Педагог — гэта прызванне. Ім павінен быць чалавек, які вельмі любіць дзяцей. Педагог дадатковай адукацыі Алёна Георгіеўна Капусціна з Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці якраз з такіх людзей.
— Я вельмі люблю сваю работу і ўкладваю ў яе частку душы. Люблю дзяцей і хутка знаходжу да іх падыход, — прызнаецца Алёна Георгіеўна.
У дзяцінстве ёй падабалася гуляць з сяброўкамі ў школу, дзе яна заўсёды была настаўніцай. Калі надышоў час выбіраць прафесію, дзяўчына дакладна ведала, што стане педагогам. Пасля заканчэння базавай школы яна паступіла ў Пінскі педагагічны каледж імя А.С.Пушкіна. З дыпломам настаўніцы пачатковых класаў прыйшла ў санаторны яслі-сад № 12 Бабруйска. Падчас работы завочна вучылася на факультэце пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Пэўны час працавала ў Бабруйскай школе — каледжы мастацтваў.
— Маёй першай настаўніцай была Лілія Станіславаўна Агейка, вельмі таленавіты і высокапрафесійны педагог, якая цалкам аддавала сябе дзецям, — гаворыць А.Г.Капусціна. — Для сябе тады вырашыла, што, калі вырасту, абавязкова буду падобнай да яе. Менавіта дзякуючы Ліліі Станіславаўне я выбрала педагагічную прафесію.
З таго часу мінула шмат гадоў, а адносіны Алёны Георгіеўны да прафесіі не змяніліся. А.Г.Капусціна правяла сотні яркіх і цікавых урокаў, многія з якіх памятае дагэтуль. Але самым запамінальным стаў першы ўрок, праведзены яшчэ студэнткай.
З 2015 года Алёна Георгіеўна працуе ў Ганцавіцкім раённым цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці, дзе ўзначальвае аб’яднанне па інтарэсах “Падрыхтоўка да школы”.
— На рабоце мяне акружаюць добрыя, спагадлівыя і творчыя людзі, гатовыя заўсёды падтрымаць і дапамагчы, — адзначае А.Г.Капусціна. — Калі прыходжу на любімую работу, адразу забываю пра ўсе праблемы.
У школе ранняга развіцця займаюцца дзеці ва ўзросце ад 4 да 7 гадоў. У кожнага з іх свой характар і сваё бачанне свету, таму неабходна знайсці правільны падыход да ўсіх, зацікавіць іх. Алёна Георгіеўна паспяхова спраўляецца з гэтым.
— Безумоўна, працаваць са старэйшымі дзецьмі лягчэй, бо малышы няўседлівыя, ім хочацца пастаянна гуляць, — заўважае А.Г.Капусціна.
Дзеці ходзяць на заняткі педагога з вялікім задавальненнем. Алёна Георгіеўна ўмела спалучае навучанне з гульнёй. Яе заняткі не толькі надзвычай цікавыя і пазнавальныя, але і не падобныя паміж сабой.
— У рабоце прымяняю розныя метады і прыёмы навучання, — расказвае А.Г.Капусціна. — У асноўным мы гуляем, падарожнічаем. Вельмі часта праводжу заняткі ў форме гульні і казкі. Выкарыстоўваю шмат нагляднага і дыдактычнага матэрыялу, што дазваляе развіваць у дзяцей лагічнае і вобразнае мысленне. Адны лёгка засвойваюць веды (ім дастаткова паслухаць і запомніць), а другім даводзіцца тлумачыць некалькі разоў. Але заўсёды імкнуся зразумець і пахваліць кожнае дзіця.
Назіраю, як педагог нешта малюе на дошцы, а потым пачынае тлумачыць матэрыял. Дзеці, затаіўшы дыханне, уважліва слухаюць. Калі бачыш, з якім энтузіязмам, бляскам у вачах і радаснай усмешкай Алёна Георгіеўна праводзіць заняткі, разумееш, што яна сапраўдны прафесіянал. Быць педагогам — яе прызванне.
Яна заўсёды знаходзіць лепшае ў кожным вучню. Яна любіць бачыць шчаслівыя твары ўпэўненых у сваіх сілах хлопчыкаў і дзяўчынак, цікаўных і захопленых новымі ведамі. Яна знаходзіць час, каб падзякаваць дзецям за радасць зносін, павагу і магчымасць сказаць пра сябе: “Я шчаслівы педагог!”
Алёна Георгіеўна знаходзіцца толькі ў пачатку педагагічнага шляху. Галоўныя прафесійныя дасягненні яшчэ наперадзе. Але асабістыя ўзнагароды для яе не самае галоўнае ў рабоце. Самае важнае — поспехі выхаванцаў. Іх дасягненні — лепшы паказчык эфектыўнай работы педагога.
Святлана РАБЦЭВІЧ,
выхаванка аб’яднання па інтарэсах “Юны рэпарцёр”
Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці.
Фота Ангеліны ЗАНЬКО.