Будзь спартыўным і здаровым

- 14:22Навіны рэгіёнаў

Тыдзень спорту і здароўя нездарма праводзіцца ў пачатку восені. Усё для таго, каб услед за тыднем новы навучальны год таксама стаў Годам спорту і здароўя. На Міншчыне ў рамках тыдня адбылося мноства цікавых стартаў. І старты гэтыя былі надзвычай масавымі — было праведзена больш за 1000 мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел амаль 85 тысяч навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Ва ўсіх раёнах праводзіліся спартыўныя мерапрыемствы і спаборніцтвы, а таксама інфармацыйна-асветніцкая работа сярод вучняў. Для навучэнцаў падрыхтавалі радыёперадачы і відэаролікі па спартыўнай тэматыцы, тэматычныя інфармацыйныя гадзіны, конкурсы малюнкаў, кіналекторыі, дынамічныя перапынкі, флэш-мобы.

У гэтыя дні ні хвіліны не пуставалі стадыёны, спартыўныя пляцоўкі і залы, тут праходзілі спаборніцтвы, спартландыі, майстар-класы з удзелам вядомых спартсменаў Міншчыны, паказальныя выступленні па хакеі, плаванні, мастацкай і спартыўнай гімнастыцы, міні-футболе, валейболе, баскетболе і яшчэ шмат цікавага.

У кожным раёне тыдзень прайшоў па-свойму адметна і з прыемнымі сюрпрызамі. Так, у рамках тыдня ў сярэдняй школе № 22 Барысава была адкрыта футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём. З’яўленне пляцоўкі — значная падзея не толькі для школы, але і для ўсяго маладога мікрараёна, дзе яна знаходзіцца. Новая спартыўная пляцоўка — універсальная, яна дазволіць праводзіць трэніроўкі не толькі па футболе, але і па валейболе і гандболе, а таксама ўрокі фізкультуры.

У Маладзечанскім раёне прайшлі марафоны спартыўных танцаў, аэробікі, маладзёжных субкультур, паказальныя выступленні навучэнцаў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў. А ў сярэдняй школе № 12 Маладзечна ў гэтыя дні пачала працаваць Школа стрэтчынгу, у якой на працягу навучальнага года два разы на тыдзень змогуць займацца ўсе жадаючыя: педагогі, навучэнцы і бацькі.

У Капыльскім раёне яркім завяршэннем Тыдня спорту і здароўя сталі Рэспубліканскія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы “Капыльскія пагоркі”, у рамках якіх упершыню прайшоў фестываль эстафетнага бегу “Капыль Трэйл”. Экстрэмальная гонка сабрала разам аматараў прыгод рознага ўзросту. Ім давялося пераадольваць на сваім шляху перашкоды, створаныя самой прыродай.

Тыдзень спорту і здароўя пацвердзіў, што рух за здаровы лад жыцця становіцца ўсё больш папулярным ва ўсім свеце, асабліва сярод моладзі. І гэта радуе, бо азначае, што будучае пакаленне расце моцным і здаровым.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.