Будзьце здаровыя!

- 13:29Навука і інавацыі

З таленавітым і харызматычным прадстаўніком студэнцтва, а крыху пазней — супольнасці маладых вучоных Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Іванам Жыльцовым мне неаднойчы даводзілася сустракацца падчас універсітэцкіх і гарадскіх грамадскіх акцый, выступленняў адной з найбольш яркіх мясцовых каманд клуба інтэлектуальных гульняў Golden Medium, традыцыйных канферэнцый маладых вучоных на базе ВДМУ. З доктарам медыцынскіх навук, дацэнтам, аўтарам шэрага актуальных для сучаснай медыцыны даследаванняў па выяўленні эндагеннай бэта-лактамазнай актыўнасці сывараткі чалавечай крыві і іншых біялагічных аб’ектаў Іванам Віктаравічам Жыльцовым мы сустрэліся на яго працоўным месцы — кафедры інфекцыйных хвароб у Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы.

— Мы клініцысты, — падкрэслівае Іван Віктаравіч. — Назіраем і самі кансультуем цяжкіх хворых. Асістэнты кафедры вядуць пацыентаў як урачы, працуюць на тры чвэрці стаўкі. Паказваем хворых студэнтам, бо эпідэміялогія — клінічны прадмет, мы не можам вывучаць яго тэарэтычна.
У кабінеце Івана Віктаравіча адразу звяртаю ўвагу на цікавую выяву на маніторы камп’ютара.
— Дарабляю частку нашай працы — па ўплыве бэта-лактамазнай актыўнасці сліны на эфектыўнасць лячэння антыбіётыкамі бэта-лактамнага рада хворых з гнойна-запаленчымі захворваннямі ротавай поласці, — каменціруе доктар. — А ў перспектыве планую заняцца даследаваннямі ў галіне дыягностыкі і лячэння ВІЧ-інфекцыі.
Пад працай у дадзеным выпадку маецца на ўвазе доктарская дысертацыя, абароненая Іванам Жыльцовым два гады назад і прызнаная лепшай у 2012 годзе.
На пытанне пра шлях у прафесію доктар адказвае з самаіроніяй.
— Шчыра кажучы, калі выбіраў прафесію (гэта было ў канцы 80-х, ва ўніверсітэт паступіў у 1991 годзе), было зусім не зразумела, як пойдзе жыццё. Не сказаць, каб адчуваў нейкую асаблівую схільнасць да прафесіі ўрача, але прыкінуў і вырашыў, што менавіта яна ўяўляецца найбольш надзейнай. Ну і момант перфекцыянізму адыграў сваю ролю: з чатырох устаноў вышэйшай адукацыі нашага горада медыцынскі ўніверсітэт лічыўся самым прэстыжным. Я быў тады максімалістам (да таго ж круглым выдатнікам) і на меншае не згаджаўся. Ну а потым пакрысе прывык.
З 2 курса ўніверсітэта студэнт Іван Жыльцоў хадзіў у гурток пры кафедры мікрабіялогіі і, па яго словах, “правёў практычна самастойна некалькі дастаткова забаўных даследаванняў” (афіцыйная ацэнка якіх з боку спецыялістаў была значна больш высокай.Заўв. аўт.).
— На 5 курсе мяне парэкамендавалі ў гурток пры кафедры інфекцыйных хвароб, таму што я праявіў жаданне займацца клінікай. Некаторы час даследаваў механізмы пашкоджання печані пры вірусных гепатытах, пасля заканчэння ўніверсітэта прайшоў клінічную ардынатуру і застаўся ў аспірантуры, — каменціруе вучоны. — Вярнуўся да сваіх старых напрацовак, стаў даследаваць механізмы антыбіётыкаўстойлівасці: у 2003 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, праз некалькі гадоў доктарскую (у 38-гадовым узросце!Заўв. аўт.) — па пашырэнні і паглыбленні праблем антыбіётыкаўстойлівасці. У 2014 годзе па прадстаўленні савета ўніверсітэта мне была назначана стыпендыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Узнагародай тады быў адзначаны яшчэ адзін прадстаўнік ВДМУ — загадчык кафедры стандартызацыі лекавых прэпаратаў, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Дзмітрый Майсееў. Дарэчы, на яго кафедры я выконваў значную частку сваёй дысертацыйнай работы і, напэўна, самую цікавую, на HPLC-аналізатары.
Фактычна з 2 курса ўніверсітэта па цяперашні час Іван Віктаравіч даследуе механізмы ўстойлівасці да антыбіётыкаў: як і чаму яны разбураюцца ў арганізме, дзе менавіта і як гэты працэс трэба затармазіць або, наадварот, паскорыць.
— Гэта неабходна для павышэння эфектыўнасці антыбіётыкаў, з аднаго боку, а з другога — каб мы маглі па шэрагу фармальных прымет пры паступленні хворага адразу назначаць правільны курс антыбіётыкатэрапіі, — падкрэслівае медык. — Інакш кажучы, я працую над аптымізацыяй і карэкцыяй антыбіётыкатэрапіі, калі можна так сказаць, над яе максімальным і больш хуткім прыстасаваннем да канкрэтнага выпадку.
Напрыклад, адна з нашых распрацовак — сістэма “БіяЛактам”, прызначаная для колькаснага вызначэння ўзроўню бэта-лактамазнай актыўнасці біялагічных аб’ектаў з наступнай карэкцыяй антыбактэрыяльнай тэрапіі. Яна вызначае ўзровень распаду антыбіётыкаў бэта-лактамнага рада ў біялагічных вадкасцях. Гэта значыць, пры пнеўманіі мы, напрыклад, бяром макроту, вымяраем бэта-лактамазную актыўнасць, і адразу ў залежнасці ад узроўню гэтай актыўнасці выключаюцца як малаэфектыўныя пры лячэнні адзін або некалькі відаў антыбіётыкаў.
Навуковая дзейнасць падразумявае пераемнасць. Іван Віктаравіч на працягу некалькіх гадоў вядзе пры кафедры навуковы гурток. Ён нешматлікі (як растлумачыў вучоны, “хутчэй аддаю перавагу таму, каб мець мала аднадумцаў, чым многа наведвальнікаў”). Аднак пра якасць індывідуальнай работы яскрава сведчаць вынікі ўдзелу гурткоўцаў у Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ студэнтаў. Практычна ўсе вучні Івана Віктаравіча штогод падаюць туды свае работы і рэгулярна становяцца лаўрэатамі і ўладальнікамі дыпломаў.
— Я з задавальненнем займаюся навукай і, каб мець магчымасць гэта рабіць, гатовы нават трываць некаторыя нязручнасці, звязаныя з працэсам, — прызнаецца Іван Віктаравіч Жыльцоў. — А ў завяршэнне хачу пажадаць чытачам “Настаўніцкай газеты” моцнага здароўя — як гаворыцца, “лепш мы да вас, чым вы да нас!”

Таццяна БОНДАРАВА.