Бывай і да пабачэння, турзлёт!

- 10:53Спартыўныя падзеі

Лепшымі па выніках спаборніцтваў і конкурсаў ХІІ турыстычнага злёту навучэнцаў Саюзнай дзяржавы прызнаны каманды Брэсцкай вобласці і Рэспублікі Марый Эл Расійскай Федэрацыі.

Сем дзён, што ўмясцілі багатую мерапрыемствамі, падзеямі, сустрэчамі праграму злёту, праляцелі як адзін. Турыстычныя дыстанцыі, схілы яроў, імправізаваныя спартыўныя і канцэртныя пляцоўкі на беразе велічнага Дняпра ператварыліся на гэты час у месца спаборніцтваў і спартыўных баталій, творчых конкурсаў, канцэртаў і дыскатэк. Удзельнікі злёту атрымалі ўнікальную магчымасць наведаць музеі і памятныя мясціны Аршаншчыны, пазнаёміцца з гісторыяй і культурай Прыдзвінскага краю, набылі новых сяброў, незабыўныя ўражанні і моцны зарад пазітыву.

У мінулую суботу на паляне каля вёскі Зорная, дзе размясціўся палатачны лагер, надышоў зорны час для пераможцаў. Прыемна, што ў іх склад увайшлі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў і сталіцы нашай рэспублікі. Найбольш часта фанфары пры ўзнагароджанні гучалі ў гонар каманд Брэсцкай вобласці і Рэспублікі Марый Эл, якія па агульным заліку сталі ўладальнікамі найвышэйшых узнагарод — спецыяльных прызоў і дыпломаў Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. У скарбонцы перамог беларусаў — перамогі ў турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы веласіпеднага турызму сярод юнакоў (Валерый Савіцкі, Віцебская вобласць) і сярод дзяўчат (Алеся Дубовік, Брэсцкая вобласць), конкурсе краязнаўцаў (каманда Магілёўскай вобласці), спартыўным арыентаванні сярод юнакоў (Аляксей Яўташук, Брэсцкая вобласць), турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму на каманднай кароткай дыстанцыі (каманда Віцебскай вобласці). Нашы землякі ўвайшлі ў лік лепшых у спаборніцтвах па жумарынгу, конкурсе “Турысцкія навыкі” (у намінацыі “Лепшая турысцкая стаянка” адзначана каманда Брэсцкай, а ў намінацыі “Чысціня — залог здароўя” каманды Мінскай і Гомельскай абласцей), спартыўным арыентаванні сярод дзяўчат (Яна Волкава і Марыяна Рабцава, Мінск), спартыўным арыентаванні ў камандным заліку (каманды Мінскай і Брэсцкай абласцей), турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму (на кароткай асабістай дыстанцыі ў асабіста-камандным заліку ў тройку лідараў увайшла каманда Віцебскай вобласці, у асабістым заліку сярод юнакоў 2-е месца — у Данілы Рамчанкі з Віцебскай вобласці, на каманднай доўгай дыстанцыі 2-е і 3-е месцы ўзялі турысты з Брэсцкай і Віцебскай абласцей адпаведна). Дарэчы, той жа расклад — 2-е і 3-е месцы, саступаючы толькі камандзе з Рэспублікі Марый Эл, — паўтарыўся і ў спаборніцтвах па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў форме трохбор’я. У конкурсе турыстычных газет “Будні злёту” прадстаўнікі нашай краіны ўвогуле не мелі роўных: дыпломамі І ступені адзначаны каманды Брэсцкай і Гомельскай абласцей, ІІ ступені — Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей. І толькі апошняе месца ў тройцы лідараў змаглі адваяваць расіяне — каманды Іванаўскай вобласці і Рэспублікі Марый Эл.

Крыху іншая, але таксама паказальная карціна склалася па выніках конкурсу прадстаўлення каманд. Дыпломы І ступені тут атрымалі каманды Ніжагародскай і Пскоўскай абласцей. Затое астатнія ступені п’едэстала літаральна акупіравалі беларусы: 2-е месца — у каманд Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай, а 3-е — Мінскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцей.

Да перамогі імкнуліся ўсе каманды. Тым не менш конкурсы і спаборніцтвы на злёце не ўспрымаліся як самае галоўнае. Яны былі формай, а зместам — цікавыя знаёмствы, кантакты з равеснікамі, шчырае сяброўства.

— Ёсць рэчы, якія нельга пралічыць на калькулятары ці набыць за грошы, — звяртаючыся да ўдзельнікаў на ўрачыстай цырымоніі закрыцця злёту, падкрэсліў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Марзалюк. — Думаю, што гэта самае важнае, калі маладыя людзі сядзяць ля вогнішча побач, размаўляюць, абменьваюцца думкамі і ўражаннямі, спяваюць песні — і ім проста добра разам. Найважнейшае і найкаштоўнейшае для нас — нармальныя чалавечыя адносіны, салідарнасць на ўзроўні народаў, культур і дзяржаў.

У завяршэнне адбылася сімвалічная перадача эстафеты злёту. Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Ануфровіч уручыла яе расійскаму калегу дырэктару Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Сяргею Лачану. Наступны, ХІІІ турыстычны злёт навучэцаў Саюзнай дзяржавы пройдзе ў Каўрове Уладзімірскай вобласці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.