Быць лідарам — значыць браць адказнасць за лёс людзей, лічыць Дзмітрый Клімовіч

- 12:24Профсоюзный лидер

Старшыня Стаўбцоўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Дзмітрый Клімовіч на сваёй пасадзе не так даўно — з лютага мінулага года. Аднак гэта той выпадак, калі якасці сапраўднага лідара відавочны адразу. І не трэба чакаць шмат гадоў, калі яны праявяцца. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

“Танкіст”

 Мы сустракаемся з Дзмітрыем Іванавічам акурат паміж двума настаўніцкімі святамі — Днём ведаў і Днём настаўніка. Жыццё гэтага чалавека падобнае на тысячы лёсаў беларускіх педагогаў і ўнікальнае адначасова.

Нарадзіўся Дзмітрый Клімовіч і жыве да гэтай пары ў вёсцы Апечкі Стаўбцоўскага раёна — родная зямля прывязала, нават прымагніціла яго да сябе.  Да 9 класа вучыўся тут жа — у Апечкаўскай базавай школе, у старшыя класы давялося перайсці ў стаўбцоўскую (ці, як кажуць у гэтай мясцовасці, стаўпецкую. — Заўвага аўтара.) сярэднюю школу № 2, дзе на той час адкрыўся першы ў Беларусі педагагічны клас. У 1991 го­дзе будучы прафсаюзны лідар быў у ліку студэнтаў гістарычнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага, а скончыў у 1996 го­дзе ўжо Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

— Калі мы вучыліся ў гэтай установе адукацыі, то называлі адно аднаго танкістамі, — успамінае Дзмітрый Іванавіч. — Пасля заканчэння педуніверсітэта (па спецыяльнасці я настаўнік гісторыі і нямецкай мовы) прыйшоў працаваць у сваю родную школу ў вёску Апечкі настаўнікам нямецкай мовы, змяніўшы сваю настаўніцу Ганну Пятроўну Шымко. Лічу, што мне пашанцавала з педагогамі, а на выбар спецыяльнасці паўплываў мой настаўнік гісторыі Іван Іванавіч Корсак.

У 2006 годзе Дзмітрый Клімовіч вучыўся ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, дзе атрымаў дыплом па спецыяльнасці “Менедж­мент у сістэме адукацыі”. У Апечкаўскай школе ён выкладаў да яе закрыцця, адкуль перайшоў на работу настаўнікам нямецкай мовы ў суседнюю Аталезскую сярэднюю школу. У снежні 2014 года быў прызначаны дырэктарам гімназіі № 1 Стоўбцаў, дзе працаваў да студзеня 2022 года. З лютага мінулага года ў жыццё Дзмітрыя Іванавіча ўсур’ёз і надоўга ўвайшоў галіновы прафсаюз.

Вучань

— Да мяне Стаўбцоўскую раённую арганізацыю галіновага прафсаюза ўзначальваў Сямён Віктаравіч Юрчык — мой настаўнік працоўнага навучання ў Апечкаўскай базавай школе, — працягвае Дзмітрый Іванавіч. — Памятаю, як шмат ён займаўся з намі, вучнямі, грамадска карыснай працай: напрыклад, мы вырабілі разам з настаўнікам шафкі для нашай калгаснай лазні. Ідэі, якія пачалі ўвасабляцца, калі Сямён Віктаравіч працаваў на пасадзе прафсаюзнага лідара, мы стараемся працягваць. Напрыклад, не забываем пра Прыстаньку — тое месца, дзе ўстаноўлены мемарыяльны камень, дзе адбыўся першы несанкцыянаваны з’езд настаўнікаў Беларусі ў 1907 годзе. Мы там праводзім суботнікі, там Сямёнам Віктаравічам закладзена ліпавая алея — па дрэўцы ад маладзёжных саветаў кожнага раёна. У 2021 годзе майго настаўніка заб­раў COVID-19. Так склалася, што змяніў яго на гэтай пасадзе я. Працую і стараюся падтрымліваць тыя традыцыі, якія заклаў Сямён Віктаравіч. 

Кіраўнік

Дзмітрый Клімовіч сціпла расказвае пра сваю штодзённую прафсаюзную работу. Ён лічыць, што прафкам — гэта своеасаблівы буфер паміж адміністрацыяй установы адукацыі і работнікам. У складзе Стаўбцоўскай раённай арганізацыі галіновага прафсаюза 2137 чалавек (лічбы на пачатак года). За бягучы год колькасць членаў прафсаюза крыху ўзрасла — нядаўна была ўведзена сярэдняя школа № 4 Стоўбцаў. Прафсаюз пільна сочыць, каб заработная плата работнікам сістэмы адукацыі выплачвалася ў вызначаны тэрмін і ў поўным аб’ёме.

— Вялікая наша заслуга, што ў Стаўбцоўскім раёне ўсім работнікам сістэмы адукацыі за работу па кантрактай форме найму дадаткова даплачваюць 50 працэнтаў ад акладу, — гаворыць Дзмітрый Іванавіч. — Яшчэ за работу па кантракце работнік атрымлівае дадатковы дзень да адпачынку, а хацелася б, каб было 2—3 дадатковыя дні, бо максімальна Працоўны кодэкс дазваляе дадаваць 5 дзён. Лічу гэта выдатным вынікам сумеснай працы галіновага прафсаюза і мясцовых улад. Старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Дзяніс Сяргеевіч Колесень удзяляе надзвычай шмат увагі сістэме адукацыі.

Сочым, каб настаўнікі атрымлівалі ўсе выплаты, якія ім прызначаны. Нядаўна мы атрымалі інфармацыю, што за навучанне дома настаўнікам павінна выплачвацца зарплата ў перыяд з 31 мая да 31 жніўня. Мінскі абкам галіновага прафсаюза накіраваў запыт у Міністэрства адукацыі, і мы атрымалі тлумачэнне на гэты конт. 13 нашым работнікам быў зроблены пераразлік, і амаль 2000 руб­лёў было даплачана: 2 настаўнікам сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў і 11 настаўнікам Коласаўскай сярэдняй школы.

Агарнуць клопатам

Сёлета ў Стаўбцоўскім раёне прыступілі да работы 20 маладых спецыялістаў, большасць з іх — выхадцы з раёна. Па добрай і даўняй традыцыі з маладымі спецыялістамі ладзяцца сустрэчы, на якіх прысутнічае старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Дзяніс Колесень, начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Стонька і прафсаюзны лідар Дзмітрый Клімовіч. Ён, дарэчы, прызнаецца, што на такіх сустрэчах адразу звяртае ўвагу моладзі на магчымасць перайсці з працоўнага дагавора на кантрактную форму найму і атрымліваць даплату 50 працэнтаў да акладу. Калі іншагароднім маладым спецыялістам неабходна жыллё, хадайніцтва наконт прадастаўлення ім месца ў інтэрнаце накіроўваюць у філіял Мінскага маторнага завода, які працуе ў Стоўбцах. Моладзь таксама атрымлівае даплату ў памеры 2 базавых велічынь па прафсаюзных калектыўных дагаворах, кампенсацыю сродкаў за найм жылля. Такім чынам атрымліваецца зацікавіць моладзь работай у раёне: замацавальнасць маладых спецыялістаў — каля 80 працэнтаў. А яшчэ Дзмітрыя Іванавіча радуе, што выпускнікі педагагічных класаў стаўбцоўскіх школ актыўна выбіраюць прафесію настаўніка і вяртаюцца працаваць на радзіму.

— Стараемся агарнуць клопатам ветэранаў педагагічнай працы, віншуем іх са святамі. Мы ладзім у раёне святы вёсак, і за кошт сродкаў прафсаюза ветэраны сістэмы адукацыі на гэтых святах атрымліва­юць падарункі. Прычым атрымліваюць іх усе ветэраны сістэмы адукацыі, уключаючы тэхнічных работнікаў, вартаўнікоў, качагараў, нават калі школа ўжо не працуе. Людзі адразу адчуваюць і цэняць гэтую ўвагу. І гаворка тут не пра кошт і памер падарунка — пра адносіны да чалавека, пра тое, што яго не забыліся, запрасілі на сцэну, каб аддзячыць за працу, — расказ­вае Дзмітрый Клімовіч. — Арганізоўваем шмат экскурсій для педагогаў. Лічу, што педагогам карысныя такія паездкі па роднай зямлі, гэта доб­рая магчымасць пастасавацца з калегамі. Нашы настаўнікі пачалі актыўна ез­дзіць на аздараўленне ў санаторыі ФПБ. Карыстаецца попытам тур выхаднога дня, людзі цікавяцца, ці будуць такія туры ад прафсаюза ў найбліжэйшы час. Жартую, што скончым усе асеннія сельскагаспадарчыя работы, выкапаем бульбу і тады зноў паедзем адпачываць.

Адказнасць за лёс людзей

— Ці цягне настаўніка, дырэктара гімназіі ў пачатку новага навучальнага года ў школу? — пытаюся ў прафсаюзнага лідара.

— Цягне, канечне, — уздыхае Дзмітрый Клімовіч. — Мне фізічна не хапае школьных званкоў. Сёлета мне пашчасціла пабыць разам са старшынёй Мінскага абкама галіновага прафсаюза Таццянай Валянцінаўнай Апраніч на свяце 1 верасня ў Рубяжэвіцкай сярэдняй школе. Нахлынулі ўспаміны, бо боль­шасць часу я працаваў менавіта ў сельскіх школах. У такой школе настаўнікі, дзеці, баць­кі — усе, як адна сям’я. Прыемна, што баць­кі маіх вучняў па-ранейшаму віншу­юць з Днём ведаў. Значыць, памятаюць.

— Што для вас быць прафсаюзным лідарам?

— Быць лідарам вельмі няпроста, бо на цябе гля­дзяць усе. А быць лідарам у такой буйной арганізацыі, як Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, — зна­чыць  быць узорам для сваіх калег, сваіх вучняў. Лідар бярэ на сябе адказнасць за лёс людзей і не мае права на памылку, асабліва ў сістэме адукацыі, калі любая памылка можа каштаваць вельмі дорага. Заўсёды ты павінен быць наперадзе, быць, так бы мо­віць, рухавіком.

Наталля КАСТЭНКА
Фота Ксеніі РУБІН