«Быць першымі абавязвае назва». Дырэктар школы № 1 Лагойска – пра праекты і дасягненні ўстановы адукацыі

- 16:10Образование

Зіма — гэта не толькі час свят і падарункаў, але і цудоўная магчымасць умацаваць здароўе школьнікаў, прапанаваць ім карысны адпачынак, чым паспяхова і займаюцца ў сярэдняй школе № 1 Лагойска. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

— Наша задача — каб дзеці свой вольны час праводзілі за заняткамі, якія не шкодзяць іх здароўю, як гэта робяць камп’ютар і іншыя гаджэты, а наадварот, умацоўваюць яго, — адзначае дырэктар установы адукацыі Марына Міклашэўская. — Для гэтага ў нас ёсць усе ўмовы.

Сапраўды, школа, якой, дарэчы, у гэтым годзе споўніцца 160 гадоў, знаходзіцца ў цудоўным месцы — на вялікім пагорку, адкуль відаць значную частку Лагойска. Горад складаецца з малых і вялікіх узвышшаў — дзеці могуць катацца на санках, лыжах, займацца якімі заўгодна зімовымі відамі спорту. Прычым як самастойна, так і з класам — на ўроках ці ў шосты школьны дзень.

— Стадыён створаны 2 гады назад, да гэтага тут была звычайная спартыўная пляцоўка. Зараз яна шматфункцыянальная, ёсць умовы для заняткаў амаль усімі асноўнымі відамі спорту, — праводзіць экскурсію Марына Генадзьеўна. — Стадыён палюбіўся не толькі школьнікам, але і іх бацькам, людзі прыходзяць сюды цэлымі сем’ямі. Дарэчы, тут абсталявана сучасная варкаўт-пляцоўка з новымі трэнажорамі. Ёсць пляцоўкі для валейбола, баскетбола, а таксама міні-футбола. Устаноўлена асвятленне, таму займацца можна і ўвечары. Кожную зіму мы арганізоўваем для школьнікаў лыжную трасу. Побач знахо­дзіцца прыгожы парк, дзе дзеці могуць катацца на каньках, лыжах. Інвентар у школе вучням прадастаўляецца бясплатна.

У школе працуюць клуб юных ратавальнікаў-пажарных “Адрэналін” і атрад юных інспектараў дарожнага руху.

Нават калі зімой адбываецца пацяпленне і снег сыходзіць, заняткі працягваюцца: школьнікі гуляюць у валейбол, міні-футбол. Галоўны прынцып — каб узімку дзеці як мага часцей былі на свежым паветры. Калі ж надвор’е дрэннае, яны самі імкнуцца ў спартзалу. У школы багатыя спартыўныя традыцыі, любоў да спорту вучням прывіваецца з малодшых класаў.

— Быць першымі імкнёмся па ўсіх кірунках — назва абавязвае. У нас вельмі вопытныя настаўнікі фізічнай культуры, — працягвае Марына Міклашэўская, — Уладзімір Фёдаравіч Семярня, Аляксандр Уладзіміравіч Зарэмба, а таксама наш малады спецыяліст Настасся Уладзіміраўна Губар. Яна вельмі ініцыятыўная, займаецца з дзецьмі дадаткова пасля заняткаў і ў шосты школьны дзень.

Установа адукацыі вельмі ганарыцца сваімі педагагічнымі кадрамі. Многія настаўнікі некалі самі вучыліся ў гэтых сценах.

— Адна з выпускніц, Аляксандра Шапяцюк, летась прыйшла да нас працаваць як малады спецыяліст. З залатым медалём скончыла школу, потым на выдатна вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, зараз выкладае беларускую мову і літаратуру. Яшчэ адна наша зорачка — настаўніца англійскай мовы Ганна Рудак, таксама выпускніца гэтай школы, — расказвае суразмоўніца.

Маладыя кадры, адзначае дырэктар, добра разумеюць дзяцей і падлеткаў, знаходзяцца з імі на адной хвалі, заўсёды мо­гуць выслухаць, дапамагчы. Таму неабходна абавязкова падключаць іх да выхаваўчай работы.

— Лагойск — горад адначасова і старажытны, і малады, — гаворыць Марына Генадзьеўна. — Малады таму, што яго насельніцтва маладзее: сюды пастаянна прыязджаюць сем’і з дзецьмі. У дзіцячых садах, школах штогод становіцца больш выхаванцаў — гэта станоўчая тэндэнцыя. Наша школа, напрыклад, працуе ў дзве змены, усе класы максімальна ўкамплектаваны.

Па суботах вучні, у тым ліку і дзяўчынкі, наведваюць абласны ваенна-патрыятычны клуб “Доблесць” — ён знаходзіцца на базе вайсковай часці 3310. Заняткі тут загартоўваюць будучых абаронцаў, выхоўваюць у іх пачуццё адказнасці.

Школьнае жыццё тут так насычана па­дзеямі, што здаецца, нібы працуе вечны рухавік. Асабліва гэта адчуваецца не ў будныя дні, а па суботах ці на канікулах. Дзеці ўвесь час нечым занятыя: працуюць гурткі, факультатывы, а спартыўная зала проста нарасхват. Асаблівая ўвага — дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Да кожнага падыход індывідуальны. Заняткаў на выбар шмат.

— Стараемся максімальна адцяг­нуць гэтых дзяцей ад вуліцы, прапанаваць ім тое, што зацікавіць, паправіць іх здароўе, прычым не толькі фізічнае, але і псіхалагічнае, — падкрэслівае Марына Міклашэўская. — З імі вядзецца індывідуальная прафілактычная работа. Лічу, менавіта спорт і фізічная праца найбольш спрыяюць іх выхаванню. Не прымушаем, але прапаноўваем ім папрацаваць на карысць школы, напрыклад, прыбраць снег. Дзеці аб’ектыўна мяняюцца да лепшага, і нам прыемна бачыць вынік нашых намаганняў. Стараемся ўсіх школьнікаў выхоўваць дастойнымі грамадзянамі краіны.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара