоўваць ужо ў сваіх школах, гарадах і раёнах.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.