Бывай, школа!

- 10:08Актуально, Апошнія запісы

Вось і прыціхлі школьныя званкі, ніхто ўжо не хвалюецца, адказваючы ля дошкі, апусцелі калідоры… Для большасці школьнікаў такі перапынак — на тры месяцы, а для амаль 58 тысяч адзінаццацікласнікаў школьныя будні застануцца ў мінулым. У Беларусі ўчора пачаліся і працягнуцца сёння выпускныя вечары.

Большасць выпускных баляў праходзяць на базе ўстаноў адукацыі, але некаторыя выйшлі за іх межы. Так, у Мінскай вобласці шмат святочных мерапрыемстваў прайшло ўчора ў гарадскіх парках і на плошчах.

У кожным раёне ў святочнай атмасферы прайшла цырымонія ўручэння выпускнікам залатых і сярэбраных медалёў, ушанаваннне юнакоў і дзяўчат, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у інтэлектуальнай, творчай, спартыўнай, грамадскай дзейнасці. Так, у Маладзечне ўзнагароды за свае перамогі выпускнікі атрымалі ў парку Перамогі. Працягнулася свята канцэртам ад беларускіх выканаўцаў, а завяршылася святочным салютам.

Выпускнікі Клецка пасля ўрачыстых вечароў ва ўстановах адукацыі адправіліся на плошчу Маякоўскага, дзе іх чакала забаўляльная праграма “Клецкія танцавальныя ночы School by” і святочны канцэрт. Як сімвал развітання са школьнымі гадамі, юнакі і дзяўчаты асвятлілі неба геліевымі паветранымі шарамі.

У Вілейцы ўрачыстыя мерапрыемствы пачаліся з шэсця выпускнікоў па цэнтры горада ў суправаджэнні духавога аркестра. Лепшыя ў вучобе выпускнікі атрымалі залатыя і сярэбраныя медалі, а іх бацькі — падзячныя лісты. Шэсцем выпускнікоў пачаў свята і Салігорск. Настрою дадалі выступленні харэаграфічных і вакальных калектываў устаноў адукацыі. Завяршыў мерапрыемства калектыўны флэш-моб, падчас якога выпускнікі выбудаваліся ў яркую вясёлку і адправілі ў неба рознакаляровыя шары.

У Жодзіне адбыўся грандыёзны школьны баль на гарадской плошчы, дзе апошні ў статусе школьнікаў вальс танцавалі выпускнікі ўсіх школ і гімназій горада.

Мноства запамінальных мерапрыемстваў было праведзена для выпускнікоў Мінскага раёна. Так, у бараўлянскай сярэдняй школе № 2 шосты раз прайшоў раённы выпускны баль “Пад пунсовым ветразем мары”. Ён сабраў каля 250 удзельнікаў — медалістаў усіх школ раёна, лепшых у спорце, вучобе і творчасці, іх педагогаў і бацькоў. Сярод юнакоў і дзяўчат былі вызначаны пераможцы ў розных намінацыях, а званне раённага конкурсу “Выпускнік-2017” атрымала Паліна Карніцкая з Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы. У гонар удзельнікаў свята быў закладзены памятны знак каля школы, прайшоў спектакль “Падарожжа ў Ізумрудны горад”, забаўляльная праграма, салодкі стол і загарэліся свечкі як сімвал зорак, якія абя-цаюць выпускнікам яркую будучыню. Фіналам свята сталі выпушчаныя ў неба галубы і паветраныя шары.

Хочацца павіншаваць усіх выпускнікоў-2017 і пажадаць ім здзяйснення самых смелых мар і надзей! У добры шлях, выпускнікі!

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.