Быць паспяховым сучасным настаўнікам

- 10:46Людзі адукацыі

Якімі якасцямі павінен валодаць сучасны настаўнік? Быць прафесіяналам сваёй справы, валодаць эфектыўнымі метадамі і формамі работы і, акрамя таго, заставацца добразычлівым чалавекам, які карыстаецца аўтарытэтам сярод калег, вучняў і бацькоў. Менавіта такія якасці ўласцівы настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 3 Віцебска Кацярыне Савельеўне Макаравай.

Аб прафесіі педагога яна пачала марыць яшчэ з дзяцін­ства. Калі вучылася ў школе, кумірам Кацярыны і дарадчыкам стаў яе класны кіраўнік настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Уладзіміраўна Басава. Яе цікавыя ўрокі, высокі ўзровень педагагічнага майстэрства і добрае валоданне прадметам сталі галоўным стымулам для дзяўчыны ў выбары будучай прафесіі настаўніка.

Кацярына Савельеўна паспяхова скончыла Віцеб­скі дзяр­жаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спе­цыяльнасці “Выкладчык нямецкай і англійскай мовы”. Зараз, прыгадваючы лекцыі і практычныя заняткі, паездкі за мяжу, яна з вялікай удзячнасцю ўспамінае сваіх выкладчыкаў: Людмілу Ула­дзіміраўну Гальчанка і Уладзіміра Антонавіча Папковіча.

Сваю педагагічную дзейнасць Кацярына Савельеўна Макарава пачала ў 2007 годзе ў Веляшковіцкай сярэдняй школе, а з 2011 года  працуе  настаўніцай англійскай мовы ў гімназіі № 3 Віцебска.

У рабоце Кацярына Савельеўна кіруецца  сучаснымі патрабаваннямі адукацыйнага стандарту, валодае формамі і метадамі актыўнага навучання, паспяхова прымяняе ў сваёй практыцы інфармацыйныя тэхналогіі. Яна  выкары­стоўвае на ўроках групавыя і індывідуальныя формы работы з навучэнцамі, эфектыўна прымяняе метад праектаў падчас навучання іншамоўным зносінам, умела выкары­стоўвае наглядныя і тэхнічныя сродкі навучання.

Велізарная праца праводзіцца педагогам у напрам­ку алімпіяднага руху. Скарбонка перамог вучняў К.С.Макаравай рэгулярна папаўняецца. У 2018/2019 навучальным го­дзе адзіна­ццацікласнікі Ганна Чырвоная, Аляксандра Зямко былі ўзнагароджаны дыпломамі ІІ ступені, Марыя Раманава — дыпломам ІІІ ступені на другім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове, па выніках трэцяга (абласнога) этапу Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове навучэнец 11 класа Іосіф Шабуня ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені.

Кацярына Савельеўна лічыць, што хоць і  не кожны навучэнец можа быць лепшым у алімпіядным руху, але ў кожным настаўнік можа развіць  цікавасць да прадмета, даць магчымасць адчуць сябе паспяховым.

Навучэнцы Кацярыны Савельеўны прымаюць актыўны ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Лінгвісцяня” па англій­скай мове. Не застаецца незаўважаным ёй і Фестываль міжкультурных камунікацый. Менавіта там у навучэнцаў ёсць цудоўная магчымасць праявіць сябе ў прамоўніцкім і тэатральным мастацтве, у афармленні і прэзентацыі насценгазет, а таксама ва ўменні прэзентаваць сябе ў якасці гіда па Беларусі і краінах, мова якіх вывучаецца. Кожны год выхаванцы Кацярыны Савельеўны святкуюць перамогу па выніках раённага і абласнога этапаў Фестывалю міжкультурных камунікацый. У мінулым навучальным годзе адзінац­­цацікласніца Яўгенія Макарава стала пераможцай у намінацыі “Фабрыка зорак”, а калектыў 7-х класаў быў лепшым у намінацыі “Міні-тэатр”.

У 2018 годе па выніках шматгадовай педагагічнай працы рэктарам Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Кацярыне Савельеўне  Макаравай была аб’яўлена падзяка за высокі  прафесіяналізм і творчы падыход у падрыхтоўцы ўдзельнікаў Міжнароднага конкурсу прамоўніцкага майстэрства “Сіла слова”.

Настаўніца працягвае працаваць над павышэннем свайго прафесійнага ўзроўню, прымаючы актыўны ўдзел у дэкадах педмайстэрства, фестывалях ведаў, семінарах, метадычных аб’яднаннях, творчых групах. Паступова папаўняецца яе скарбонка распрацовак  разнастайных тыпаў урокаў, нагляднага матэрыялу, зробленых на аснове ўласнага вопыту. Сваімі метадычнымі напрацоўкамі яна шчыра дзеліцца з калегамі на семінарах, канферэнцыях.

Кацярына Савельеўна Макарава на працягу чатырох гадоў узначальвала ў гімназіі № 3 Віцебска  метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў. Не апошнюю ролю ў яе станаўленні як паспяховай “класнай маці” для дзяцей і кіраўніка аб’яднання  адыграў педагагічны вопыт, атрыманы на семінарах і практыкумах   старшага выкладчыка кафедры  псіхалогіі  Алены Пятроўны Мілашэвіч, з якой настаўніца су­працоўнічае і зараз.

 З 2018 года Кацярына Савельеўна з’яўляецца кіраўніком метадычнага савета гімназіі. Яна зарэкамендавала сябе кампетэнтным спецыя­лістам, здольным аб’ектыўна аналізаваць сітуацыю, аператыўна прымаць рашэнні па дасягненні пастаўленай мэты. Кацярына Савельеўна заўсёды можа адстаяць свае погляды, праявіць ініцыятыву, узяць адказнасць на сябе.

На працягу сямі гадоў Кацярына Савельеўна з’яўляецца настаўнікам для будучых педагогаў. На практыку да яе прыходзяць студэнты выпускных курсаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. За час практыкі студэнты атрымліваюць неабходныя навыкі выкладання замежнай мовы, а таксама каштоўны вопыт практычнай работы. Будучыя педагогі адзначаюць  высокі прафесіяналізм К.С.Макаравай, яе адказнасць, жаданне дапамагчы, падтрымаць, адказаць на пытанні. Многія прызнаюцца, што праходжанне практыкі спрыяла станаўленню іх педагагічнага майстэрства, пашырэнню тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў, яны яшчэ больш пераконваюцца ў правільнасці выбару сваёй прафесіі. Дзякуючы такому станоўчаму вопыту, гімназія на працягу некалькіх гадоў з’яўляецца цэнтрам падрыхтоўкі будучых настаўнікаў, своеасаблівай кузняй кадраў. Паток жадаючых трапіць у гімназію на практыку пашыраецца з году ў год.

Акрамя таго, Кацярына Савельеўна актыўна займаецца грамадскай дзейнасцю, з’яўляючыся членам прафсаюзнага камітэта гімназіі, узначальвае камісію па арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў. У педагогу гарманічна спалучаюцца валоданне сцэнічным майстэрствам і высокая культура маўлення. Яна  піша вершы, з’яўляецца аўтарам сцэнарыяў многіх свят і ўрачыстасцей. Мерапрыемствы, арганізаваныя Кацярынай Савельеўнай, спрыяюць згуртаванню педагагічнага калектыву.

А наперадзе ў настаўніцы яшчэ шмат планаў, задум і, канечне, новых дасягненняў.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца  геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска  імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.