Будуем разам

- 16:14Актуально, Навіны

У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў рэспубліканскага конкурсу “На лепшае дасягненне ў будаўнічай галіне Рэспублікі Беларусь” па выніках 2012 года. У мерапрыемстве прынялі ўдзел першы намеснік міністра адукацыі А.І.Жук, першы намеснік міністра будаўніцтва і архітэктуры І.В.Архіпава, намеснік міністра гэтага міністэрства Д.І.Семянкевіч, старшыня Саюза будаўнікоў М.Т.Шарамет.

Трэба нагадаць, што конкурс праводзіцца штогод Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва разам з іншымі галіновымі міністэрствамі пры непасрэдным удзеле Саюза будаўнікоў Беларусі з мэтай развіцця будаўнічага комплексу нашай краіны, вызначэння лепшых будаўнікоў і арганізацый, прапаганды і распаўсюджвання найлепшых здабыткаў у сферы праектавання і будаўніцтва, павышэння іміджу будаўнічай прафесіі сярод моладзі. А.І. Жук з пераможцамі конкурсу.Трэба заўважыць, што ў апошні час робяцца істотныя крокі па ўзмацненні прафарыентацыйнай работы сярод моладзі для павышэння яе інтарэсу да рабочых прафесій, у тым ліку будаўнічай галіны. Гэтая работа павінна ста ць больш масіраванай, скіроўвацца на павышэнне папулярнасці рабочых прафесій, на растлумачванне сярод маладых людзей новых умоў працы, на азнаямленне іх з мадэрнізацыяй вытворчасці, новымі сучаснымі тэхналогіямі і перавагамі працы ў сферы будаўніцтва. Акрамя таго, неабходна актывізаваць работу па мэтавым прыёме, які мог бы дазволіць павялічыць тэрмін абавязковай адпрацоўкі па накіраванні маладых рабочых і спецыялістаў. Для работадаўцаў важным кірункам дзейнасці павінна стаць пашырэнне мер па замацаванні кадраў у арганізацыях, у прыватнасці, прадастаўленне сацыяльнага пакета, павелічэнне заробку, паляпшэнне ўмоў працы.

Адметнасцю сённяшняй рэчаіснасці стала наладжванне цесных і эфектыўных зносін паміж арганізацыямі будаўніцтва і сферай прафесійнай адукацыі. З кожным годам гэтыя сувязі ўсё больш умацоўваюцца і набываюць новыя рысы. Вынікам такога прадукцыйнага ўзаемадзеяння стала задавальненне рынку працы будаўнічымі кадрамі і маштабнасць будаўніцтва як у сталіцы, так і ў рэгіёнах нашай краіны. Пытанне збалансаванасці і якасці падрыхтоўкі кадраў, у тым ліку і для будаўнічай галіны, разглядалася на ўзроўні ўрада, які даў адпаведнае даручэнне двум міністэрствам аб развіцці і павышэнні якасці прафесійнай падрыхтоўкі кадраў для будаўніцтва. Згодна з даручэннямі, колькасць навучэнцаў, якія прымаюцца для навучання ва ўстановы прафтэхадукацыі па будаўнічых прафесіях, штогод павялічваецца і сёння складае каля 20%. Для будаўнічай галіны падрыхтоўку рабочых па 46 будаўнічых прафесіях ажыццяўляюць 78 устаноў прафтэхадукацыі. Акрамя гэтага, штогод у будаўнічыя арганізацыі прыходзяць працаваць па рабочых прафесіях і выпускнікі сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія вучыліся па профілі “Архітэктура і будаўніцтва”. Акрамя таго, шматтысячны атрад будаўнікоў папаўняюць штогод 3,5 тысячы чалавек, якія праходзяць навучанне па адукацыйных праграмах прафесійнай падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі рабочых па прафесіях будаўніцтва. А на ўзроўні вышэйшай адукацыі за апошнія гады прыём студэнтаў на будаўнічыя спецыяльнасці павялічыўся на 36 працэнтаў.

Сёння існуе шмат прыкладаў эфектыўнага ўзаемадзеяння будаўнічай галіны з навучальнымі ўстановамі, якія рыхтуюць для яе арганізацый рабочыя кадры. Апошнім часам адчувальнай стала дапамога заказчыкаў кадраў у абнаўленні вучэбна-матэрыяльнай базы навучальных устаноў, нават на міжнародным узроўні. Напрыклад, пры ўдзеле аднаго з найбуйнейшых нямецкіх вытворцаў будаўнічай прадукцыі на базе Мінскага прафесійнага ліцэя №12 будаўніцтва рэалізаваны праект, які мае на мэце падрыхтоўку па новай прафесіі “Укладчык падлогавых пакрыццяў”. З дапамогай іншай нямецкай фірмы ў Мінскім прафесійным ліцэі №10 будаўніцтва арганізавана навучанне з выкарыстаннем сучасных інструментаў і матэрыялаў будаўнікоў-аддзелачнікаў. Усё больш паспяхова фарміруецца прафесійна-кваліфікацыйны склад кадраў у адпаведнасці з патрэбнасцямі галін эканомікі. З гэтай мэтай у краіне працуе сістэма прагназавання падрыхтоўкі кадраў згодна з запытамі рынку працы. Паміж установамі і работадаўцамі дзейнічае сістэма дагавораў і заявак, а таксама арганізавана мэтавая падрыхтоўка. (На ўзроўні прафтэхадукацыі мэтавы прыём можа складаць да 50%.) Заканадаўча ўстаноўлены статус базавай арганізацыі, а адукацыйныя стандарты і вучэбна-праграмная дакументацыя ўзгадняецца з заказчыкамі кадраў.

Традыцыйна ў праграму конкурсу былі ўключаны такія намінацыі, як “Кіраўнік года” і “Арганізацыя года”, у якіх былі намініраваны дырэктары і навучальныя ўстановы, што ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў для будаўнічай галіны. На гэты раз лепшымі кіраўнікамі года былі прызнаны М.М.Голубеў, дэкан будаўнічага факультэта БНТУ, і С.У.Цясёлкін, дырэктар Мінскага прафесійнага ліцэя № 12 будаўніцтва. Лепшымі навучальнымі ўстановамі прызнаны Магілёўскі прафесійны ліцэй № 9 імя А.Старавойтава, архітэктурна-будаўнічы каледж у складзе Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Барысаўскі будаўнічы прафесійны ліцэй.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.

kliuiko@ng-press.by

Фота Ігара САДОЎСКАГА.