З нагоды 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў хочацца расказаць пра Ілью Трафімавіча Федаценку, ветэрана педагагічнай працы, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Ён часты госць нашай гімназіі, настаўнік геаграфіі, які вучыў калісьці сённяшніх педагогаў.
Ілья Трафімавіч нарадзіўся 25 чэрвеня 1926 года ў вёсцы Галічы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці. Выхоўваўся ў мнагадзетнай сям’і, якая складалася з 16 чалавек. Ілья выдатна вучыўся ў школе. У 1943 годзе 17-гадоваму юнаку суседскі хлопчык прынёс позву, у якой было сказана, каб ён з’явіўся ў Клімавіцкі раённы ваенкамат для адпраўкі ў войска. Пры сабе неабходна было мець прадукты на 10 дзён.
— Я заплакаў, абняў маці. Зімой пайшоў пешшу з вёскі ў ваенкамат Клімавіч. Толькі праз два месяцы падрыхтоўкі мы пайшлі ў бой. Памятаю, выклікалі ўсіх байцоў і сказалі: “Заўтра ваш першы бой! Выступаем у шэсць раніцы”. Як і ўсе маладыя байцы, не спаў цэлую ноч, успомніў усіх: маці, родных, суседзяў, блізкіх. Ва ўсіх папрасіў прабачэння за тое, што, можа, чымсьці пакрыўдзіў. У думках праляцела ўсё жыццё.
У тым баі Ілья Трафімавіч быў паранены. Пры ўспамінах аб ваенных гадах ён ледзь стрымліваў слёзы, слёзы смутку, слёзы пакуты. У канцы вайны ветэран трапіў у Літву ў разведку для арганізацыі партызанскага руху.
— Апошні дзень вайны быў на беразе Балтыйскага мора. Мы даведаліся, што да мора да паромаў павінны прарывацца нямецкія танкі, каб потым трапіць у Швецыю і Нарвегію. Я стаяў тады ў каравуле вартавым. Бачу, ідзе бой. Тут жа па сігнале паведаміў дзяжурнаму, які чамусьці падбег да мяне і давай абдымаць за шыю і цалаваць, а затым гучна кажа: “Будзем жыць цяпер!” Усе ад радасці стралялі з кулямётаў, ракетніц, аўтаматаў. Калі я змяніўся, падышоў старшыня і кажа: “Сталы рабіце, святкаваць будзем!” У гэты час ішлі нямецкія танкі, далі нам бой. Мы думалі, што ўсе загінем, але нашы самалёты наляцелі і гэтыя паромы патапілі. Аднак нашых 56 чалавек загінула! Калі селі за стол, ніхто не хацеў ні піць, ні есці, бо побач жа магіла, пайшлі да яе. Паплакалі… Рэдка плакалі… Шкада, што яны загінулі за дзень да перамогі.
Падчас аповеду пра гэтыя падзеі ў Ільі Трафімавіча задрыжаў голас. Яму было вельмі складана працягваць аповед. Я зірнула на дзяцей. У іх вачах стаялі слёзы.
— Пасля вайны мяне камісавалі, і я вярнуўся ў родную вёску. Памятаю, прайшоў лясок, падымаюся на гару, а там дванаццаць двароў, заплакаў ад радасці, што ўбачыў іх праз чатыры з паловай гады. Каля дамоў жанчыны пачалі абмяркоўваюць, чый ідзе, бо я ў форме, узмужнелы. На мяне і пахаванкі прыходзілі. А я ішоў па сцежцы, потым звярнуў да нашага дома. Маці бегла насустрач праз бульбу, спатыкалася, падала… Прыйшоў я хворы, што рабіць буду? Трэба ж вучыцца. Неяк іду па вёсцы Тутароўка, бачу ў канаўцы ляжыць газетка “Камуна раённая”. Дастаю, чытаю, што ў Крычаве адкрываюцца курсы для настаўнікаў пачатковых класаў, з указаннем экзаменаў, якія неабходна здаваць. А ў мяне даведка ляжыць аб заканчэнні васьмі класаў. Даведачку дастаў, заяву напісаў і пешшу панёс у Крычаў.
Так Ілья Трафімавіч стаў вучыцца на працягу 5 гадоў на курсах (лічылася як вучылішча).
— Неяк сустракаю сябра, які вучыўся са мной у педвучылішчы, а ён мне кажа, што нашы хлопцы ўжо ў інстытуце вучацца. Я сабраў дакументы і паехаў у Магілёў паступаць завочна ў інстытут на геаграфічны факультэт. Пасля заканчэння выкладаў геаграфію, адзін год працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, потым прапанавалі пайсці дырэктарам у родную Галіцкую школу. Доўга сумняваўся, баяўся, што падвяду сваіх настаўнікаў. Згоды не даў і на гэтае месца назначылі іншага чалавека. Праз два месяцы быў прызначаны дырэктарам школы. На гэтай пасадзе працаваў 10 гадоў да пенсіі…
Ларыса ТРОШЫНА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі Клімавіч Магілёўскай вобласці.