Быць міласэрнымі і спачувальнымі: як выхаваць такія якасці ў падлеткаў, ведае Ірына Маеўская

- 15:00Волонтеры

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Рэчыцкага раённага ліцэя Ірына Маеўская расказала карэспандэнту “Настаўніцкай газеты”, чаму з’явілася ідэя запрасіць жыхароў горада на дабрачынны канцэрт, у якім разам са школьнікамі ўдзельнічаюць дзеці з інваліднасцю.

Тым, каму неабходна

Ірына Міхайлаўна нарадзілася ў Полацку. Вялікі ўплыў на яе выхаванне аказала бабуля, якая была вельмі светлым чалавекам.

— Яна ўвесь час паўтарала: “Ірыначка, няма дрэнных лю­дзей. Ёсць толькі добрыя і вельмі добрыя”. З гэтымі мудрымі словамі я іду па жыцці, — дзеліцца суразмоўніца.

Тое, што будзе працаваць у школе, яна ведала з 1 класа. На такое рашэнне яе натхніў прыклад першай настаўніцы Алёны Іванаўны Гарбар. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава з адзнакай Ірына Міхайлаўна стала першым педагогам у сваёй сям’і. У Рэчыцу прыехала за мужам. Выкладала гісторыю спачатку ў сярэдняй школе № 11, потым стала працаваць у ліцэі. Тут з 2016 года яна і ўзначаліла валанцёрскі атрад “Клопат”. Пры гэтым працягвае весці ўрокі і выконвае абавязкі намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.

— У атрадзе 80 ліцэістаў. Гэтая справа не для кожнага падыходзіць. Раз не змог прыйсці на акцыю, другі… Ну, які ж ты валанцёр?! — разважае педагог.

Разам са сваімі добраахвотнікамі яна адразу намеціла кірункі дзейнасці. Задаліся мэтай аказваць дапамогу і падтрымку тым, каму яна патрэбна насамрэч. Не пакідаюць без увагі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Кузьміча Батуру, якому ўжо 96 гадоў. Ён жыве з дачкой, аднак валанцёраў чакае і з цеплынёй іх сустракае. Неабыякава ставяцца ліцэісты і да навядзення парадку ў роднай Рэчыцы: пастаянна прыбіраюць у гарадскім парку, на берагах рачулкі Ведрыч.

Самым галоўным іх дасягненнем можна смела лічыць правядзенне дабрачыннага канцэрта да Міжнароднага дня валанцёраў. Мерапрыемства стала агульнагарадскім святам і дае магчымасць аказваць дапамогу не толькі маленькім хворым жыхарам горада. А пачалося ўсё з наведвання валанцёрамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра, дзе яны выступалі с тэматычнымі праграмамі “Дзень восені”, “Дзень ведаў”, “Новы год”…

Не побач, а разам!

Менавіта ў цэнтры Ірына Міхайлаўна пазнаёмілася з інструктарам-метадыстам па адаптыўнай фізічнай культуры Тамарай Падабенка, якая працуе ў Рэчыцкім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

— Яна запрасіла нас прыйсці да хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жывуць у інтэрнаце. Спачатку пайшла адна. Вельмі хвалявалася, маральна цяжка было бачыць столькі хворых дзяцей, са складанымі дыягназамі, якія ніколі не зналі матчынай любові і ласкі. Яны былі як калючыя вожыкі, глядзелі на мяне насцярожана. Каб зразумець, чым мы можам быць карыснымі, паразмаўляла з дырэктарам установы. Высветлілася, усім неабходным дзяржава іх забяспечвае, а вось зносін з равеснікамі, сацыялізацыі не хапае, — узгадвае настаўніца.

Яна шчыра расказала валанцёрам пра выхаванцаў спецыяльнай установы і запытала, хто гатовы дапамагаць. Пагадзіліся дзесяць ліцэістаў.

— Мы доўга думалі, чым парадаваць дзяцей. І вырашылі запрасіць жанчыну з Гомеля, якая займаецца мылаварэннем, каб правяла майстар-клас. Мы гатовы былі аплаціць яе паслугі. Але калі яна прыехала ў інтэрнат, ад грошай адмовілася. А дзецям так спадабалася рабіць мыла! Уявіце сабе, яны і зараз яго вырабля­юць. Зарэгістраваліся як рамеснікі і прадаюць сваю прадукцыю падчас дабрачынных акцый. А сродкі, якія атрымліваюць, пераводзяць на рахункі іншым хворым дзецям. Хто б мог паду­маць, што так будзе, — з радаснай усмешкай расказвае Ірына Міхайлаўна.

Валанцёрства — важная дзейнасць не толькі для тых, каму дапамагаюць, але і для тых, хто дапамагае. Сучасныя маладыя людзі не заўсёды памятаюць пра такія значныя рэчы, як міласэрнасць, спачуванне. А наведваючы інтэрнат, СПЦ, пажылых адзінокіх людзей, падлеткі вучацца быць неабыякавымі да чужых праблем.

Разам з валанцёрамі дзеці з інтэрната пабывалі ў невялікіх падарожжах. Першым стала сумесная экскурсія ў музей бітвы за Днепр, які знахо­дзіцца ў Лоеве. У самым пачатку гэтага года дзесяць валанцёраў і столькі ж выхаванцаў інтэрната ездзілі ў Гомель. Наведалі парк Румянцавых-Паскевічаў, а потым гулялі каля гарадской навагодняй ёлкі.

— У дзяцей было столькі ўражанняў, радасці, удзячнасці — не перадаць словамі. Зараз, убачыўшы мяне, яны шчыра ўсміхаюцца, імкнуцца насустрач: “Міхайлаўна прыйшла! Мы вас так чакалі!” Прыемна бачыць, што і валанцёры за гэты час навучыліся ўзаемадзейні­чаць з асаблівымі дзеткамі. Афіцыйна ў гэтым годзе мы сталі шэфамі ўстановы, — паведамляе Ірына Міхайлаўна.

Тры гады назад валанцёры прыйшлі ў інтэрнат з канцэртам. Пасля яго высветлілася, што выхаванцы ўстановы таксама вельмі хочуць пець, танцаваць, выступаць на сцэне. А чаму б не здзейсніць іх мару?

— Так нарадзілася ідэя сумеснага дабрачыннага канцэрта. І мы яе ажыццявілі. 5 снежня ў Міжнародны дзень валанцёра выступаем разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі з СПЦ і інтэрната. Не стану ўтойваць, з дзеткамі-інвалідамі працаваць вельмі складана. Спачатку рыхтуем нумары ў ліцэі, потым едзем у інтэрнат, рэпеціруем. Але ўсе намаганні варты таго, каб убачыць шчаслівыя вочы дзяцей. Пасля першага канцэрта фотаздымак з асаб­лівымі дзеткамі быў на першай паласе нашай раённай газеты. Зараз пра іх ведаюць, іх заўважаюць. Гэта для іх бясцэнна, — пераканана настаўніца.

Урокі міласэрнасці

— Аднойчы я была ў дзіцячай паліклініцы і ўбачыла там жанчыну. Яна плакала. Высветлілася, што яе дачцэ патрэбны спецыяльныя хадункі, якія робяць у Мінску па індывідуальным заказе, а сродкаў набыць іх няма. Насіць на руках васьмігадовую дзяўчынку не хапае сіл… Я задумалася: як дапамагчы чалавеку? Прыйшла да дырэктара Ірыны Якаўлеўны Пяткун і сказала, што гатова разам з валанцёрамі збіраць грошы. Горад вялікі, шмат нафтафікоў. І мы адправіліся на прадпрыемствы. Прыходзілі, расказвалі пра свой атрад, каму неабходна дапамога. Не чакалі, што нас так ветліва будуць сустракаць. Мы сабралі грошы не толькі на хадункі. Яшчэ змаглі пералічыць сродкі на рахунак маленькай жыхарцы Рэчыцы, якая змагаецца з анкалогіяй і прахо­дзіць лячэнне ў Бараўлянах, — адзначае Ірына Міхайлаўна.

У гэтым годзе, дзякуючы намаганням валанцёраў, дапамогу атрымалі два хлопчыкі з адной сям’і. У абодвух генетычнае захворванне, якое не дазваляе ім жыць без апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Таму яны вымушаны ўвесь час знаходзіцца дома.

Каб высветліць, каму яшчэ неабходна падтрымка, валанцёрскі атрад і яго кіраўнік знаходзяцца на сувязі з дзіцячай паліклінікай. Атрымаўшы інфармацыю, ліцэісты ідуць на прадпрыемствы горада, каб са­браць сродкі, а заадно ўручыць запрашэнні на дабрачынны канцэрт. З кожным годам колькасць неабыякавых і жадаючых дапамагчы павялічваецца.

У канцэрце актыўны ўдзел прымаюць і бацькі ліцэістаў, і настаўнікі. Таксама праводзіцца дабрачынны кірмаш, на які арганізатары прыносяць выпечку, вырабы, зробленыя сваімі рукамі. Усе атрыманыя грошы папячыцельскі савет ліцэя пераводзіць на рахункі хворых дзяцей.

Падапечнымі валанцёраў атрада “Клопат” з’яўляюцца таксама бабулі і дзядулі, якія жы­вуць у аддзяленні кругласутачнага знаходжання пажылых людзей і інвалідаў у аграгарадку Холмеч. Наведваюць іх ліцэісты ўжо гадоў пяць.

— Звычайна прыязджалі да іх з прысмакамі, сродкамі гігіены. У пазамінулым годзе вырашылі зрабіць больш утульнымі пакоі. Купілі цюль, маці аднаго з ліцэістаў пашыла шторы на ўсе 12 вокнаў. Потым набылі гаршкі для кветак, пасадзілі ў іх фіялкі — у мяне вялікая калекцыя дома, я з радасцю падзялілася. І зараз кветкі ўпрыгожва­юць пакоі бабуль і дзядуляў. Яны называюць валанцёраў сваімі ўнукамі, чакаюць іх з нецярпеннем. І мы не падводзім — радуем іх. На Новы год абавязкова прыяз­джаем з канцэртам, з аніматарам: у мінулым годзе гэта быў Зайчык, у гэтым — Дыназаўрык, — успамінае Ірына Міхайлаўна.

Муж падтрымлівае яе дабрачынную дзейнасць, а сын  — удзельнік практычна ўсіх акцый і мерапрыемстваў. Разам з мамай і атрадам падчас летніх канікул ходзіць на бераг ракі, каб раз­даць бацькам памяткі аб правільных паводзінах на вадзе. Зімой забяспечваюць насельніцтва карыснай інфармацыяй пра катанне з горак. Памяткі валанцёры распрацоўваюць і друку-юць самі.

У валанцёраў атрада “Клопат” няма дэвіза, аднак ёсць правілы: не чакай загаду, імкніся сам убачыць, дзе патрэбны твае ўмелыя рукі, тваё добрае сэрца, старайся зрабіць усё спакойна і сціпла, не разлічвай на пахвалу і ўзнагароду, а проста радуйся, што ўсім навокал добра!

Марына ЖДАНАВА