Буслы ляцяць у Сірыю

- 10:41Актуально, Апошнія запісы

Намеснік прэм’ер-міністра В.І.Жарко і міністр адукацыі І.В.Карпенка сустрэліся з сірыйскімі дзецьмі, якія адпачываюць і аздараўляюцца ў НДЦ “Зубраня”. Ганаровыя госці адправіліся да берагоў Нарачы, дзе ўбачылі, як бавяць час у Беларусі юныя сірыйцы, адказалі на іх пытанні і ўручылі падарункі.

Сустракалі сірыйскія і беларускія дзеці ганаровых гасцей “па-зубраняцку” — весела і горача, з цукеркамі і паветранымі шарамі. Прывітальныя ўрачыстасці прайшлі на плошчы Сяброўства, назва якой сімвалічная: тут, у “Зубраняці”, нараджаецца сапраўднае, шчырае сяброўства на доўгія гады. Гэта цяпер ведаюць і падлеткі з далёкай Сірыі, якія сталі ўдзельнікамі міжнароднай беларуска-сірыйскай змены “Інтэлект. Творчасць. Спорт”. Нагадаем, што ў Беларусь прыехала каля 150 юнакоў і дзяўчат з арабскай рэспублікі. Гэта адораныя дзеці, якія маюць дасягненні ў вучобе, спорце, творчасці. Згодна з іх інтарэсамі была распрацавана праграма знаходжання і адпачынку ў нашай краіне.

— Народная дыпламатыя працуе. Дзеці знаёмяцца паміж сабой, знаёмяцца з краінай. Яны пабывалі ў шэрагу ўстаноў вышэйшай адукацыі, — адзначыў Васіль Іванавіч Жарко. — У нашых УВА ўжо сёння вучацца сірыйцы. Думаю, што частка гэтых падлеткаў таксама прыедзе да нас: тое, што яны бачаць, пакідае добрыя ўражанні.

Працягам сустрэчы стала прэс-канферэнцыя, падчас якой В.І.Жарко і І.В.Карпенка адказалі на пытанні дзяцей. Больш за ўсё падлеткаў цікавілі пытанні ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва: як будуць развівацца адносіны паміж краінамі ў гуманітарнай сферы, якія ёсць магчымасці правядзення сумесных інтэлектуальных і спартыўных спаборніцтваў, як можна атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларусі і інш. З пытаннем да дзяцей звярнуліся і ганаровыя госці. Іх цікавіла, ці спадабалася сірыйцам у Беларусі. У адказ яны пачулі шмат эмацыянальных станоўчых водгукаў і шчырыя словы падзякі.

— Мне вельмі спадабалася ў Беларусі. Тут так прыгожа! Вельмі ўразіў снег, надвор’е. Але самае цудоўнае, што мы з беларускімі сябрамі адчулі сябе адзінай камандай. Мы адчуваем любоў на беларускай зямлі, — кажа юны Амар Фаят.

Дарослыя прадстаўнікі сірыйскай дэлегацыі пацвердзілі, што захапленне дзеці выказвалі кожную хвіліну.

— Для нашых дзяцей гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з беларускімі равеснікамі, з якімі ў іх ёсць агульныя інтарэсы. Мы ўбачылі ў вас шмат цікавага. Прыемна, што выхадцы з Сірыі не толькі вучацца ў беларускіх універсітэтах, але і працуюць там у якасці выкладчыкаў, — гаворыць кіраўнік сірыйскай дэлегацыі доктар Мухамед Альхадзі Машхадзіа. — Для нас вельмі многа значыць ваш цёплы прыём, мы вельмі ўдзячны за ўсё і спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва.

Юных сірыйцаў чакаў прыемны сюрпрыз — віцэ-прэм’ер і міністр адукацыі ўручылі ім салодкія падарункі ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Беларускія ўдзельнікі змены расказалі, што разам з юнымі сірыйцамі займаліся даследчай дзейнасцю. Яны вывучалі беларускіх буслоў і высветлілі, што, адлятаючы ў вырай, некаторыя з іх адпраўляюцца ў Сірыю. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што бусел — сімвал, які аб’ядноўвае нашы краіны, і вырабілі ў падарунак сірыйскім сябрам выявы буслоў, на якіх напісалі найлепшыя пажаданні. Пакінуць пажаданні на сувенірах папрасілі і ганаровых гасцей, што яны з задавальненнем і зрабілі. Літаральна праз некалькі дзён сімвалічныя буслы разам з сірыйскімі юнакамі і дзяўчатамі паляцяць у Сірыю.

Дар’я РЭВА.
Фота БелТА.