Быць у тэме

- 11:00Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Сёлета ўпершыню 11-­класнікі будуць здаваць цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ). Якія праблемы хвалююць у сувязі з гэтым выпускнікоў, бацькоў і педагагічную грамадскасць? Як псіхалагічна падрыхтавацца да новай формы іспытаў, каб прайсці іх з годнасцю? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае педагог-­псіхолаг сярэдняй школы № 26 Бабруйска Таццяна МАКАРАНКА.

Справіцца са стрэсам

— Самая галоўная праблема, якая хвалявала старшакласнікаў заўсёды, — гэта…

— Гэта праблема прафесійнага станаўлення, прафесійнага і асобаснага самавызначэння. І яна пачынае хваляваць дзяцей ужо з 9 класа. Менавіта ў гэты перыяд падлеткі сур’ёзна задумваюцца, куды пайсці вучыцца. Нядаўна нашы навучэнцы прайшлі агульнае прафесійнае тэсціраванне на анлайн-платформе прафарыентацыйнай падтрымкі “ПрофіТэст”, распрацаванай РІПА. Ідэя такога тэсціравання проста выдатная, я была ад яе ў захапленні. Мы, псіхолагі, у апошні час білі трывогу, бо неабходна было выканаць якасную дыягностыку прафесійнага самавызначэння падлеткаў і адразу ж правесці кансультаванне па выніках дыягностыкі. Прафесійнае тэсціраванне было неабходна, таму ў нашай школе тэсціраванне ад РІПА прайшлі ўсе дзеці з 7 па 11 клас. Для вучняў 10—11 класаў гэта было добрай нагодай праверыць свой выбар прафесіі, раптам ён недасканалы. Дзевяцікласнікі выдатна ўспрынялі тэсціраванне, а вось вучні 7—8 класаў выконвалі яго часам без энтузіязму, некаторыя пытанні тэста выклікалі ў іх цяжкасці. Мне хацелася нават звярнуцца ў РІПА, папрасіць, каб спасылку пакінулі актуальнай і далей, бо прафесійнае тэсціраванне — гэта гатовы інструментарый псіхолага.

— Ці бачыце вы трывож­насць у дзецях і іх бацьках у сувязі з увядзеннем цэнтралізаванага экзамену?

— Безумоўна, у іх стрэс ужо са снежня 2022 года, калі ў дзяцей прайшоў першы рэпетыцыйны цэнтралізаваны экзамен. Складанасць сітуацыі ў тым, што дзеці былі вымушаны імгненна пры­няць рашэнне. Яны ўнутрана ведалі, што такі экзамен будзе, але ён будзе ў канцы навучальнага года. І тут раптам рэпетыцыйны экзамен. Яго вынікі выклікалі дадатковы стрэс у дзяцей. Па-першае, убачылі свае недапрацоўкі настаўнікі. Па-другое, дзеці зразумелі, што ім неабходна шмат працаваць, некаторыя з іх нават змянілі меркаванне наконт выбару экзамену, бо ўсвядомілі, што па пэўным прадмеце іх узровень ведаў недастатковы для выдатнай адзнакі, што за перыяд да ЦЭ не змогуць па выбраным прадмеце стаць лідарамі. З гэтым педагогі-псіхолагі пачалі працаваць ужо ў снежні, зараз працягваем гэтую работу і крыху пазней пачнём працаваць на псіхалагічную падрыхтоўку да цэнтралізаванага экзамену.

Важна памятаць аб прафілактыцы трывожнасці, аб фарміраванні пазітыўна арыентаванай асобы навучэнцаў, каб у дзяцей не было стрэсу з самымі цяжкімі наступствамі.

— З якімі праблемамі, на ваш погляд, сутыкнуцца навучэнцы падчас здачы цэнтралізаваных экзаменаў?

— Складанасць для дзяцей у тым, што тэрміны здачы экзаменаў у 11 класе змясціліся амаль на месяц. 14 і 21 мая — выхадныя дні, нядзеля. Дзеці, адпрацаваўшы поўны рабочы тыдзень 6 дзён, будуць працаваць і ў ня­дзелю. Прычым у гэты дзень з-за інтэнсіўнасці работы на экзамене яны другую палову дня будуць спаць, і яшчэ яны павінны адпа­чыць 3 дні, каб цалкам аднавіць свае сілы. А ў панядзелак у школу… Я таксама разумею, што, здаўшы беларускую ці рускую мову 14 мая, дзеці з 15 мая да канца навучальнага года на ўроках рускай і беларускай мовы напружвацца ўжо не будуць. А навошта? Экзамен здадзены, нават паўтарэннем займацца немэтазгодна, бо ЦТ ужо не бу­дзе. Таму ёсць пытанне з выбарам даты экзамену. Магчыма, праз некаторы час нешта зменіцца ў гэтым плане. З экзаменам 21 мая прасцей, бо да канца навучальнага года застаецца пару дзён.

Думаю, што ўзнікнуць пытанні з запланаваным унутраным экзаменам для абітурыентаў, якія будуць паступаць ва УВА па мэтавым накіраванні. Ёсць паўгода, каб падрыхтавацца да яго, але я адчуваю, што тут будзе шмат псіхалагічных праблем. І першая з прычын гэтых праблем у тым, што нашы дзеці развучыліся гаварыць, выказваць свае думкі, разважаць. У апошнія гады вялікая ўвага была ўдзелена тэстам. Сучасныя дзеці не ўмеюць сачы­няць, бо ў іх гатовыя вобразы з нараджэння. Нядаўні прыклад: мама ў тралейбусе “ся­дзіць” у ТікТок, пакуль двое яе малых дзетак — кожнае ў сваім смартфоне — таксама глядзяць відэа. Гэтая мама не аналізуе са сваімі дзеткамі транспарт, птушак, надвор’е, не расказвае ім вершы і казкі — яна аналізуе ТікТок. І дзеці не здольныя расказваць. Я больш скажу: некаторыя псіхалагічныя тэсты зараз немагчыма выканаць. Напрыклад, тэст “Неіснуючая жывёла”, у якім неабходна было ўя­віць і апісаць жывёлу, якая не існуе, поўнасцю страціў актуальнасць, бо ў нас у большасці сучасных серыялаў і фільмаў толькі неіснуючыя жывёлы, пачвары, монстры і паказаны.

Я хацеў бы прачнуцца ў сярэдзіне лета…

— Як вы бачыце сваю работу як педагога-псіхолага ў плане падрыхтоўкі дзяцей да цэнтралізаванага экзамену?

— Як я гаварыла раней, гэтая работа ўжо ў нас пачалася. Па вялікім рахунку, яна пачынаецца ў 9 класе, калі дзеці выбіраюць вучэбны профіль. Дзевяцікласнікам я гавару, што яны ўжо зараз павінны вызначыць, чым будуць займацца, што ім патрэбна ад жыцця далей, якія прадметы і факультатывы яны хо­чуць вывучаць больш паглыблена. З 11-класнікамі ж мы пачынаем з элементарных рэчаў: псіхалагічнай гігіены рэжыму дня, харчавання, уладкавання месца для падрыхтоўкі да экзамену. Гэта ніколі не састарэе, таму што ў сённяшніх бацькоў школу заканчвае наступнае ці адзінае дзіця, і з таго, што бацькі перажывалі самі ў 17-гадовым узросце, шмат што змянілася, бо жыццё ідзе наперад. Я гавару бацькам, што ніхто з нас не адкрывае Амерыку і не плануе яе адкрыць, а вось асвяжыць у памяці элементарныя веды надзвычай карысна ў такі складаны для іх дзяцей перыяд.

Сучасныя дзеці вельмі смелыя і разумныя, яны проста малайцы. Я ім часта гавару: “Верце ў сябе, верце ў тое, што ўсё атрымаецца. Вы дзеці сваіх бацькоў — людзей, якія ўжо дасягнулі многага ў жыцці. Таму прасіце парады ў іх, яны ваша галоўная падтрымка”.

У снежні пасля рэпетыцыйнага ЦЭ ў нас узнікла праблема з карэкцыяй трывожнасці дзяцей, і мы працягваем з ёй праца­ваць. Тут два моманты. Па-першае, мы зноў праводзім дыягностыку ўзроўню трывожнасці падлеткаў. Абавязкова сустракаемся з усім класам і прыкладна на 3 занятках дзеці вызначаюць свае адносіны да ЦЭ і ЦТ. Дзеці вызначаюць для сябе, што яны думаюць пра выпрабаванні і што ЦЭ і ЦТ значаць для канкрэтнага дзіцяці. Часта сустракаюцца адказы тыпу “Я хацеў бы прачнуцца ў сярэдзіне лета, калі ўсё ўжо будзе пройдзена”. Аднак дзеці разумеюць, што не могуць пазбегнуць будучых выпрабаваняў, яны павінны пра­жыць гэты працэс і ўсвядоміць, навошта ён ім.

— І навошта дзецям гэтыя выпрабаванні? Па іх меркаваннях?

—  Дзеці адказваюць, што экзамены — гэта магчымасць зразумець сябе і, можа, нават даказаць, на што ты здольны. Некаторыя дзеці гавораць, што экзамен — магчымасць даказаць сабе і сваім бацькам, што яны чагосьці варты. Бывае і такое, што бацькі гавораць свайму дзіцяці, што з яго нічога путнага не атрымаецца ў жыцці, і экзамен — гэта спроба паказаць бацькам, як яны памыляюцца. Бо калі я не дакажу гэта бацькам, што я сам для сябе значу? “Я павінен адбыцца”, “я да гэтага даўно ішоў” — варыянты розныя. Сучасныя дзеці вельмі смелыя і разумныя, яны проста малайцы. Я ім часта гавару: “Верце ў сябе, верце ў тое, што ўсё атрымаецца. Вы дзеці сваіх бацькоў — людзей, якія ўжо дасягнулі многага ў жыцці. Таму прасіце парады ў іх, яны ваша галоўная падтрымка”.

Па-другое, пасля таго як дзеці вызначылі свае адносіны да экзамену і сваё месца на ім, пачынаем працаваць над тым, як годна прайсці гэтыя выпрабаванні. Успамінаем пра 3 асноўныя моманты: матывацыю, веды і эмацыянальныя адносіны. Кожнае дзіця прыходзіць да думкі, што немагчыма імгненна змя­ніць матывацыю, аднак можна ў ёй штосьці скарэкціраваць. Гэтаксама немагчыма кардынальна змяніць свае веды ў перыяд, які застаўся да здачы цэнтралізаванага экзамену, але можна іх скарэкціраваць. А вось эмацыянальныя адносіны да ЦЭ дзіця змяніць можа, таму з кожным з іх мы распрацоўваем адпаведную стратэгію. І, згодна з гэтай стратэгіяй, будзем праца­ваць да экзамену.

— Ці ёсць у гэтай стратэгіі для вас нешта нечаканае? Чым вучань можа вас здзі­віць?

— Школа — гэта вельмі цікавы арганізм, які мяняецца з навакольным светам. І калі ты ўнутры гэтага школьнага арганізма, ты мяняешся таксама. Кожны педагог, пакуль не гляне ў люстэрка, здаецца сабе надзвычай маладым чалавекам, бо мы пастаянна знаходзімся ў мала­дзёжным асяроддзі. Я ў курсе падлеткавага слэнгу, новых моўных канструкцый, папулярнай музыкі, камп’ютарных гульняў. І гэта нармальна, бо калі я буду ад гэтага ўсяго закрывацца, я застануся быццам за зачыненымі дзвярыма. Тое, што трыво­жыць і палохае дзяцей, мы адчуваем і аказваемся, як гаворыцца, у тэме з дзецьмі.

Здзіўляць і здзіўляцца

— Значыць, вас здзівіць немагчыма?

— Безумоўна, мяне здзівіць можна, але псіхолаг здзіўляецца разам з дзецьмі, і мы разам разбіраемся ў новай з’яве. З іншага боку, псіхолаг павінен быць псіхалагічна гатовы да новых выклікаў і праблем. Напрыклад, у гэтым годзе асабіста для мяне як для спецыяліста вялікім і нечаканым ударам стала тое, што многія настаўнікі ўспрынялі вынікі рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену як асабістую паразу. Таму для мяне ўзнікае ў гэтай сувязі яшчэ адзін напрамак карэкцыйнай работы — работа з педагогамі. Многія з іх самі не спраўляюцца з узроўнем маральнай адказнасці за вынік вучня на экзамене. Педагогі надзвычай хваравіта ўспрымаюць недастаткова высокі вынік дзіцяці. Таму ім я раю: “Памятайце, што вы носьбіты ведаў, што вы даяце дзецям узор успрымання свету. Любіце кожнага вучня. Знайдзіце ў кожным з вучняў, за што яго можна любіць, і любіце”. 

— Вы ўзначальваеце гарадскую школу маладога педагога-псіхолага. Як дапамагаеце маладым калегам у складаны перыяд?

— Маладыя спецыялісты — унікальныя людзі. Яны шмат хочуць і могуць, яны напоўнены свежымі ведамі. Лічу іх надзвычай моцным стымулам у сістэме адукацыі і раблю ўсё, каб яны заставаліся працаваць у нашай сістэме. На пасяджэннях метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў мы прагаворваем складаныя моманты ў іх рабоце. На студзеньскім пасяджэнні прагаварылі, што зараз важна перанесці дыягностыку ўзроўню трывожнасці з мэтай фарміравання груп карэкцыі ў 11-х класах не пазней чым на канец лютага, каб у сакавіку давесці гэтую работу да лагічнага канца і мець магчымасць на вясенніх канікулах праводзіць рэальную работу з класам, з бацькамі. Важна памятаць аб прафілактыцы трывожнасці, аб фарміраванні пазітыўна арыентаванай асобы навучэнцаў, каб у дзяцей не было стрэсу з самымі цяжкімі наступствамі. Мы з бацькамі толькі пра гэта і гаворым: “Будзьце сябрамі сваім дзецям, а свае амбіцыі пакладзіце ў кішэню і зашпіліце на маланку. Будзьце заўсёды побач са сваім дзіцем, але не імкніцеся рабіць выбар за яго. Вы не пражывяце яго жыццё, проста падтрымлівайце дзіця ў яго выбары. Прапануйце сыну ці дачцэ ўласны вопыт пражывання крызіснай сітуацыі. Сямейныя традыцыі — базіс для дзіцяці”.

Думаю, што сёлета ў мяне будзе запыт на індывідуальную работу з 11-класнікамі пасля 3 групавых заняткаў з усім класам. У мінулыя гады мы справіліся з трывожнасцю на групавых занятках, патрэбы ў індывідуальнай рабоце з дзецьмі не было. Самае галоўнае для нас усіх — захаваць здароўе дзіцяці, каб яно з гэтай уступнай кампаніі выйшла з разгорнутымі крыламі.


Таццяна Макаранка ў педагагічнай прафесіі з 1987 года. Па першай адукацыі яна настаўніца пачатковых класаў, скончыла Брэсцкі педагагічны інстытут (цяпер БрДУ імя А.С.Пушкіна). Па другой адукацыі — практычны псіхолаг, завочна скончыла Санкт-Пецярбургскую акадэмію дзяржаўнай службы. Псіхолагам працуе з 1998 года, мае першую кваліфікацыйную катэгорыю.

Як атрымалася, што настаўніца пачатковых класаў вырашыла атрымаць спецыяльнасць практычнага псіхолага? 

“Псіхалогія мне падабалася заўсёды, — расказвае Таццяна Уладзіміраўна. — Яшчэ студэнткай педінстытута я ўдзельнічала ў конкурсе, у якім старшынёй журы быў доктар псіхалагічных навук прафесар Якаў Львовіч Каламінскі. Знакаміты педагог-псіхолаг і “заразіў” мяне гэтай прафесіяй. І калі ў краіне пачала стварацца псіхалагічная служба, мне прапанавалі паспрабаваць сябе ў новай прафесіі. Мне пашанцавала, што ў школе маёй папярэдніцай працавала высокакваліфікаваны спецыяліст Антаніна Мікалаеўна Юневіч — адна з першых айчынных псіхолагаў-практыкаў.

Я вельмі ўдзячна сваёй школе, у якой працую звыш 30 гадоў. Я працую ў няпростым, але надзвычай творчым педагагічным калектыве. Дырэктар установы Алена Сяргееўна Тамковiч зараджае нас усiх энергiяй і натхняе на новыя дасягненнi. Мае калегі ўмеюць зацікавіць дзяцей сваімі ведамі і прафесіяй. У нас шмат людзей, якія працуюць у школе даўно: Марына Восіпаўна Міхаловіч, Юлія Леа­нідаўна Турцэвіч, Таццяна Віктараўна Нішт, Ала Мікалаеўна Ашурка, Святлана Міхайлаўна Гормаш — магу назваць многіх педагогаў, якія працуюць даўно, паспяхова і даюць выдатны вынік”. 

Наталля КАСТЭНКА