Бяспечнае дзяцінства: як яго арганізаваць, ведаюць у брэсцкім садзіку № 7

- 9:00Главная, Образование

Выхаванцы дзіцячага сада № 7 Брэста не толькі добра ведаюць правілы бяспечнай жыццядзейнасці, але і могуць навучыць ім дарослых. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 Дашкольную ўстанову, адкрытую ўсяго 5 гадоў назад, наведваюць амаль 390 хлопчыкаў і дзяўчынак, большая частка з якіх выхоўваецца ў мнагадзетных сем’ях. Адметна, што 40 са 100 супрацоўнікаў сада — мнага­дзетныя бацькі. У 4 спецыяльных групах займаюцца дзеці з цяжкімі парушэннямі маўлення і парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. Безбар’ернае асяроддзе дазваляе ім паспяхова ўдзель­нічаць у адукацыйным працэсе нароўні са здаровымі равеснікамі.

— Прыярытэтнымі кірункамі работы педагогаў з’яўляюцца захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей, а таксама фарміраванне ў іх навыкаў бяспечных паводзін у розных сітуацыях праз розныя віды дзейнасці, — гаво­рыць загадчыца ўстановы Таццяна Ігнацюк. — З гэтай мэтай актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя педагагічныя, здароўезберагальныя і гульнявыя тэхналогіі, у тым ліку даследчага характару. 

Куткі бяспекі, створаныя ў групах, аснашчаны неабходным абсталяваннем і падзелены на зоны: сюжэтна-ролевай і дыдактычнай гульні, бібліятэкі і работы з бацькамі. З некаторымі гульнявымі матэрыяламі выхаванцы займаюцца самастойна, але большасць гульняў праводзіцца пад кіраўніцтвам педагогаў.

— Гульнявыя матэрыялы ў кутках зменныя і выстаўляюцца ў адпаведнасці з тэмай тыдня, — расказвае Таццяна Ігнацюк. — Так, дзякуючы дыдактычнай гульні “Палянка бяспекі” замацоўваюцца веды дзяцей па асновах бяспекі жыццядзейнасці. ­Спыняючыся на кветцы з выявай тэматычнага сюжэта, выхаванцы выконваюць заданне па адным з раздзелаў асноў бяспекі жыццядзейнасці. А вось дыдактычная гульня “Куб бяспекі”, накіраваная на фарміраванне ўяўленняў пра пажарную бяспеку, распрацавана з улікам магчымасцей дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэтая гульня дазваляе ўдасканальваць элементарныя ўменні пры вырашэнні пэўных праблемных сітуацый.

У сваёй рабоце педагогі звяртаюцца і да інтэрактыўных гульняў. Калі “Ацані сітуацыю” пабудавана па прынцыпе “роўны ву­чыць роўнага”, то гульня “Акадэмія бяспекі” ўяўляе сабой майстэрню тэхнічнага канструя­вання, дзе выхаванцы набываюць навыкі першаснай камп’ютарнай дасведчанасці. Гэтыя гульні створаны на аснове праграмы MS Office Power Point, што дазваляе спраш­чаць ці ўскладняць іх з улікам узроставых магчымасцей і індывідуальных ­асаблівасцей да­школьнікаў.

Асаблівая гордасць педагогаў — прасторны гульнявы кабінет па асновах бяспекі жыццядзейнасці, у якім цікава пабываць не толькі дзецям. Калі перасту­паеш яго парог, у вочы адразу кідаецца вялікая маляўнічая сцяна з выявай гарадскіх будынкаў і транспартнай інфраструктуры са здымнымі элементамі: дарожнай разметкай і знакамі, пешаходамі і веласіпедыстамі. Іх візуалізацыя ў канкрэтных умовах істотна спрашчае засваенне правіл дарожнага руху. Цікава, што над сцяной шчыраваў не прафесійны мастак, а супрацоўнік установы, які змог выдатна перадаць выхаваўча-­адукацыйны патэнцыял сюжэта ў арыгінальным насценным жывапісе.

Маляўнічую сцяну ўдала дапаўняе інтэр­актыўная дошка, дзе сабраны тэматычныя гульні, адукацыйныя відэаролікі і мультфільмы па ўсіх раздзелах асноў бяспекі жыцця­дзейнасці.

Пакой падзелены на тры зоны. Першая, “Бяспека на вуліцы”, якраз і прадстаўлена маляўнічай інтэрактыўнай сцяной. ­Другая, “Пажарная бяспека”, прызначана для замацавання дзеянняў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый. Трэцяя, “Бяспека ў побыце”, уяўляе сабой імправізаванае жылое памяшканне з кухняй для адпрацоўкі навыкаў бяспечных паводзін у кватэры: тут зроб­лены імітацыі адкрытага акна, разеткі, электра- і газапрыбораў.

Дзеці вельмі любяць разыгры­ваць у гэтым пакоі розныя сітуацыі. Так, дзяўчынка па цацачным тэлефоне набірае ў службу 112 і трывожным голасам паведамляе дыспетчару, хлопчыку ў форме ратавальніка, пра пажар у кухні. Такім чынам адпрацоўваецца алгарытм паводзін у надзвычайнай сітуа­цыі.

Час ад часу калідор другога паверха ўстановы ператвараецца ў аўтадарогу з адпаведнай разметкай, дарожнымі знакамі, пешаходамі і нават транспартам з малалетнімі вадзіцелямі за рулём. На 2 электрамашынках дзеці з радасцю адпрацоўваюць паводзіны ў пастановачных дарожных сітуацыях.

Сістэмная работа, якая абапіраецца на цеснае супрацоўніцтва з гарадскімі і абласнымі падраз­дзяленнямі МНС і ДАІ, прыносіць плён. Дашкольная ўстанова — неаднаразо­вая пераможца гарадскіх і абласных аглядаў-конкурсаў. На яе рахунку — дыпломы ІІІ ступені ў розных намінацыях, атрыманыя па выніках рэспуб­ліканскага фестывалю “Бяспечнае дзяцінства” ў 2018 і 2022 гадах, і дыпломы ІІ і І ступені, атрыманыя па выніках яго абласных этапаў у 2019 і 2022 гадах. Акрамя таго, вопыт работы брэсцкіх педагогаў па арганізацыі бяспечнай жыццядзейнасці быў прэзентаваны на ўзроўні краіны ў рамках рэспубліканскай выставы.

Але гэтым скарбонка дасягненняў установы не абмяжоўваецца. Выхавальнікі і іх партнёры-бацькі паспяхова ўдзельніча­юць у іншых спаборніцтвах, не звязаных з бяспечнай жыццядзейнасцю. Так, педагогі з’яўляюцца пераможцамі абласнога фестывалю “Размаўляем па-беларуску”; сям’я Арцёма Зданевіча прызнана лепшай прыёмнай сям’ёй па выніках абласнога конкурсу “Сэрца аддаю дзецям”; студыя выяўленчага мастацтва “Васількі” адзначана дып­ломам І ступені на рэспубліканскім дзіцяча-юнацкім мастацкім конкурсе “Намалюй гэты свет!”. На рахунку да­школьнай установы таксама дыпломы пераможцы раённага агляду-конкурсу кабінетаў пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, раённага конкурсу па зборы макулатуры, міжнароднага дыстанцыйнага конкурсу ілюстрацый да мультфільмаў, заключнага этапу агульнарэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшае правядзенне грамадскага кант­ролю за выкананнем заканадаўства па ахове працы ў намінацыі “Лепшы грамадскі інспектар па ахове працы”…

Па выніках 2021/2022 і 2022/2023 навучальных гадоў дзіцячы сад № 7 уваходзіў у тройку лепшых дашкольных устаноў Брэста. На яго базе рэгулярна праводзяцца гарадскія, абласныя і рэс­публіканскія семінары, а таксама практычныя заняткі з педагогамі. Вопыт работы ўстановы па арганізацыі бяспечнай жыццядзейнасці прэзентаваны на старонках часопіса “Служба ратавання”, па выкарыстанні інтэрнэт-рэсурсаў ва ўзаема­дзеянні дзіцячага сада і сям’і па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні — на абласным фестывалі педагагічных ідэй, а па выкарыстанні патэнцыялу кабінета па асновах бяспекі жыццядзейнасці — на рэспуб­ліканскім семінары ў НДААЦ “Зубраня”.

Усім гэтым поспехам дашкольная ўстанова абавязана дружнаму і творчаму калектыву педагогаў, якія задзейнічаны ў распрацоўцы метадычных матэрыялаў, дыдактычных гульняў і дапаможнікаў, у тым ліку па развіцці навыкаў бяспечных паводзін выхаванцаў. Сярод іх — Ірына Бойка, Вольга Войнаш, Галіна Кананчук, Жанна Табола і многія іншыя.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА