Будучыя робататэхнікі выбіраюць LEGO-канструяванне

- 11:47Дашкольная адукацыя, Рознае

Калектыў ясляў-сада № 43 Салігорска ў мінулым навучальным годзе далучыўся да абласнога педагагічнага праекта “Укараненне LEGO-тэхналогій у адукацыйны працэс установы дашкольнай адукацыі як сродку развіцця пазнавальных працэсаў выхаванцаў”. Гэтыя тэхналогіі ў рабоце з дзецьмі прымяняюцца ва ўстанове амаль што з моманту яе адкрыцця — з 2014 года. Наборы канструктараў LEGO, якія былі набыты для сада, педагогі выкарыстоўваюць на занятках з выхаванцамі рознага ўзросту і рэалізоўваюць пры гэтым асноўныя задачы, акрэсленыя ў праграме дашкольнай адукацыі.

Разумная гульня для ўсіх

“Чалавека, які здольны канструктыўна мысліць, хутка рашаць лагічныя задачы, можна лічыць прыстасаваным да жыцця, паколькі ён хутка знаходзіць выйсце з нестандартных сітуацый, прымае рацыянальныя рашэнні, — адзначыла загадчык ясляў-сада № 43 Салігорска Настасся Алегаўна Сігаева. — Каб нашы выпускнікі сталі ўсебакова развітымі людзьмі, мы імкнёмся зрабіць працэс навучання для сваіх выхаванцаў цікавым, захапляльным і зразумелым, каб кожны з іх мог раскрыць свае здольнасці і ўмеў атрыманыя веды прымяніць на практыцы. Невыпадкова мы спынілі свой выбар на самых вядомых і распаўсюджаных педагагічных тэхналогіях — LEGO, якія з прычыны сваёй універсальнасці з’яўляюцца важным сродкам развіццёвага навучання. Іх мэтай і асновай з’яўляецца спасціжэнне трохвымернасці рэальнага свету праз стварэнне пэўных мадэлей і адпаведнага прадметна-гульнявога асяроддзя. Дзеці ў працэсе свабоднай гульні ўзбагачаюць свае эмоцыі, сенсорыку, замацоўваюць уменні адрозніваць і класіфікаваць прадметы па форме, памеры і колеры. Заняткі з LEGO фарміруюць у малых вобразнае мысленне, уяўленне аб прасторы і часе, крэатыўнасць”.


Навуковым кіраўніком праекта па ўкараненні LEGO-тэхналогій у адукацыйны працэс дашкольнай установы выступіла начальнік вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай адукацыі МАІРА Наталля Генадзьеўна Болбат. У яслях-садзе № 43 Салігорска непасрэднае кіраўніцтва праектам ажыццяўляе намеснік загадчыка Святлана Cяргееўна Сташкевіч.

“Педагогі сада, перш чым пачаць работу па новай тэхналогіі, прайшлі навучанне найбольш эфектыўным спосабам выкарыстання канструктара LEGO ў адукацыйнай дзейнасці. Яны прымалі ўдзел у семінарах, канферэнцыях, майстар-класах, — расказала Святлана Cяргееўна. — Інфармацыйна-метадычны цэнтр установы загадзя забяспечылі наборамі канструктараў серыі LEGO PRIMO, LEGO DUPLO, а таксама адпаведнымі тэматычнымі наборамі. Ва ўсіх групавых пакоях сада былі аформлены куткі Лега. Нашы выхавальнікі Наталля Мікалаеўна Пузевіч і Ірына Аляксандраўна Сачко з энтузіязмам узяліся за распрацоўку практычных матэрыялаў: гульнявых заданняў, картатэк схем і гульняў для канструявання, а таксама канспектаў заняткаў па ўсіх адукацыйных раздзелах вучэбнай праграмы”.

Канструяванне рэальнае і віртуальнае

Паступова дзеці, пачынаючы з другой малодшай групы, асвойваюць гэтую тэхналогію, знаёмяцца з асноўнымі дэталямі канструктара LEGO DUPLO, са спосабамі змацавання яго элементаў, вучацца суадносіць вынік уласнай дзейнасці з прапанаваным узорам. Спачатку выхаванцы спрабуюць свае сілы ў самых простых гульнях.

“Пры знаёмстве з новым матэрыялам важна прадаставіць малышу шмат месца, прасторы для дзейнасці. У цэнтры пакоя размяшчаем усю вялікую колькасць дэталяў канструктара, а дзецям даём магчымасць дзейнічаць з імі, — расказала Святлана Cяргееўна.— Толькі ўбачыўшы канструктар, малышы адразу бяруцца за справу: пачынаюць аб’ядноўваць дэталі, штосьці майстраваць.Тыя “збудаванні”, якія атрымліваюцца ў іх, пасля ўключаем ў сюжэты дзіцячых гульняў. Самыя лепшыя работы, аб’яднаныя пэўнай агульнай тэмай, размяшчаем у пакоях груп на паліцах, і яны служаць выдатным пазнавальным і гульнявым асяроддзем для дзяцей”.

У сярэдняй групе выхаванцы замацоўваюць навыкі работы з канструктарам, атрыманыя раней, і ўпершыню знаёмяцца з дробным канструктарам LEGO DАСТА. Прычым яны пераважна эксперыментуюць, арыентуюцца ў дзейнасці не на ўзор (ён можа быць паказаны толькі ў пачатку заняткаў), а свабодна выкарыстоўваюць будаўнічы матэрыял для аб’ёмнага і плоскаснага канструявання (складаюць, напрыклад, дрэва, сонейка, сняжынку і інш.), а таксама для стварэння дызайнерскіх, інтэр’ерных элементаў. Дзеці фантазіруюць, выкарыстоўваюць сродкі мастацкай выразнасці (колеравае спалучэнне, кампазіцыю).

У старшай групе дашкольнікі пачынаюць асвойваць камп’ютарную праграму LEGO Digital Designer, якая ўяўляе сабой віртуальны канструктар, з дапамогай якога можна збіраць разнастайныя 3D мадэлі. Для такой работы неабходны камп’ютар стандартнай камплектацыі, калонкі, мікрафон, выхад у інтэрнэт, праграмнае забеспячэнне (LEGO Digital Designer, Smart Notebook, Microsoft Office Power Point). Як і ў рэальным канструктары, у віртуальным прысутнічае вялікая колькасць разнастайных дэталей, колер якіх можна мяняць. Ацэнку гатовым віртуальным мадэлям можна даць пры дапамозе рэжыму папярэдняга прагляду. Сярод важных плюсоў названага канструктара — магчымасць выкарыстання неабмежаванай колькасці дэталей, у тым ліку і спецыялізаваных: рэек, колаў, лопасцей верталётаў і г.д. Праграма адкрывае доступ да ўсіх існуючых на гэты момант відаў дэталей LEGO. Яе інтэрфейс вельмі просты і зручны, таму нават самаму маленькаму дзіцяці нескладана працаваць з віртуальным канструктарам.

Можна пачынаць канструяваць “з нуля”. Гэта значыць, увасабляць свае фантазіі ў асабістых мадэлях або дапаўняць па шаблоне ўжо амаль гатовыя мадэлі. Сабранымі мадэлямі можна вар’іраваць, круціць іх, мяняць маштаб, набліжаць у межах трохвымернай прасторы LEGO Digital Designer, нават выдаляць. Колер і форму “цаглінак” канструкцый выхаванцы выбіраюць па ўласнай задуме.

З дапамогай віртуальнага канструявання дзеці замацоўваюць навыкі, набытыя са звычайным канструктарам, і ў той жа час знаёмяцца з унікальнымі магчымасцямі мадэлявання ўяўных пабудоў, у іх фарміруюцца навыкі камп’ютарнай граматнасці і ўменні, якія спатрэбяцца пасля пры рабоце з іншым лічбавым абсталяваннем.

Выкарыстанне камп’ютарнай праграмы LEGO для дзяцей ад 5 да 7 гадоў дапушчальна не больш як два разы на тыдзень. Працягласць такой дзейнасці — 5—10 хвілін.

Узмацніць эфектыўнасць заняткаў

З дапамогай LEGO-канструявання можна вырашаць асноўныя задачы, якія акрэслены ў праграме дашкольнай адукацыі. У прыватнасці, развіваць дробную маторыку рук і маўленне, навучаць грамаце, правільнаму і хуткаму арыентаванню ў прасторы. Малышы атрымліваюць веды аб лічэнні, форме, прапорцыі і сіметрыі (раздзел праграмы “Элементарныя матэматычныя ўяўленні”). Будуючы разнастайныя канструкцыі, дзеці пашыраюць уяўленні аб навакольным асяроддзі (прадугледжаныя ў раздзеле “Дзіця і прырода”), а таксама аб архітэктуры, транспартных сродках, будаўнічай тэхніцы, ландшафце і г.д. Пра задачы па фарміраванні ў дашкольнікаў асноўных уменняў, звязаных з канструктыўнай дзейнасцю, у тым ліку ў працэсе канструявання з дэталяў канструктара, сказана ў раздзеле праграмы “Мастацтва”. Канструяванне дапамагае развіваць увагу, памяць, уяўленне, засяроджанасць, уменне раздзяляць прадмет у думках на складнікі, збіраць з частак цэлае і, канечне ж, вучыць добрым зносінам з сябрамі, выхоўвае павагу да сваёй і чужой працы.


Канструктар LEGO педагогі выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі дашкольнікаў да навучання ў школе, ён з’яўляецца незаменным сродкам у карэкцыйнай і псіхолага-педагагічнай рабоце з дзецьмі. Ён нават дапамагае аб’яднаць у гэтых пытаннях намаганні педагогаў і сям’і: у сумесным канструяванні з бацькамі дзіця становіцца больш уседлівым, працаздольным, мэтанакіраваным. Ва ўстанове арганізоўваюцца забаўляльныя мерапрыемствы для сем’яў выхаванцаў з выкарыстаннем LEGO. І на занятках фізкультурай дзеці канструююць шматлікія збудаванні з мяккіх гульнявых і спартыўных модуляў, якія вельмі нагадваюць “цаглінкі” LEGO.

Педагогі ясляў-сада № 43 Салігорска распрацавалі канспекты заняткаў па ўсіх відах дзейнасці ў рамках названай тэхналогіі, якія акрэслены ў адукацыйнай праграме. Дзякуючы выкарыстанню прапанаваных імі дыдактычных практыкаванняў і гульняў з LEGO-элементамі, узмацняецца эфектыўнасць кожных заняткаў.
Для развіцця памяці і дробнай маторыкі можна прапанаваць заданне “Прыгожы ўзор” (для дзяцей 4—7 гадоў). Выхавальнік выкладвае на плаце геаметрычны ўзор з “цаглінак” LEGO. Ён можа ўяўляць сабой палоску з розных па колеры або форме элементаў у выглядзе мазаікі ці пэўную геаметрычную фігуру. На працягу адной хвіліны дзеці запамінаюць узор, а пасля ўзнаўляюць яго на сваіх платах. Складанасць узору, які прапаноўваецца, залежыць ад узросту выхаванцаў.

Для развіцця маўлення выкарыстоўваецца заданне “LEGO-слоўнік” (для дашкольнікаў 5—7 гадоў). Перад выхавальнікам і дзецьмі на стале ляжаць “LEGO-цаглінкі” і платы. Адзін з удзельнікаў (і так кожны па чарзе) падыходзіць да стала, бярэ дэталь і характарызуе яе па знешніх прыметах і па яе прызначэнні. Другі ўдзельнік павінен знайсці дэталь у адпаведнасці з яе апісаннем і замацаваць у сябе на плаце. Скажам, цаглінка 2 на 2 чырвонага колеру з чатырма кнопкамі замацавання або 2 на 4 з васьмю кнопкамі замацавання. Выбіраюцца падобныя элементы любога колеру.

Для навучання грамаце рэкамендуецца заданне “Вызначы гукі ў слове” (для дашкольнікаў 5—7 гадоў). Выхаванцам выдаюць элементы LEGO квадратнай формы. Выхавальнік дакладна вымаўляе слова з 3—4 гукаў. Дзіця павінна вызначыць на слых колькасць гукаў у слове і выкласці адпаведную колькасць “цаглінак” на плаце. Калі ў дзяцей сфарміраваны веды аб характарыстыках галосных і зычных гукаў, яны выкладваюць “цаглінкі” рознага колеру, якія адпавядаюць таму ці іншаму віду гукаў.

Для засваення элементарных матэматычных уяўленняў можа прымяняцца графічны дыктант (таксама для выхаванцаў 5—7 гадоў). Дзецям выдаюцца платы і набор рознакаляровых элементаў LEGO з адной кнопкай замацавання. Дарослы агучвае інструкцыю, дзіця выконвае яе. Напрыклад, у цэнтры платы выкласці 1 “цаглінку” чырвонага колеру, у левым верхнім вугле — 2 “цаглінкі” зялёныя, а ў ніжнім правым — 3 “цаглінкі” жоўтыя. У выніку павінна атрымацца пэўная плоскасная кампазіцыя, якая ўжо ёсць (выкладзена выхавальнікам) на кантрольнай плаце. Гэтае заданне выкарыстоўваецца з мэтай кантролю за работай дзяцей і для іх самакантролю.

Тэрыторыя дзяцінства заўтра

“Нашы выхаванцы атрымалі дыплом I ступені на раённым конкурсе “Свет дзяцінства” (намінацыя “Тэрыторыя дзяцінства заўтра”), — расказвае Святлана Сяргееўна. — З дапамогай LEGO-канструктара яны сабралі мадэль свайго сада, якая адлюстроўвае яго выгляд у будучыні — з вадаспадамі, альпійскімі горкамі і г.д. Сярод нашых дзяцей ёсць сапраўдныя таленты. Яны дэманструюць незвычайнае майстэрства ў канструяванні. Зразумела, што ім трэба рухацца далей у развіцці сваіх навыкаў. У індывідуальным парадку рэкамендую кожнаму з такіх выхаванцаў сур’ёзна заняцца камп’ютарным мадэляваннем, у тым ліку і ўстройстваў робататэхнікі. Выхаваннем будучых робататэхнікаў, магчыма, мы зоймемся ў рамках нашага наступнага педагагічнага праекта, які, спадзяюся, будзе рэалізоўвацца сумесна з адной са школ Салігорска”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.