Быць сумленным і справядлівым заўсёды гатовы!

- 11:54Навіны рэгіёнаў

Амаль дзевяцітысячны атрад членаў Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Ленінскага раёна Гродна папоўніўся новымі членамі ў дзень нараджэння піянерскай арганізацыі. Урачыстасці прайшлі ва ўсіх школах і гімназіях раёна.

Ганаровым госцем урачыстасці з нагоды прыёму ў рады арганізацыі, якую правялі ў цэнтры творчасці “Спектр”, была ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны ветэран педагагічнай парцы В.П.Баранава. Валянціна Пятроўна павіншавала юных піянераў, расказала аб перадваенных гадах, калі яна сама была піянеркай, і пажадала дзецям з гонарам несці абавязак піянера — любіць сваю Радзіму, быць добрым, сумленным і справядлівым. Гэты абавязак піянеры пацвердзілі словамі клятвы.

Членамі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў гэты дзень сталі тыя навучэнцы, хто актыўна працаваў у піянерскай арганізацыі.

Піянерскі тыдзень прайшоў ва ўсіх навучальных установах Гродзенскай вобласці. У гімназіі № 5 Гродна арганізавалі рэкламную кампанію “Піянерыя — гэта наша сёння і заўтра”, тут працавала экспазіцыя “З гісторыі піянерскай арганізацыі”, праводзіліся пяціхвілінкі “Мая дружына”. Навучэнцы Кастрычніцкага раёна Гродна сталі ўдзельнікамі свята “З днём нараджэння, піянерыя”, якое адбылося ў гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі.

У Дзятлаўскім раёне прайшоў тэматычны тыдзень “Я грамадзянін краіны Піянерыі!”, які арганізаваў раённы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі правёў піянерскую флэш-акцыю. Як паведаміла дырэктар цэнтра Таццяна Шпакоўская, дзеці ўдзельнічалі ў віктарыне і калектыўна-творчай справе “Піянерская паштоўка пажаданняў”, паглядзелі відэафільм аб дзейнасці піянерскай арганізацыі раёна. У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 60 актывістаў з піянерскіх арганізацый школ горада. У Воранаўскай сярэдняй школе дзеці ўдзельнічалі ў гульні “Піянер-квест”, дзе ім трэба было паказаць веданне гісторыі свайго горада.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.