Бяспека змалку: як з дапамогай гульняў навучыць дзяцей арыентавацца ў небяспечных сітуацыях

- 10:10Образование

Педагогі Манькавіцкага дзіцячага сада Столінскага раёна вучаць выхаванцаў змалку арыентавацца ў розных небяспечных сітуацыях. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На дапамогу прыходзяць гульні, падчас якіх дзеці суадносяць уласныя паво­дзіны з узорам, прынятым у грамадстве, аналізуюць свае ўчынкі і ўчынкі іншых, выпрацоўваюць адносіны да навакольнай рэчаіснасці.

— У нашай установе створаны належныя ўмовы для фарміравання асноў бяспечнай жыццядзейнасці ў дашкольнікаў, — расказвае загадчыца дзіцячага сада Святлана Ляшкевіч. — Асаб­лівую ўвагу ўдзяляем развіццёваму прадметна-прастораваму асяроддзю. Ва ўсіх узроставых групах дзейнічаюць куткі па асновах бяспечнай жыццядзейнасці з сучаснымі гульнямі і гульнявымі дапаможнікамі. Работа будуецца па такіх кірунках, як бяспека ў доме і побыце, бяспека на вуліцы, бяспека на дарозе, пажарная бяспека, бяспека на прыродзе, бяспека ў зносінах з незнаёмымі людзьмі і жывёламі, экстранныя службы.

Без ведання правіл бяспечных паводзін у побыце ніяк не абысціся, бо ў доме можа адбыцца шмат сітуацый, небяспечных для жыцця і здароўя дзяцей. Таму педагогі вучаць іх правільна абыходзіцца з электрапрыборамі і водаправодным кранам, асаблівую ўвагу звяртаюць на патэнцыяльную небяспеку ад разетак, тэлевізара, электраабагравальніка, адкрытых вокнаў, пячнога ацяп­лення, газавай і электрапліты, вост­рых, калючых і рэжучых прадметаў. Для гэтага выхавальнікі арганізоўваюць гульні “Хуткая дапамога”, “Калі пагражае небяспека”, “1, 2, 3, што можа быць небяспечна — знайдзі”, “Падбяры цацку для гульняў”, “Як пазбегнуць небяспекі?”, “Так — не”, “Запалкі ў скрынцы”, “Нязнайка ў краіне бяс­пекі”, “Адзін дома”. Вельмі цікава праходзяць тэматычны ты­дзень “Я і мая бяспека” і акцыя “За бяспеку разам”.

— Дзеці любяць дваровыя гульні, — працягвае Святлана Ляшкевіч. — Таму педагогі падчас заняткаў “Наша вуліца” і “Небяспекі на вуліцы” вучаць выхаванцаў правільна паводзіць сябе на вуліцы, дарозе і будаўнічай пляцоўцы. У цэнтры ўвагі — выкананне правіл дарожнага руху. Выхавальнікі на канкрэтных прыкладах паказваюць дзецям, як паводзіць сябе ў ролі пешахода і пасажыра аўтамабіля. Асвойваць адпаведныя ўменні і навыкі дапамагаюць лэпбукі “Азбука дарожнай бяспекі” і “Правілы дарожнага руху”, гульні “Святлафор”, “Пешаходы і вадзіцелі”, “Дарожныя знакі” і “Навучы правілам дарожнага руху”, акцыі “Увага, дзеці!” і “Засвяціся! Стань больш прыкметным на дарозе!”, тэматычны тыдзень “Ву­ліца. Дарога. Святлафор”, прагулкі па вуліцах вёскі і горада.

Пажарнай бяспецы вучаць гульні “Юны ратавальнік”, “Калі адбыўся пажар”, “Агонь і вада”, “Адзін дома” і “Пажарны шчыт”, а таксама лэпбук “Пажарная бяспека” і акцыя “Адзіны дзень бяспекі”.

Як паводзіць сябе на прыро­дзе (на адкрытым сонцы, ля вадаё­ма, падчас купання ў ім, у лесе, пры сустрэчы з небяспечнымі насякомымі, яздзе на веласіпедзе, самакаце, каньках, санках і лыжах), сарыентуюць квест-гульня “Азбука бяспекі ў прыродзе”, інтэрактыўныя гульні “Прырода і бяспека” і “Правільна — няправільна”.

Не абыходзяць увагай педагогі і правілы паводзін з незнаёмымі людзьмі і жывёламі (гульні “Свой і чужы”, “Асцярожна, незнаёмец!”, “Я і меншыя сябры”). Дашкольнікі ведаюць тэлефонныя нумары экстранных службаў і адпрацоў­ваць навыкі карыстання імі падчас гульняў “Калі ўзнік пажар”, “Калі чужы стукаецца ў дзверы”, “Калі захварэў”, “Калі пачуў пах газу”.

— Важную ролю ў фарміраванні асноў бяспекі жыццядзей­насці адыгрываюць экскурсіі ў профільны цэнтр раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, — гаворыць Святлана Ляшкевіч. — З дапамогай спецыяльнага планшэта, які стварае дадатковую рэальнасць, дзецям дэманструюцца надзвычайныя сітуацыі ў побыце, на дарозе і вадзе, пры навальніцы, а таксама апісваецца алгарытм паводзін пры іх.

Атрыманыя веды замацоўваюцца на практычных занятках з бацькамі. Сярод іх — чэлендж “Я і мая бяспека”, флэш-моб “Ведаю і выкарыстоўваю”, акцыі “Засвяціся! Стань больш прыкметным на дарозе!”, “Асцярожна, тонкі лёд!”, “За бяспеку дзяцей — сумеснымі намаганнямі”, “Увага, дзеці!” і “За бяспеку разам”, фотаэкспазіцыя “Бяспека ў нашай сям’і”. Мамы і таты ахвотна дзяляцца фота- і відэаматэрыяламі па выкананні правіл бяспекі на дарозе і ў побыце ў групавых чатах з удзелам усіх членаў сям’і, ствараюць калажы, удзельнічаюць у тэматычных выставах і вернісажах дзіцячых работ, арганізоўваюць сямейныя прагляды мультфільмаў “Азбука бяспекі” і “Урокі бяспекі”. Для бацькоў рыхтуюцца адпаведныя памяткі, папкі, брашуры, буклеты і лістоўкі, а таксама праводзяцца кансультацыі. Актыўныя і практычныя формы работы прыносяць плён.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ